Встреча с руководством района. На Поставщине начали карьеру 118 молодых специалистов

Главное Местная власть Общество

Будзем знаёмыя!

Сёлета на Пастаўшчыне свае першыя крокі ў прафесіі робяць 118 маладых спецыялістаў

У іх ліку і правізары-інтэрны цэнтральнай аптэкі №87 раёна Яўгенія Баранава і Раман Зубовіч. У мінулую пятніцу яны разам з іншымі маладымі спецыялістамі былі запрошаны на традыцыйную сустрэчу з кіраўніцтвам раёна.

Пачалася яна ў малой зале пасяджэнняў райвыканкама. Прывітаў маладых спецыялістаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Ён адзначыў, што на пастаўскай зямлі вельмі рады бачыць новыя кадры, і спадзяецца, што свой розум, веды моладзь накіруе на карысць Пастаўшчыны, зможа паспяхова рэалізавацца ў прафесіі, пабудаваць кар’еру.

Правізары-інтэрны цэнтральнай аптэкі №87 раёна Яўгенія Баранава і Раман Зубовіч

Да яго слоў далучылася намеснік начальніка ад­дзела па рабоце органаў грамадскага кіравання і самакіравання галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Ві­цебскага аблвыканкама Анжаліка Галанава. Яна паведаміла, што штогод на першае рабочае месца ў Віцебскую вобласць прыбывае 4-4,5 тысячы маладых спецыялістаў. Сёлета гэты паказчык крыху ні­жэйшы — 3800 чалавек. Сярэднеабласны працэнт замацавання маладых кадраў — каля 45-ці. На Пастаўшчыне ён значна вышэйшы.

— Мяркую, таму, што мясцовая ўлада і кіраўнікі арганізацый прыкладваюць максімум намаганняў, каб моладзь заставалася жыць і працаваць у раёне і пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну. І гэта пахвальна. Упэўненая, што будзе зроблена ўсё, каб вы як мага хутчэй адаптаваліся на рабочых месцах, уліліся ў калектыў. Ад маладой арміі ў вашых асобах кіраўніцтва раёна чакае новых ідэй і задумак, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае раз­віццё рэгіёна, — гаварыла Анжаліка Анатольеўна. — Няхай першае рабочае месца стане моцнай і на­дзейнай стартавай пляцоўкай для вашага прафесійнага станаўлення і росту, а планы і задумы ажыццяўляюцца. Поспехаў, удачы, пазітыву!

Падчас сустрэчы моладзь атрымала карысную прававую інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў. Так, на забеспячэнні сацыяльных гарантый для маладых спецыялістаў спынілася начальнік аддзела аргані­зацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Рудніцкая, на інфармацыі аб магчымасцях паляпшэння жыллёвых умоў — галоўны спецыяліст ад­дзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Клімюк, на дзяржаўнай фінансавай падтрымцы моладзі — прадстаўнікі Беларусбанка і Белагра­прамбанка Наталля Гарына і Анастасія Якубёнак. З дзейнасцю грамадскіх аб’­яднанняў пазнаёмілі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Валянціна Ромель, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская.

За асабісты ўклад у рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў раёне граматай райкама ГА «БРСМ» былі ўзнагароджаны самыя актыўныя, крэатыўныя, працавітыя маладыя работнікі. Усе яны з’яўляюцца сакратарамі пярвічных арганізацый маладзёжнай рэспубліканскай суполкі ва ўстановах, дзе працуюць. Гэта Анастасія Храпавіцкая (Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат), Анастасія Карпушонак (Пастаўскі дзяржаўны каледж), Алёна Махніс (ААТ «Навасёлкі-Лучай»), Юлія Селівёрстава (ААТ «Камайскі-агра»). Таксама яны заахвочаны сувенірамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Завяршылася сустрэча знаёмствам з цікавымі аб’ектамі райцэнтра.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Tagged