Выпил — не распускай руки! Безмыслие и пьяная удаль привела поставчан к ответственности

Правовое поле

Фота ілюстрацыйнага характару (з адкрытых крыніц)

Жыхары райцэнтра Ж. і Ш. да таго вечара нават не былі знаёмыя. Іх дарогі сышліся ў бары «Колесо», дзе маладыя людзі бавілі час кожны ў сваёй кампаніі. А палове другой гадзіны ночы разгарачаныя музыкай, танцамі, спіртным адпачывальнікі выйшлі на ўнутраны дворык падыхаць свежым паветрам. І тут Ж. без усялякай прычыны распачаў канфлікт з Ш., а потым рукамі і нагамі стаў яго збіваць (медыкамі засведчаны на пацярпелым драпіны і кровападцёкі). Як ні дзіўна, хулі­гана адштурхнула ад «ахвяры» дзяўчына, хаця відавочцамі сцэны былі і хлопцы, але чамусьці не сталі ўмешвацца.

Па факце хуліганства была ўзбуджана крымінальная справа. Разгледзеўшы яе, суд прыгаварыў Ж. прызнаць вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, паказвалі яўную непавагу да грамадства, суправаджаліся прымяненнем насілля, і на падставе ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыць пакаранне ў выглядзе штрафу на карысць дзяржавы ў размеры 60 базавых велічынь на суму 1470 рублёў, а таксама ўтрымаць на карысць пацярпелага ў якасці маральнай кампенсацыі 1 тысячу рублёў і заплаціць дзярж­пошліну ў суме 73 рублі 50 капеек.

Па такім жа артыкуле Крымінальнага кодэкса і такой жа частцы асуджаны і яшчэ адзін малады жыхар райцэнтра. Падзеі адбываліся на аўтастаянцы каля кафэ «Бриз». Нецвярозы 29-гадовы М. стаў навязліва патрабаваць прыкурыць у грамадзяніна П., які накіроўваўся да аўтамашыны. Калі той адмовіў і стаў садзіцца ў салон, не даваў яму зачыніць дзверцы. Але вадзіцелю ўсё ж такі ўдалося гэта зрабіць, і ён вывеў машыну на праезную частку. Туды ж выскачыў раз’ятраны М. і з усёй сілы ўдарыў нагой у бакавое шкло вадзіцельскіх дзверцаў. Пасыпаліся асколкі шкла і паранілі шчаку, плячо і перадплечча П. Аднак ён, пераадольваючы боль, паспеў схапіць хулігана за нагу і ўтрымліваў яе ў салоне да таго моманту, пакуль не прыехаў па выкліку міліцэйскі нарад. Давялося хулігану «патанцаваць» ля машыны на адной назе… Ну а потым перамясціцца ў мілі­цэйскую і паехаць у райаддзел для дачы паказанняў.

Фінал гісторыі наступны: на М. судом накладзены штраф на карысць дзяржавы ў размеры 60 базавых велічынь на суму 1470 рублёў, і ён абавязаны заплаціць вадзіцелю 166 рублёў за разбітае бакавое шкло і пашкоджанне левага бакавога люстэрка.

Вось так дорага абышліся грамадзянам іх бяздумнасць і п’яная зухаватасць.

Наталля Жукава, суддзя



Tagged