Слушать и слышать. Выездной личный прием граждан и юридических лиц провёл заведующий приема Администрации Президента Игорь Ломоносов

Главное Местная власть

Важна слухаць і чуць адно аднаго

29 лістапада выязны асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб у райвыканкаме правёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб — загадчык прыёму Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Ламаносаў.

Са сваімі праблемамі да Ігара Андрэевіча прыйшлі 10 чалавек. Адны прасілі не закрываць аддзяленне Беларусбанка ў 5 гарадку. Другія скардзіліся на шум у кватэры ад абсталявання кабельнага тэлебачання ІП Жыдковіч, дзеянні суседа пры рамонце гаража ў гаражным кааператыве «Кола» і на тое, як вырашана пытанне аб працаўладкаванні. Трэція не згаджаліся з рашэннем адміністрацыйнай камісіі па ўтрыманні сумы назначанага штрафу, з немагчымасцю займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Былі таксама пытанні, звязаныя з назначэннем пенсіі, паляпшэннем жыллёвых умоў. Кожнага наведвальніка прадстаўнік органа дзяржаўнага кіравання краіны ўважліва выслухоўваў і стараўся дапамагчы. Таму замест адведзеных трох гадзін прыём доўжыўся амаль чатыры. А пасля яго заканчэння, нягледзячы на стомленасць, І. А. Ламаносаў згадзіўся адказаць на пытанні журналістаў раённай газеты і мясцовага тэлебачання, якіх найперш цікавіла, што даюць такія сустрэчы з насельніцтвам.

— Выязныя прыёмы кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта праводзяцца на планавай аснове з перыядычнасцю адзін раз у квартал і з’яўляюцца састаўной часткай сістэмы работы са зваротамі грамадзян, — адзначыў Ігар Андрэевіч. — У Рэспубліцы Беларусь яна сфарміравана і замацавана заканадаўча. Мэта прыёмаў — у першую чаргу наблізіцца да людзей, якія пражываюць у аддаленых рэгіёнах і якім дастаткова складана дабрацца да Адмі­ністрацыі кіраўніка дзяржавы і на месцы па меры магчымасцей на падставах, прадугледжаных заканадаўствам, максімальна хутка і эфектыўна вырашыць пастаўленыя людзьмі пытанні. Наступны аспект — гэта ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, пэўны кантроль за тым, як яны ажыццяўляюць работу са зваротамі грамадзян: як яна арганізавана, і наколькі задаволена ёю насельніцтва. Паколькі выезды ажыццяўляюцца ва ўсе рэгіёны краіны, таксама ставіцца задача вылучыць праблемы, характэрныя для большасці з іх, каб потым унесці карэктывы ў правядзенне эканамічнай палітыкі, далажыць кіраўніцтву краіны, праінфармаваць Прэзідэнта і прыняць адпаведныя меры. Акрамя таго, важна зверыць напрамкі, што выпрацоўваюцца на ўзроўні рэспубліканскіх органаў улады і Адміністрацыі, з тымі рэаліямі, у якіх жыве насельніцтва і працуе мясцовая ўлада. Часта на месцах з’яўляюцца вельмі эфектыўныя формы работы, і каб распаўсюдзіць іх на іншыя рэгі­ёны, карысна слухаць і простых лю­дзей, і прадстаўнікоў мясцовых органаў улады.

Аналізуючы прыём у Паставах, Ігар Ламаносаў закрануў праблему ўзаемнай адказнасці грамадзян і дзяржавы.

— У любой дзяржавы ёсць абавязацельствы перад насельніцтвам, якія неабходна выконваць, — гаварыў ён. — Але і ў людзей яны таксама ёсць — перад дзяржавай, грамадствам, сям’ёй. І гэта трэба разумець. Нельга ўмешваць дзяржаўныя органы ўлады ва ўсе пытанні, у тым ліку міжасобасных, сямейных адносін, і патрабаваць прымаць у гэтым «гарачы» ўдзел. Шэраг пытанняў грамадзяне павінны вырашаць самі. Будуць узаемапаважлівыя адносіны паміж адобвума бакамі, жаданне слухаць і чуць адно аднаго — будзе больш рашэнняў, якія задавальнялі б людзей.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged