Живёт полем… Механизатор ОАО «Новосёлки-Лучай» Юрий Татарчук

Сельское хозяйство

У гэтыя дні механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Татарчук даглядае жывёлу, якая кругласутачна ўтрымліваецца ў полі. А гэта больш за 600 быкоў кілаграмаў па 400 кожны. Зранку загружае ля фермы ў Лучаі кармы і за два рэйсы дастаўляе статку неабходную колькасць сенажу, сіласу, мукі, раскладвае па перасоўных кармушках. Затым прывозіць з Навасёлак тры рэйсы брагі. К вечару зноў адпраўляецца — па грубыя кармы. Праяз­джаючы дарогай уздоўж пасеваў, пакуль палі не заснежыла, нярэдка спыняўся і любаваўся ўсходамі азімых. Сяўба — гэта адна з любімых работ механізатара.

— 11 гадоў назад гаспадарка набыла новую шасціметровую сеялку, і яе даверылі мне, — расказваў. — З таго часу вясной і восенню шчырую на сяўбе, строга прытрымліваюся тэхналагічнай каляіны, стараюся, каб яна была добра бачная, бо пазней па ёй пойдзе апырсквальнік.

— Нягледзячы на тое, што Іванавіч — адзін з найвопытнейшых сейбітаў, заўсёды хвалюецца за канчатковы вынік, — гаварыў вядучы аграном гаспадаркі Уладзі­слаў Шаршнёў. — Часам падыдзе да мяне пацікавіцца, ці быў на полі, дзе засявалі апошнія гектары, як абышла азіміна, бо сеялася там складана.

— Бывае, у вольны час сяду на ўласны аўтамабіль і аб’еду некаторыя засеяныя мной палі, — працягваў Юрый. — А як чакаю, калі колас наліецца, выйдуць у поле камбайны! На ўраджай працуе шмат людзей: механізатары, якія вядуць ворыва, апрацоўваюць глебу, уносяць удабрэнні, і, вядома, мы, сейбіты. Нашы недапрацоўкі бачныя найперш.

Юрый нарадзіўся і вырас у Гаўрылавічах. Яму было 15, калі памёр бацька. Маці засталася з пецярымі дзецьмі. Юрый з хлопцаў — найстарэйшы. Прыйшлося браць на сябе ўвесь цяжар сялянскай працы. Закончыўшы Пастаўскае прафтэхвучылішча, адразу апрануў салдацкую форму. Служыць давялося на Далёкім Усходзе. За два гады так засумаваў па доме і родных, што прапанову прадоўжыць службу адхіліў адразу.

— Мама працавала на ферме, ёй вы­дзелілі кватэру ў Лучаі, і яна перабралася сюды, — успамінаў Юрый, — я вярнуўся да яе. А неўзабаве ажаніўся. Сям’ю маёй Таццяны пакінуць Гомель прымусіў Чарнобыль. Жонка працуе на мясцовай ферме. У нас дзве дачкі. Абедзве закончылі Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Аграномія». Старэйшая працуе на Гродзеншчыне, малодшая — у Мядзельскім раёне.

Напісаць пра Юрыя Татарчука мне парэкамендаваў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. Мы доўга абмяркоўвалі з ім кандыдатуры.

— Ды практычна пра кожнага работніка нашай гаспадаркі можна пісаць, — гаварыў Юрый Францішкавіч. — Усе стараюцца. А Юрыя Іванавіча паважаю за акуратнасць: ён добра ведае кожны ўчастак, пры выдатнай якасці пастаянна перавыконвае нормы, а абыдзе засеяная ім збажына — нібы дываном поле заслана. Па выніках раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых сёлета на сяўбе яравых і азімых шасціметровымі сеялкамі, Юрыю Татарчуку прысуджана першае месца (на яго рахунку 2786 гектараў).

— Не паверыце, я ўжо чакаю вясны, — прызнаўся Юрый, калі сустрэлася з ім на свяце да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое ладзілася ў раёне. — Хоць клопатаў дабаўляецца, але і жыццё цікавейшым становіцца. Я полем жыву.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Tagged