В центральном универмаге открылась торговая точка сувенирной продукции «Добро без границ»

Важное Общество

3 снежня, у Дзень інвалідаў, у аддзеле бытавой тэхнікі ўнівермага «Амега» адкрылася гандлёвая кропка  

— Гэту ідэю мы выношвалі даўно, — гаварыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Пякарская. — Людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць бязмежныя здольнасці і талент і вырабляюць эксклюзіўныя рэчы. Многія з іх мы рэалізуем у санаторыі «Прыазёрны» ў Нарачы, у сталічным гандлёвым цэнтры «МОМО», іншых месцах. А ў Паставах — толькі падчас дабрачынных акцый. Нядаўна сумесна з кіраўніцтвам раённага спажывецкага таварыства вырашылі адкрыць гандлёвую кропку ва ўнівермазе.


Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто (у цэнтры), загадчыца ад­дзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Вольга Гінько (злева) і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч пераразаюць чырвоную стужку

Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця сюды заходзілі наведвальнікі, разглядалі вырабы: брэндавыя лялькі «Пастаўчанка», шкатулкі з папяровай лазы, карціны з атласных стужак, лялькі з ільну і іншае. Цяпер пераважае калядная і навагодняя тэматыка: адвэнтавыя вянкі, ёлачкі, Дзеды Марозы, Снегавікі, сувенірныя бутэлькі.

На адкрыцці гандлёвай кропкі прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Пётр Леанідавіч падзякаваў кіраўніцтву райспажыўтаварыства за прадастаўленую гандлёвую плошчу, выказаў упэўненасць, што асартымент вырабаў будзе пашырацца. Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена Пятру Курто, а таксама начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Седзюкевіч і загадчыцы  аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Вользе Гінько.

— Рады, што, прадаставіўшы гандлёвую плошчу, мы можам такім чынам хоць крыху падтрымаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — гаварыла вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Артамонава. — Думаю, попыт будзе — рэчы ручной работы цяпер у трэндзе. Летам у горад прыязджае шмат турыстаў, і яны з задавальненнем набываюць такія вырабы.

Наперадзе Каляды і Новы год — святы, калі прынята рабіць падарункі. Загляніце ў «Дабро без межаў». Упэўненая, там вы выберыце арыгінальны сувенір, які прыйдзецца даспадобы вашым родным. А купіўшы яго, зробіце прыемнае аўтару работы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged