«Служу Республике Беларусь!» 28 девятиклассников СШ №4 дали клятву юного пограничника

Важное Образование Общество

Палкоўнік Максім Бутранец уручае пасведчанне юнага паграніч­ніка Мікіту Нусіну

Далі клятву юнага пагранічніка

У верасні бягучага года ў СШ №4 пачаў дзейнічаць яшчэ адзін, другі па ліку, ваенна-патрыятычны клас. Ён сфарміраваны з 28 дзевяцікласнікаў, якія мараць у будучым звязаць сваё жыццё з пагранічнай службай. А на мінулым тыдні адбылося іх урачыстае пасвячэнне ў юныя пагранічнікі.

Раздзяліць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі радасць падзеі прыйшлі ганаровыя госці, бацькі, настаўнікі, школьнікі. Гледачоў сабралася так шмат, што ў актавай зале не было дзе яблыку ўпасці.

— Упэўнены, што вы станеце годнымі пераймальнікамі сваіх папярэднікаў, — звярнуўся да прадстаўнікоў профільнага класа дырэктар навучальнай установы Вячаслаў Пякарскі. — Першы ваенна-патрыятычны клас адкрыўся ў нашай школе ў 2015 годзе. Раўненне на яго трымаюць і астатнія навучэнцы. Так, за тры гады шэрагі курсантаў ваенных факультэтаў ВНУ папоўнілі 15 нашых выпускнікоў. Гэта лічба гаворыць сама за сябе.

Таксама Вячаслаў Часлававіч зачытаў віншавальны ліст ад начальніка Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Сяргея Жылінскага, афіцэрскага сходу, прафесарска-выкладчыцкага складу і курсантаў гэтай установы.

Пачалася святочная праграма з творчага падарунка ад навучэнцаў малодшых класаў, якія на працягу мерапрыемства яшчэ неаднойчы радавалі прысутных песеннымі, вершаванымі і тан­цавальнымі нумарамі (на здымку). Паднеслі яго і прадстаўнікі 11-га класа (таксама ваенна-патрыятычнага), якія разыгралі жартоўную сцэнку з жыцця навабранцаў. А вось пра тое, як пабудавана ваенна-патрыятычнае выхаванне ў выпускным класе, з дапамогай праектара трымала фотасправаздачу адзінаццаці­класніца Вікторыя Смятанка. Гэта і разнастайныя экскурсіі з мэтай усебаковага знаёмства з буднямі пагранічнікаў, і ўдзел у мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах патрыятычнага кірунку, дабрачыннасць. Такое ж актыўнае, насычанае пазашкольнае жыц­­цё чакае і іх паслядоўнікаў.

Ну а пакуль ад кіраўніка абодвух ваенна-патрыятычных класаў Сяргея Машкова гучыць каманда: «Школа, увага! Раўненне на герояў свята!», і апранутыя ў ваенную форму дзевяцікласнікі страявым крокам падымаюцца на сцэну, становяцца ў строй і хорам гучна вымаўляюць словы клятвы. А потым па адным, чаканячы крок, падыходзяць для атрымання пасведчання юнага пагранічніка да камандзіра Смаргонскай пагранічнай групы палкоўніка Максіма Бутранца і рапартуюць: «Служу Рэспубліцы Беларусь!»

— Надзвычай прыемна бачыць бляск у вашых вачах, чуць звонкія ноты ў голасе пры вымаўленні клятвы. Спадзяюся, што з гэтакім жа задавальненнем і энтузіязмам вы будзеце спасцігаць пагранічную навуку, а наша сумеснае падарожжа ў гэту краіну ведаў стане незабыўным і цікавым. Асобнае дзякуй бацькам, якія аказалі нам давер, аддаючы сваіх дзяцей у ваенна-патрыятычны клас, — гаварыў М. Бутранец.

Сёлета пагранічная служба нашай краіны адзначыла векавы юбілей. Сто гадоў людзі ў зялёных фуражках з гонарам і годнасцю выконваюць задачы па ахове рубяжоў Айчыны. А дапамагаюць ім у гэтым партнёры, як правіла, з ліку прадстаўнікоў сілавых структур. Максім Віктаравіч падзякаваў за супрацоўніцтва і ўручыў ад імя Старшыні Дзяржпагранкамітэта краіны Анатоля Лапо юбілейны медаль «100 год органам пагранічнай службы Беларусі» начальніку раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандру Чатовічу. А адміністрацыі школы — кулер для вады з электронным ахалоджваннем.

Да віншаванняў новаспечаных патрыётаў далучыліся бацькі, ветэран 32-й ракетнай дывізіі Юрый Копасаў, старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Лушчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

— Магчыма, не ўсе з вас стануць пагранічнікамі, а вось добрасумленнымі і дысцыплінаванымі грамадзянамі, — без сумнення, кожны, — падсумаваў Пётр Леанідавіч. — Дзякую Смаргонскай пагранічнай групе, якая курыруе дзейнасць про­фільных класаў. Вы — людзі слова і справы, мяркую, такімі стануць і дзеці, над якімі вы ўзялі шэфства. Поспехаў!

А яны ўжо ёсць! Дзевяці­класнікі наглядна прадэманстравалі, якім армейскім прамудрасцям навучыліся за тры месяцы: сабралі і разабралі аўтамат Калашнікава, у тым ліку з закрытымі вачыма, выканалі страявыя прыёмы са зброяй і без яе.

Завяршылася мерапрыемства выступленнем аркестра Смаргонскай пагранічнай групы і салдат тэрміновай службы органаў пагранслужбы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged