Стародворская звездочка на польском небосклоне. Злата Ярошевич — лауреат І степени

Важное Общество

Дзевяцігадовая Злата Ярашэвіч са Старога Двара, вучаніца Навасёлкаўскай СШ, заваявала званне лаўрэата I ступені на XIV Міжнародным фестывалі-конкурсе ў рамках праекта «Караван культуры», які праходзіў у сярэдзіне снежня ў Польшчы.

Першы дэбют юнай салісткі адбыўся чатыры гады таму ў раённым Доме культуры. Песню «Усміхайся» і яе юную выканаўцу запомнілі ўсе гледачы. З таго часу Злата — пастаянная ўдзельніца розных раённых мерапрыемстваў. Дзяўчынка наведвае філіял Навасёлкаўскай школы мастацтваў і два разы ў тыдзень займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна ў Мінску. Там і рыхтавалася да фестывалю-конкурсу. На ім былі прадстаўлены розныя кірункі — вакал, харэаграфія, мастацтва. Злата выступала ў намінацыі «Эстрадны вакал», дзе спаборнічала з дзецьмі ад 6 да 12 гадоў. Па выніках конкурсу стала лаўрэатам I ступені і атрымала грант на ўдзел у конкурсе, які летам наступнага года пройдзе ў Эстоніі.

— «Караван культуры» стаў для Златы першым сур’ёзным замежным конкурсам, — расказвала мама дзяўчынкі Вольга. — Кожны ўдзельнік паказаў высокі ўзровень падрыхтоўкі. Канкурэнцыя была сур’ёзнай. Рыхтавала дачку педагог па вакале Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва Алена Ганчарэнка. На фестывальным канцэрце была выканана яе песня «Ой, дзяўчына як маліна», а на конкурсе — «Белы конь» (аўтар — Юлія Валеева). Мы ўдзячныя Алене Арсеньеўне за яе прафесіяналізм, вялікае цярпенне, педагогам філіяла Навасёлкаўскай школы мастацтваў, якія разгледзелі і развівалі здольнасці Златы, настаўнікам і навучэнцам Навасёлкаўскай сярэдняй школы, якія сустрэлі нас пасля перамогі кветкамі і шчыра раздзялілі нашу радасць.

Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў фестывалю насычаную культурную праграму. Цікавыя экскурсіі па гарадах Мендзыздрое і Волін, удзел у майстар-класах, наведванне музея васковых фігур і многае іншае пакінула безліч уражанняў і эмоцый. А перамога няхай натхняе Злату на новыя вяршыні.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены Вольгай Ярашэвіч



Tagged