В этом году на Поставщине зафиксировано 3 случая отравления алкоголем со смертельным исходом. Как избежать беды?

Главное Здравоохранение Общество

Жыццё, украдзенае ў сябе

Сёлета ў раёне зафіксаваны тры выпадкі атручэння алкаголем са смяротным зыходам. Летась з такім дыягназам памерла пяць чалавек. За гэтымі лічбамі — заўчасна абарваныя жыцці, паламаныя лёсы, несуцешны боль родных. Дык што трэба ведаць, каб не папоўніць іх шэрагі? Якія захады з боку медыкаў і міліцыянераў робяцца для прадухілення бяды? Адказы на гэтыя пытанні шукала карэспандэнт «ПК» Вераніка ФІЛАНОВІЧ. 

На апераджэнне, альбо Удар па падпольным бізнесе

Супрацоўнікам праваахоўных органаў, бадай, як нікому іншаму («канкурэнцыю» ў гэтым плане ім могуць скласці толькі медыцынскія работнікі і ратаўнікі), вядома, якія страшныя наступствы і для асобы, і для грамадства нясе злоўжыванне спіртным. Гэта «п’яныя» крадзяжы, разбоі, забойствы, пажары, насілле ў сем’ях, дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам нецвярозых вадзіцеляў, веласіпедыстаў, пешаходаў. Вялікай праблемай з’яўляюцца і незаконныя абарот і выраб спіртаўтрымальных вадкасцей. Да іх адносяцца брага, самагонка, спірт (як правіла, расійскі), алкагольная прадукцыя без акцызных марак. Работу міліцыянераў па выяўленні фактаў незаконнага абароту спіртных напіткаў рэгламентуюць розныя прававыя акты. У адпаведнасці з імі правяраецца інфармацыя, якая паступае ад грамадзян на нумар 102 альбо па тэлефонах «гарачай лініі», праводзяцца рэйды, алкагольная прадукцыя кан­фіскуецца, складаюцца пратаколы за выраб, захоўванне і рэалізацыю вадкасцей, якія ўтрымліваюць спірт, а таксама за захоўванне самагонных апаратаў.

— Вось некалькі фактаў. У сярэдзіне верасня дзяржаўтаінспектары затрымалі вадзіцеля, які ў легкавым аўтамабілі перавозіў 150 літраў алкагольнай прадукцыі. Яна была канфіскавана і адпраўлена на экспертызу, а па яе выніках грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Самы ж гучны факт, які супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі ў справаздачным перыядзе, — знаходка на ўскраіне раёна падпольнага міні-завода па вырабе алкагольнай прадукцыі. Там было канфіскавана больш за пяць з паловай тысяч літраў брагі і самагонкі, — расказваў намеснік начальніка аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі РАУС Алег Ігнатовіч. — На сёння па дадзеным кірунку складзена 34 адміністрацыйныя пратаколы. Калі гаварыць пра прыцягнутых да адказнасці, то сёлета больш пратаколаў складзена ў дачыненні да грама­дзян, якія рэалізуюць спіртаўтрымальныя вадкасці, завезеныя з тэрыторыі Расій­скай Федэрацыі, чым да самагоншчыкаў. 

Пачуць набат

Прыклад з жыцця. Да нарколага звярнулася адна яго падулікавая. Жанчына паведаміла, што адзін грамадзянін плаціць за работу яе сужыцелю спіртам. «Паўтара літра і зараз знаходзіцца ў халадзільніку, — гаварыла яна. — Баюся, каб не было атручэння. Дапамажыце, калі ласка». А як дапамагчы, калі мужчына не выдасць распаўсюджвальніка, а яна не напіша заявы ў міліцыю, бо баіцца фізічнай расправы?

Чаму нашых грамадзян так прывабліваюць расійскі спірт і іншая падобная прадукцыя, здагадацца няцяжка: вялікую яе колькасць можна набыць за адносна невялікую цану. Але ці можа такі алкаголь быць якасным? Вядома, не. Між тым гэты факт упарта ігнаруюць многія ахвотнікі выпіць. І гэтым умела, у сваіх інтарэсах, карыстаюцца прадпрымальныя асобы, набываючы, а затым і рэалізуючы кантрафакт ці разведзены спірт. Здавалася б, ліквідаваць праблему лёгка, але гэта не адпавядае рэчаіснасці: у адпаведнасці з заканадаўствам, дазваляецца правозіць праз Дзяржаўную граніцу да 5 літраў алкагольнай прадукцыі без акцызных марак, а захоўваць і ўвогуле неабмежаваную колькасць. Зразумела, пры ўмове, што яна будзе выкарыстоўвацца толькі ў асабістых мэтах, не будзе прадавацца. Гэта патрабаванне выконваюць не ўсе, аднак даказаць факт рэалізацыі надзвычай складана, бо ніхто не жадае «рассакрэчваць» выгадны ў цэнавым плане «магазін». І дарэмна: прадавец такой гандлёвай кропкі клапоціцца не пра эканомію вашага бюджэту, а выключна пра папаўненне ўласнага. Ён злачынца не толькі ў прававым, але і ў маральным плане, таму што яму не шкада адняць сына ў маці, бацьку ў дзяцей. Так быць не павінна. Мы ўсе ведаем: колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. 

