Сельхозработ в поле стало меньше. Время подготовки техники к новой посевной

Важное Сельское хозяйство

Фота з адкрытых крыніц

Да вясны яшчэ далёка?

Сельскагаспадарчае напружанне ў полі спала, і цяпер асноўны клопат механізатараў — падрыхтоўка тэхнікі да веснавых работ.

— Райвыканкамам пастаўлена задача да 1 сакавіка завяршыць рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, якая вясной першай уключыцца ў работу, да 1 кра­савіка — кормаўборачнай, да 1 чэрвеня — зернеўборачнай, — расказваў намеснік начальніка аддзела сельгасвытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Мурза. — Вядома, што ход палявых работ у вялікай ступені залежыць ад стану машынна-трактарнага парка. Таму пастаноўцы тэхнікі на лінейку гатоўнасці ўжо цяпер павінна ўдзяляцца самая пільная ўвага. Папярэдне інжынерныя службы выяўлялі няспраўнасці, вызначалі, колькі і якіх запчастак трэба набыць, што магчыма вытачыць на месцы, колькі часу спатрэбіцца на замену агрэгатаў, бягучы і капітальны рамонты.

— Што ўяўляе сабой машынна-трактарны парк раёна?
— У наяўнасці — 416 трактароў, 33 кормаўборачныя і 87 зернеўборачных камбайнаў, 40 раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных удабрэнняў і 43 машыны для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, каля 40 апырсквальнікаў, больш за 40 прэс-падборшчыкаў сена і саломы, 70 касілак, каля 40 грабляў, 60 дыскавых барон і дыскатараў, 70 культыватараў, 46 камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў, 22 сеялкі. У многіх гаспадарках тэхніка зношаная. Але ў асобных намаганнямі кіраўнікоў, інжынераў і саміх механізатараў падтрымліваецца ў нармальным стане.

— А новая купляецца?
— У бягучым годзе набылі 18 трактароў, 3 зерне­ўборачныя камбайны, 1 кор­манарыхтоўчы, 4 дыскатары, 8 прэс-падборшчыкаў, 6 ільнокамбайнаў. Абнавілі парк у асноўным ААТ «Камайскі-агра» і «Пастаўскі льнозавод», некаторыя ін­шыя гаспадаркі.

— У рэйды цяпер выязджаеце?
— Вядома. Бываючы ў гаспадарках, звяртаем увагу на парадак у мехмайстэрнях, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый, умовы для работы механізатараў. Не ўсе да гэтага адносяцца адказна. Здараецца, што тэхніку на захоўванне ставяць з парушэннем норм і стандартаў. Можна ўбачыць разукамплектаваныя сеялкі, трактары, камбайны. Чаму так? Бо некаторыя з іх выкарыстоўваліся як донары: ламаецца тэхніка, а купіць запчасткі няма за што, работа ў полі чакаць не будзе. І дэталь здымаюць з іншага агрэгата. Пазней прывесці ў парадак такія машыны складана. Не ўсюды створаны належныя ўмовы для работы рамонтнікаў.

— Але ёсць, напэўна, і станоўчыя прыклады?
— Там, дзе талковыя галоўныя інжынеры, і работа на ўзроўні. Варта адзначыць маладых, але ініцыятыўных і адказных Яўгенія Вішнеўскага, Валерыя Курто з ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Хацілы-агра». Яны ўмеюць арганізаваць работу машынна-трактарнага парка, ніколі не адкладваюць рамонт у доўгую скрыню. На жаль, праблема з інжынернымі кадрамі існуе. У многіх гаспадарках гэтыя спецыялісты ўвогуле адсутнічаюць. А кіраўніку ахапіць усе сферы складана. Таму рамонт тэхнікі зацягваецца. На тэмпах адбіваюцца як неразваротлівасць кіраўнікоў і інжынераў, так і адсутнасць фінансаў на набыццё запчастак. А дні бягуць, не паспеем ­азірнуцца, як трэба будзе выводзіць тэхніку ў поле. Таму варта прыняць усе меры да таго, каб яна была гатовай да работы.

Гутарыла Анна АНШКЕВІЧ



Tagged