В ракурсе – счастье. Семья Александра и Надежды Лещик

Общество

Аляксандр і Надзея Лешчык пабраліся шлюбам 4 лютага 2012 года. І зараз іх родныя пры першым зручным выпадку ўзгадваюць тую падзею. А зрабіла яе незабыўнай… надвор’е — у дзень вяселля тэмпература паветра рэзка апусцілася да 30 градусаў марозу. Уявіце:  машыны вясельнага картэжа не заводзяцца, пасля непрацяглай фотасесіі маладая перастала адчуваць рукі і таму плача… Зараз тыя непрыемнасці ўспамі­наюцца з усмешкай.

Пазнаёміліся Аляксандр і Надзея ў дзяцінстве, на святкаванні дня нараджэння яе стрыечнага брата. Тады ёй было 12, а яму — 10 гадоў.

— Саша мне вельмі спадабаўся: вялікія карыя вочы, шыкоўныя вейкі, прычоска пад «гаршчок». Апрануты быў у белую кашулю, малінавы пінжак, на шыі — велізарная бабачка, — памятае ўсё да дробязей Надзя. — Доўгі час нашы зносіны зводзілі­ся да «прывітанне-да сустрэчы». Зусім іншымі вачыма паглядзелі адно на аднаго, калі я была студэнткай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ён — навучэнцам Барысаўскага каледжа лясной гаспадаркі. Адбылося гэта падчас летніх канікул, якія мы абое праводзілі ў Свіранах.

— Надзя істотна вылучалася сярод астатніх дзяўчат: жывая, ззяючая, усмешлівая. Гэтакі жыўчык-завадатар! Тым і прыглянулася, — расказваў сваю версію па­дзей Аляксандр. — Праводзілі час у адной кампаніі, часта выязджалі ў Нарач, гулялі пад зорным жнівеньскім небам. Падчас адной з такіх прагулак я і прапанаваў Надзі сустракацца, а праз два гады зрабіў яшчэ адну прапанову — стаць маёй жонкай.

Неўзабаве пасля вяселля Сашу прызвалі ў армію. А праз пару дзён пасля адпраўкі мужа ў войска Надзя даведалася, што цяжарная. Гэтыя абставіны скарацілі тэрмін службы галавы сям’і з паўтара года да васьмі месяцаў.

Цяпер Надзея працуе педагогам-арганізатарам у СШ №3, Аляксандр — аўтаслесарам у аўтатэхцэнтры «СТА%». Іх пяцігадовы сынок Філіп і двухгадовая дачушка Сафія наведваюць дзіцячы садок. Бацькі не могуць нацешыцца з іх сяброўства: гледзячы на брата, дзяўчынка гуляе больш з яго машынкамі, чым са сваімі лялькамі, любіць, калі ён апранае яе ў садок. Цягнецца да сястрычкі і Філіп. Напрыклад, калі матуля ці тата забіраюць іх з дашкольнай установы, кажа, спускаючыся па лесвіцы (яго група знаходзіцца на другім паверсе, дзяўчынкі — на першым): «Не спяшайся. Я сам забяру Сафію», — і куляй ляціць па сястрычку. Гэтак жа адно да аднаго дзеткі імкнуцца, калі выхавальнікі выводзяць свае групы на прагулку. І абавязкова абдымаюцца.

Такая традыцыя, безумоўна, зыходзіць з сям’і, бо, пакуль бацькі не абдымуць і не пацалуюць дзяцей перад сном, тыя не лягуць. А яшчэ тата абавязкова павінен перад сном даць сыну «пяць».

— Вельмі радуюся, калі чую, як нашы дзеці кажуць: «А мы з мамай…», «А мы з татам…» Прыемна ўсведамляць, што яны адчуваюць, што мы абое клапоцімся пра іх у роўнай ступені, — дзялілася Надзея. — Шчыра кажучы, у мяне ідэальны муж, а ў дзяцей — ідэальны бацька, бо я заўсёды магу спадзявацца на яго ва ўсім, у тым ліку і ў выхаванні Філіпа і Сафіі. Яму не трэба складаць умоўны пакрокавы спіс, калі застаецца з імі адзін, таму што ведае да дробязей усе іх звычкі і патрэбы. Мяркую, такое ўважлівае стаўленне да кожнага члена сям’і перадалося Сашы ад бацькоў, якія выгадавалі 6 дзяцей, навучылі іх павазе да працы, узаемадапамозе. Менавіта ён задае рытм нашаму жыццю, бо ні хвіліны не можа сядзець без справы, а сваё захапленне трактарамі перадаў і сыночку.

Поўным складам сям’я збіраецца рэдка. Таму, калі гэта адбываецца, для іх — вялікае свята. Вольны час любяць праводзіць актыўна: выязджаюць на пікнікі, гуляюць па лесе. Аблюбаваным месцам Лешчыкаў сталі «Азёркі»: яны прывабліваюць і хараством прыроды, і спартыўнымі аб’ектамі, якія ўжо аблазілі ўздоўж і ўпоперак.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота з сямейнага архіва сям’і ЛЕШЧЫК



Tagged