Золотые руки и художественный вкус. Шикарные и вкусные букеты производит поставчанка Юлия Немченко

Общество

Атрымліваць іх у падарунак заўсёды прыемна. Апошнім часам у трэндзе букеты з цукерак, фруктаў, агародніны.

Юлія Немчанка прыветліва сустракае за прылаўкам гандлёвай кропкі «Свежачок», якая размешчана на рынку «Гарызонт». Яе адкрылі нядаўна, але пакупнікоў ужо нямала. Тут можна набыць агародніну, фрукты, сухафрукты, арэхі, прыправы.

— Галоўнае маё захапленне — букеты, — расказвала Юля. — Маючы ў наяўнасці такі шырокі асартымент, імкнуся выкарыстоўваць усё. Нават прыправам знаходжу прымяненне.

— З чаго пачалася справа? — цікаўлюся.

— Першы букет зрабіла па просьбе сяброўкі, якой захацелася чагосьці незвычайнага, — успамінала. — Зрабіла і змясціла фотаздымак на сваёй старонцы ў інтэрнэце. Пафантазіравала яшчэ над некалькімі букетамі выключна для партфоліа. І заказы пасыпаліся. А калі паэксперыментавала з арэхамі — зразумела: яны мне найбольш даспадобы.

Яе творчасць, як лічыць сама Юля, пачалася з урокаў выкладчыка школы мастацтваў імя А. Ромера Іосіфа Атрахімовіча. Ён прывіў пачуццё прыгожага. Гэта паспрыяла і выбару прафесіі — паступіла ў Белдзяржуніверсітэт на спецыяльнасць «Камунікатыўны дызайн». Два гады працавала дызайнерам-кансультантам у адной са сталічных фірм, паралельна брала на дом заказы па выкананні графічнага дызайну.

У Паставы пераехалі з мужам пасля таго, як пайшла ў дэкрэтны водпуск. Нарадзілася дачушка, і маладая мама ўвесь час прысвячала ёй, але па творчасці сумавала.

— Заўсёды марыла пра ўласную справу, — прызнаецца. — Нездарма кажуць: «Выберы работу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ні дня». А калі муж прапанаваў заняцца продажам агародніны і фруктаў, не абрадавалася, бо разумела: бу­дзе нялёгка. І ўсё ж падтрымала. Тады ж загарэлася ідэяй ствараць арыгінальныя букеты. Іх магу дапасоўваць канкрэтна да падзеі ці чалавека. Напярэдадні Каляд і Новага года ў мяне пераважае тэматыка гэтых свят. Прапаную розныя варыянты. Рада, калі ідэі падказваюць заказчыкі. Не забываюся на графічны дызайн: раблю паштоўкі, якія ўдала дапаўняюць букет, візіткі. 

Разглядаючы вырабы Юліі, упэў­нілася ў тым, што яна мае залатыя рукі і тонкі мастацкі густ. Крэатыўная і сучасная. А букет з арэхаў, суха­фруктаў, агародніны стане арыгінальным дапаўненнем да асноўнага падарунка або проста незвычайным знакам увагі чалавеку, якому хочаце зрабіць прыемнае.

Анна Анішкевіч
Фота з уласнага архіва Юліі Немчанка



Tagged