Здание Поставского районного отдела Следственного комитета РБ открылось после капитального ремонта

Главное Правовое поле

Абноўлены будынак раённага аддзела Следчага камітэта

Стварылі ўмовы для эфектыўнай работы

22 снежня пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрыўся будынак Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Рамонтныя работы ва ўстанове пачаліся ў кастрычніку. Праводзіліся яны па ініцыятыве Следчага камітэта краіны за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Усяго за два з паловай месяцы былі заменены сістэма ацяплення (раней яно было паравое, а стала цэнтральным), электрычныя і іншыя кабелі, у тым ліку пракладзена оптавалакно для высокаскораснага доступу ў інтэрнэт. Зроблены касметычны рамонт усіх памяшканняў (з перапланіроўкай спецыяльных) і фасада будынка. Устаноўлены сістэма відэаназірання ўнутры яго і на прылеглай тэрыторыі, новыя пажарная сігналізацыя і агароджа. Абуладкавана пляцоўка перад аддзелам, зроблены пандус для людзей з абмежаванымі фізіч­нымі магчымасцямі, вонкавае асвятленне, лавачкі і альтанкі на заднім двары. Набыты новая мэбля ў кабінеты і камп’ютарная тэхніка.

Адкрыць абноўлены РАСК у Паставы прыехалі начальнік Упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці генерал-маёр юстыцыі Уладзімір Шалухін, яго намеснік палкоўнік Вячаслаў Скрыцкі і начальнік упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы палкоўнік Генадзій Паўлоўскі.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік, дырэктар даччынага камунальнага праектна-вышуковага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут Ві­цебсксельбудпраект» Ула­дзімір Жукаў, намеснік дырэктара ўнітарнага транспартна-будаўнічага прыватнага прадпрыемства «Будсфера» Дзмітрый Рымкевіч, начальнік і вядучы інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Аляксандр Асяненка і Пётр Чырванец, прадстаўнікі ўсіх сілавых структур раёна.

Першым са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся У. В. Шалухін. Ён адзначыў, што з моманту стварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і па сённяшні дзень яго кіраўніцтвам праводзіцца паслядоўная палітыка, накіраваная на паляпшэнне якасці і аператыўнасці расследавання крымінальных спраў.

— Але ўсе мы выдатна разумеем, што без стварэння камфортных умоў для працы немагчыма патрабаваць ад супрацоўнікаў поўнай самааддачы, — працягваў Уладзімір Васільевіч. — У Пастаўскім райаддзеле такія ўмовы цяпер ёсць. Калі гаварыць пра вынікі работы калектыву за 2018 год, то ва ўзаемадзеянні з іншы­мі праваахоўнымі органамі раёна ім у тэрмін да месяца расследуюцца 44 працэнты спраў, спаганяецца 94 працэнты рэальнага ўрону, прычыненага злачынствамі, не дапушчана сур’ёзнага браку ў рабоце, няма неабгрунтавана прыцягнутых да адказнасці асоб.

Начальнік УСК вобласці выказаў спадзяванне, што ў абноўленым будынку гэтыя паказчыкі яшчэ палепшацца. Таксама ён пажадаў супрацоўнікам ад­дзела поспехаў, удачы, рэалізацыі прафесійных памкненняў і падзякаваў усім, хто прымаў удзел у рамонце будынка і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі: кіраўніцтву раёна, будаўнікам, праектантам. А затым уручыў заслужаныя ўзнагароды. За эфектыўнае садзейнічанне Упраўленню Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай воб­ласці ў вырашэнні ўскла­дзеных на яго задач граматай упраўлення адзначаны дырэктар ДКПВУП «Інстытут Віцебсксельбудпраект» У. С. Жукаў, Па­дзя­камі — дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама А. А. Асяненка і вядучы інжынер па тэхнічным наглядзе П. В. Чырванец. Сертыфікат на каштоўны падарунак — шматфункцыянальную прыладу KYOCERA — атрымаў начальнік Пастаўскага РАСК А. А. Чатовіч.

Свае віншаванні асабоваму складу райаддзела і пажаданні добрага настрою, поспехаў ва ўсіх справах, выканання пастаўленых перад калектывам задач адрасаваў таксама старшыня райвыканкама С. В. Чэпік. А музычны падарунак прысутным зрабілі салісты эстраднай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Урачыстая цырымонія завяршылася пераразаннем чырвонай стужкі перад уваходам у будынак аддзела. Права зрабіць гэта прадаставілі У. В. Шалухіну, С. В. Чэпіку і А. А. Чатовічу, пасля чаго гасцей запрасілі на экскурсію па ўстанове.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged