В студии-парикмахерской «Жемчужина» появился новый вид услуг — оформление бороды и усов

Общество

А ты такі прыгожы са стыльнай барадой

Паўгода таму ў студыі-цырульні «Жамчужына» з’явіўся новы від паслуг — афармленне барады і вусоў. Ці карыстаецца паслуга попытам у пастаўскіх мужчын, а таксама пра цікавае ў рабоце барбераў даведалася карэспандэнт раёнкі.

Слова «барбер» прыйшло да нас з англійскай мовы і перакладаецца як цырульнік. Англійскае ж слова ўтворана ад лацінскага bаrbа, што ў сваю чаргу азначае «барада». Інакш кажучы, барбер — гэта майстар-цырульнік, які спецыялізуецца на мужчынскіх стрыжках, афармленні барады і вусоў. Пад апошнім маецца на ўвазе наданне ім формы, акантоўванне і, калі трэба, пафарбоўка. У «Жамчужыне» гэтым займаюцца Дзіяна Кулакоўская (на здымку) і Даша Макарава. Абедзве — сёлетнія выпускніцы Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа. У Паставах праходзілі вытворчую практыку, зараз працуюць па размеркаванні майстрамі-ўніверсаламі. У многім прыемна здзівілі дырэктара студыі-цырульні Сяргея Грыбава. Ён вырашыў развіваць найбольш моцныя бакі цырульніцкага майстэрства, уласцівыя дзяўчатам, і прапанаваў ім паспрабаваць сябе ў якасці барбераў.

Паслугі барбера — гэта інды­відуальны падыход, а не канвеерны працэс. Мяркуйце самі: калі на звычайную мужчынскую стрыжку патрабуецца да 30-ці хвілін, то каб «пажаніць» прычоску, вусы і бараду (стварыць цэльны брутальны вобраз) — паўтары гадзіны. У арсенале цырульніка — нажніцы, фарба для валасоў, контурны аловак, машынка для стрыжкі (для плаўных пераходаў пры афармленні барады выкарыстоўваецца да 6 насадак), фен, шампунь, гель, бальзам, ласьён, воск, масла, крэм… І гэта толькі для барады!

— Базу пастаянных кліентаў напрацавалі літаральна за месяц. Іх сярэдні ўзрост — 30-35 гадоў. Ёсць і тыя, хто раней карыстаўся паслугамі барбера ў сталіцы. Сустракаюцца і разавыя наведвальнікі. Як і жанчыны, мужчыны выказваюць розныя пажаданні. Адны просяць зрабіць іх прыгожымі і цалкам спадзяюцца на густ майстра, іншыя прыносяць фота моднага вобраза, жадаючы выглядаць гэтак жа, — дзялілася прафе­сійным вопытам Дзіяна Кулакоўская. — Улічваю не толькі пажаданне кліента, але і форму яго твару, структуру і колер валасоў. Калі бачу, што канкрэтны вобраз яму не падыходзіць, прапаную свой варыянт. Практычна ўсе пагаджаюцца. Самае складанае — мастацкае выстрыганне дробных узораў на барадзе.

Ведаеце, чаго палохаюцца брутальныя мужчыны ў цырульні? Небяспечнай брытвы. Яе выгляд адразу насцярожвае кліента, пасяляе ў вачах трывогу, многія агучваюць яе ўслых. Дарма хвалююцца. Спецыялісты ведаюць, пад якім нахілам яе выкарыстоўваць, таму сцвярджаюць, што рызыка раўняецца нулю. Шмат пытанняў у кліентаў выклікае і інструмент барбераў, які нагадвае шчотку для абутку. Не хвалюйцеся, падабенства ў іх толькі знешняе. Прыстасаванне прызначана знімаць валасы ў вобласці вушэй і скроняў, што дазваляе барберам убачыць чысціню выканання работы. Кошт паслугі бюджэтны і ў сярэднім складае ад 12 да 14 рублёў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged