В ОАО «Хотилы-агро» приступили к строительству новой фермы

Важное Сельское хозяйство

Новай ферме ў Волахах – быць!

У ААТ «Хацілы-агра», побач са старой фермай у вёсцы Волахі, прыступілі да будаўніцтва новай.

— Работы вядуцца за ўласныя сродкі гаспадаркі і крэдытныя рэсурсы, — расказвала намеснік дырэктара па эканоміцы, галоўны бухгалтар гаспадаркі Ганна Шубелька. — Згодна з дзяржаўнай праграмай па развіцці аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016—2020 гады, сельгаспрадпрыемству адкрыта крэдытная лінія на новабудоўлю. Аб’ект будзе складацца з комплексу будынкаў, абсталяваных усім неабходным. У трох з іх размесціцца дойны статак па 320 галоў у кожным, яшчэ ў адным будынку (дзесьці на 250 галоў) паставім сухастойных кароў, прафілакторый для цялят разлічаны больш чым на 220 галоў.

Праектна-каштарысную дакументацыю, якая каштуе больш за 250 тысяч рублёў, распрацавалі на ўнітарным прадпрыемстве «Інстытут Віцебсксельбудпраект». З 4 генпадрадных арганізацый тэндар на правядзенне будаўнічых работ выйграла аграрна-будаўнічае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». Згодна з планам, да канца наступнага года трэба завяршыць узвядзенне першай чаргі і атрымаць першую прадукцыю.

Ужо праведзены тэндар на закупку даільнага абсталявання. Перавагу аддалі аўтаматызаванай даільнай устаноўцы высока­прадукцыйнага тыпу «Паралель 2х20», здольнай весці індывідуальны ўлік, фільтрацыю і транспарціроўку малака ў рэзервуар. Адначасова з будаўніцтвам новай фермы правядуць рэканструкцыю старых памяшканняў, заменяць некаторыя інжынерныя сеткі.

Праектны кошт новага аб’екта — амаль 17 мільёнаў рублёў. Яго запуск запланаваны на верасень 2020 года. Новая ферма дазволіць стварыць дадатковыя рабочыя месцы і спрыяльна адаб’ецца на сацыяльна-эканамічным развіцці гаспадаркі.

Анна АНІШКЕВІЧ



Tagged