Пад градусам

У бягучым годзе з дыягназам «алкагольнае атручэнне цяжкай ступені» ў аддзяленне рэанімацыі ЦРБ дастаўлены 12 чалавек. У несвядомым стане (не маглі назваць нават уласнага імя, не гаворачы пра больш складаныя рэчы) іх знайшлі на аўтобусных прыпынках, каля магазінаў, на вуліцы. Такі стан нясе прамую пагрозу жыццю, і медыкі, чыя місія працягнуць руку дапамогі кожнаму, паспяхова яе ліквідавалі.

— Бывае і так, што пацыенты, якія працяглы час злоўжываюць алкаголем, паступаюць у бальніцу з саматычнай паталогіяй, напрыклад пнеўманіяй, панкрэатытам, пераломам верхніх альбо ніжніх канечнасцей, і ад рэзкага ўстрымання ад пагубнай звычкі ў іх развіваецца сіндром адмены алкаголю. Няўскладненыя выпадкі суправаджаюцца дрыжыкамі, бяссонніцай, патлівасцю, рвотай, слабасцю, трывогай, пачашчаным сэрцабіццем. Здавалася б, сімптомы бяскрыўдныя, але яны патрабуюць лячэння, — дзялілася прафесійным вопытам урач псіхіятр-нарколаг ЦРБ Жанна Папова. — Куды большую трывогу выклікаюць ускладненыя выпадкі з псіхатычнымі парушэннямі, якія суправаджаюцца зрокавымі і слыхавымі галюцынацыямі. Тэмы прывідаў — ад бытавых да касмічных. Такі стан прадстаўляе пагрозу жыццю як самому пацыенту, так і навакольным. Таму пасля заключэння нарколага чалавека, які пакутуе ад алкагалізму, пераводзяць альбо ў псіхіятрычную бальніцу ў Слабодцы (калі саматычнае захворванне вылечана), альбо ў рэанімацыйнае аддзяленне.  

 Летась з псіхатычнымі расстройствамі ў псіхбальніцу Слабодкі накіравана 46 чалавек, сёлета — 45. За 11 месяцаў 2018-га ў стацыянары наркалагічнага аддзялення цэнтра псіхічнага здароўя (Паставы, вул. Вакзальная, 31 «В», тэл. 2-11-75) пралечана 307 чалавек (у 2017-м — 202), на дзённым стацыянары — 24 (у 2017-м — 18). Амбулаторна пры кабінеце нарколага паліклінікі таблеціраваная форма супрацьалкагольных прэпаратаў была назначана 85 пацыентам (у 2017-м — 88). 

Бяда падкралася «непрыкметна»

Спецыялісты тлумачаць, што смяротнае атручэнне алкаголем узнікае па дзвюх прычынах. Па-першае, калі чалавек аднаразова і, што важна, у невялікай дозе, ужыў сурагатную прадукцыю. Па-другое, калі ён працяглы час ужывае спіртныя напіткі кожны ці амаль кожны дзень. У гэтым выпадку арганізм не паспявае перапрацаваць, акісліць і вывесці алкаголь. Гэта значыць, што ён назапашваецца ў арганізме. Запускаецца механізм самаразбурэння. Пройдзе крыху часу — і адзі­ная выпітая чарка стане прычынай смерці. Дарэчы, дыягназ «смерць у выніку атручэння алкаголем» патолагаанатамы ставяць, калі ў біяматэрыялах памерлага выяўлена больш за 4,5 праміле алкаголю (нават калі чалавек памёр, напрыклад, у выніку аварыі).

 На тое, як арганізм успрымае алкаголь, уплывае мноства фактараў. Гэта і ўзрост, і пол, і вага, і «спрактыкаванасць». Істотную ролю адыгрываюць мацунак пітва і закуска. Скажам, калі спіртное ўжываецца на пусты страўнік, а перакуленая чарка занюхваецца агурком альбо рукавом, наступствы такога «банкета» будуць значна цяжэйшымі. Такі штодзённы «рэжым» можна і трэба змяніць толькі адным спосабам — цалкам адмовіцца ад спіртнога. 




Мовай лічбаў

У 2017 годзе ад выпадковых атручэнняў алкаголем у Беларусі памерлі 1497 чалавек. З іх 1111 — у працаздольным узросце.

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у нашай краіне ў сярэднім прыпадае 11,2 літра выпітага алкаголю на чалавека. Самы высокі гэты паказчык летась быў у Малдове — 15,2 літра.

За першыя пяць месяцаў бягучага года «зялёны змей» забраў жыцці 600 чалавек, з іх сурагаты ўжывалі 50.






Tagged