В спортивной-туристической базе «Озерки» строится гостиничный комплекс на 50 спальных мест, конференц-зал и кафе.

Важное Общество Спорт

Для спартсменаў і турыстаў

Дзед Бай, які тры гады таму пасяліўся ва ўрочышчы Азёркі, не на жарт узяўся за абуладкаванне сваёй сядзібы.

Толькі сёлета ўладанні казачнага персанажа пісьменніка Ула­дзіміра Дубоўкі прыраслі комплекснай спартыўнай пляцоўкай для гульні ў міні-футбол, валейбол і вялікі тэніс, зонай агульнага збору пасярод палатачнага гарадка, модульнай лазняй. Гэта, канешне, вобразна. Насамрэч добраўпарадкаваннем тэрыторыі спартыўна-турыстычнага комплексу займаюцца работнікі ДА «Фізіч­ная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», а да­па­магаюць ім мастакі, раз­бяры па дрэве, будаўнікі, дарожнікі і іншыя. У чэрвені бягучага года да іх далучыўся «Рассвет Пастаўскі» (прадпрыемства з’яўляецца генпадрадчыкам), які распачаў капітальны рамонт з мадэрнізацыяй спальнага корпуса. Так аб’ект называецца па праектна-каштарыснай дакументацыі. Калі гаварыць проста, то гэта будзе гасцінічны комплекс. У ім прадугле­джаны 50 спальных месцаў, канферэнц-зала і кафэ.

— Сярод іншых у будучай гасцініцы мы чакаем турыстычныя групы, якія пажадаюць наведаць наш раён. А паглядзець у нас ёсць што. Праз Пастаўшчыну пралягае шмат турыстычных маршрутаў. Але, на жаль, у большасці выпадкаў госці бываюць у нас транзітам, бо існуе праблема з размяшчэннем на ноч вялікіх груп у адным месцы. Новы комплекс дапаможа яе вырашэнню. Таксама будзем прапа­ноў­ваць спартсменам усіх узроўняў праводзіць у Азёрках трэніровачыя зборы, — дзяліўся задумамі генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Фі­зічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург.

Ну а пакуль пад шатамі гонкіх соснаў пад кіраўніцтвам прараба Паўла Лешчыка, узброіўшыся будаўнічымі інструментамі, кроквенную сістэму наводзіць брыгада цесляроў на чале з Сяргеем Дзіко­вічам. Да іх тут пашчыравалі дзве брыгады цесляроў-бетоншчыкаў (брыга­дзіры — Юрый Мядзюха і Васілій Гайдун). Яны займаліся дэмантажом старога будынка і ўзвядзеннем падмурка пад новы. Кладку сцен зрабілі муляры на чале з Анатоліем Волкавым.

Абаграваць гасцінічны комплекс будзе аўтаномная кацельня. Зараз у ёй усталёўваецца кацёл, які будзе працаваць на пялетах. З пачатку вядзення будаўнічых работ асвоена 450 тысяч рублёў. Поўны кошт аб’екта складае 2 мільёны 500 тысяч рублёў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged