Участники образцовой цирковой студии «Каскад» привезли с областного конкурса «Арена-2018» три диплома

Образование Общество

Першы «блін» не камяком

Тры дыпломы, у тым ліку лаўрэата ІІІ ступені, прывезла з адкрытага абласнога свята-конкурсу цыркавога мастацтва «Арэна-2018» узорная цыркавая студыя «Каскад» раённага Дома культуры.

Гэта свята праходзіла 29—30 лістапада ў гарадскім Палацы культуры г. Оршы і сабрала 15 дзіцячых калектываў, якія носяць званне «заслужаны» або «ўзорны», з усёй Беларусі: Брэста, Бабруйска, Барысава, Наваполацка, Оршы, Пастаў, Шаркаўшчыны… Прыехаў нават калектыў з Расіі. Удзельнікі дэманстравалі сваё майстэрства ў чатырох намінацыях: «Акрабатыка», «Арыгінальны жанр», «Эквілібрыстыка» і «Паветраная гімнастыка». У кожнай з іх былі вылучаны тры ўзроставыя катэгорыі: малодшая, сярэдняя і старэйшая.

Наша студыя «Каскад» выступала ў трох намінацыях. Паветраную гімнастыку прадстаўлялі Вікторыя Пронька (на палотнах), Вераніка Татыржа і Арына Захарыч (на кольцы). Арыгінальны жанр — змешаная ўзроставая група ў складзе хлопчыкаў і дзяўчынак 7—14 гадоў, якія паказвалі нумар «Дзюймовачка». Эквілібрыстыку — сярэдняя ўзроставая група (12—14 гадоў) з нумарам «Калейдаскоп». У яго ўваходзілі эквілібр на хадулях, гіраскутарах, стрытбордах, звычайных і двухпавярховых манацыклах, жангліраванне сферамі, рамкамі і трохвугольнікамі. Менавіта ў гэтай намінацыі журы ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства культуры і яго абласнога ўпраўлення, Белдзяржцырка, кіраўнікоў вядомых у рэспубліцы дзіцячых цыркавых студый прысудзіла «каскадаўцам» трэцяе месца і званне лаўрэата. У дзвюх іншых яны атрымалі дыпломы за ўдзел у свяце-конкурсе.

— Пра «Арэну» мы даведаліся ў жніўні, — расказвала кіраўнік студыі «Каскад» Алёна Дзіль. — А ўжо з верасня пачалі рыхтавацца да яе: дапрацоўваць свае нумары, шыць касцюмы і рабіць новы рэквізіт. Практычна кожны дзень збіраліся на рэпетыцыі. Перад конкурсам яны станавіліся ўсё даўжэйшымі, а хваляванне — мацнейшым. Нягледзячы на тое, што гэта новы склад студыі — дзеці займаюцца толькі другі год і нідзе, акрамя раённай сцэны, не выступалі, — мы добра паказалі сябе, не дапусцілі зрываў у праграме. А колькі радасці было, калі аб’явілі, што ў нас трэцяе месца ў эквілібрыстыцы!

Згаданы конкурс стаў першым спаборніцтвам у творчай біяграфіі «Каскада». Радуе, што насуперак вядомай прымаўцы гэты «блін» не аказаўся камяком.

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged