В гуще событий, на глазах у людей. Славомиру Шапелю исполнилось 60 лет

Личности Сельское хозяйство

Славамір Шапель (другі злева) прымае віншаванні ад Аляксея Філімонава, Эдуарда Януковіча, Юрыя Шымчыка і Таццяны Завіша

8 снежня ранішняя планёрка ў дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» пачалася не традыцыйна з планаў на дзень, а з віншавання намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Славаміра Шапеля.

Да добрых, шчырых слоў кіраўніцтва гаспадаркі, калег далучыліся першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў і бухгалтар Таццяна Завіша. Яны ўручылі юбіляру Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і райкама прафсаюза.

— Прафарганізацыя ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адна з буйнейшых у раёне, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — Усе работнікі (а гэта амаль 400 чалавек) — члены прафсаюза. Славамір Генрыхавіч — сапраўдны лідар. Умее кожнага выслухаць, аказаць садзейнічанне ў вырашэнні ўзніклай праблемы. Прафсаюз звычайна выступае пасрэднікам паміж працадаўцам і работнікамі. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» поў­нае ўзаемаразуменне паміж дырэктарам і старшынёй прафкама. Тут праводзіцца маштабная сумесная работа па падтрымцы людзей працы, ветэранаў.

Калі б у маладосці Славаміру Шапелю сказалі, што ён памяняе музычныя інс­трументы на паперы і стасункі з людзьмі, наўрад ці паверыў бы. Нарадзіўся ў Лынтупах. Закончыў Наваполацкае музычнае вучылішча, па размеркаванні трапіў у Міёры, а яго каханая Алена — у Глыбокае. Калі згулялі вяселле, задумаліся над тым, каб перабрацца на Пастаўшчыну.

— Мой зямляк Уладзімір Яраслававіч Магільніцкі параіў звярнуцца да старшыні калгаса імя Суворава Алега Адольфавіча Валодзькі, — успамінаў Славамір Генрыхавіч. — Музычная школа на той час была ў падпарадкаванні гаспадаркі і там быў патрэбен дырэктар.

Так маладая сям’я аказалася ў Навасёлках. Кіраўніцтва калгаса і раёна хутка заўважыла выдатныя арганізатарскія здольнасці маладога дырэктара, уменне знаходзіць кантакт з людзьмі, адстойваць свой пункт погляду і парэкамендавала С. Г. Шапеля на пасаду старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета. Гэтай справе ён прысвяціў чатыры гады. А ўрэшце паступіла прапанова перайсці на работу ў калгас — абралі старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Арганізацыйная структура гаспадаркі — гэта 5 вытворчых участкаў, 8 жывёлагадоўчых ферм, у тым ліку 5 малочнатаварных, свінаферма, машынна-трактарны парк, 4 рамонтныя майстэрні, рапсавы цэх і цэх па перапрацоўцы мяса. Старшыня прафкама стараецца часта бываць усюды, цікавіцца ўмовамі, створанымі на рабочых месцах, сустракаецца з работнікамі. За 9 месяцаў бягучага года прадукцыйнасць працы тут вырасла на 109,6%, сярэднямесячная зарплата складае па гаспадарцы 644 рублі, за верасень — 775. Пэўным стымулам да работы служыць спаборніцтва паміж механізатарамі, аператарамі машыннага даення кароў, жывёлаводамі. Яго пераможцы заахвочваюцца прэміямі, каштоўнымі падарункамі як ад кіраўніцтва гаспадаркі, так і ад прафсаюзнай арганізацыі. 

Людзям пастаянна ўдзяляецца вялікая ўвага, аказваецца дапамога па размоле зерня, кашэнні траў, дастаўцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, выдзяляецца транспарт для дастаўкі дроў, брыкету, іншых грузаў. Прысядзібныя ўчасткі, на якіх вяскоўцы вырошчваюць бульбу, сеюць зерневыя, унесены ў палі севазвароту ААТ «Навасёлкі-Лучай». Па жаданні работнікі могуць паправіць здароўе ў санаторыі. 50% кошту пуцёўкі аплачвае гаспадарка, 25% — прафсаюз. Арганізуюцца экскурсіі па славутых мясцінах Беларусі. Мінулым летам пабывалі ў Санкт-Пецярбургу. Ёсць магчымасць за кошт прафсаюза трапіць на канцэрты зорак ра­сійскай і беларускай эстрады, якія прахо­дзяць у раённым Доме культуры.

— Генрыхавіч валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, — гаварыў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Змог сфарміраваць свой уласны стыль работы, накіраваны на апераджэнне, улічванне рэальных інтарэсаў людзей і новых тэндэнцый грамадства. Прадпрымальны, энергічны, аператыўна прымае рашэнні, правільна размяркоў­вае абавязкі, умела арганізуе работу калектыву.

Па выніках работы за мінулы год пярвічная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Навасёлкі-Лучай» заняла першае месца ў раёне і другое — у вобласці, — расказвала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. — Работа пастаўлена на высокім узроўні. І ў гэтым вялікая заслуга прафсаюзнага лідара. Сумесна з кіраўніцтвам гаспадаркі дэталёва распрацаваны калектыўны дагавор, накіраваны на абарону правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза. Вялікая ўвага ўдзяляецца моладзі (тут працуюць 115 чалавек ва ўзросце да 31 года), ветэранам (672), сямейным дынастыям. Урачыста адзначаюцца асноўныя каляндарныя святы і памятныя даты, да іх работнікам уручаюцца падарункі.

— Заўсёды адчуваю падтрымку Юрыя Францішкавіча, прафсаюзнага актыва, таму і работа спорыцца, — гаварыў Славамір Шапель. — У нас склалася добрая практыка сацыяльнага партнёрства, узаемнага даверу і павагі. У прафсаюзнай рабоце важна ўсё: арганізацыя годных умоў працы і яе ахова, адпачынак, культурныя мерапрыемствы, прапаганда здаровага ладу жыцця і іншае. У нас моцны прафсаюз, і вельмі прыемна, што работа нашай пярвічкі высока ацэнена ў вобласці.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged