25 января в Юньковском сельском Доме культуры состоялся очередной, пятый по счету, бал для молодежи

Важное Общество

Балявалі, караля з каралевай выбіралі

25 студзеня ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры адбыўся чарговы, пяты па ліку, баль, які закружыў у танцах творчую моладзь з усяго раёна. Сёлета ён змяніў назву са шляхецкага на шляхетны, што азначае «высакародны», і быў прысвечаны Таццянінаму дню.

Ля ўвахода ў танцавальную залу гасцей сустракаюць пажы і нястомна адчыняюць дзверы, за якімі пануе атмасфера даўніны: у чаканні танцавальнага вечара ў прыгожых строях групамі стаяць удзель­нікі балю, іх з цікавасцю разглядаюць госці. На святочна ўпрыгожанай сцэне размясціўся аркестр народных інструментаў Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры пад кіраўніцтвам Вольгі Тананы. Ён разам з салісткай названай установы культуры Ірынай Іршонак і распачаў музычна-танцавальнае мерапрыемства песняй Юрыя Савульскага «Таццянін дзень». Забягаючы наперад, скажу, што аркестр суправаджаў многія танцы балю, упрыгожваючы яго жывым гукам. У падзяку за гэта музыканты атрымалі смачны пачастунак, які спякла і ўручыла ім загадчыца Лукашоўскага сельскага клуба Людміла Мелец.

Ганаровыя госці балю

Паколькі лейтматывам балявання стаў Таццянін дзень, альбо Дзень студэнта, гэтая тэма прысутнічала ў гістарычных спраўках, якія агучвалі вядучыя Ян Каськевіч і Ліза Тамашэвіч, а таксама ў прыкметах, жартах, варажбе. Настаўніца Юнькаўскай школы Раіса Сарока падзялілася ўспамінамі пра свае студэнцкія гады падчас навучання ў БДПУ імя М. Танка, прадстаўнікі Камайскага СДК павесялілі сцэнкай, у якой у жартоўнай форме паказалі працаўладкаванне маладога спецыяліста на першае месца работы. Усе жадаючыя маглі пратэсціраваць свае веды падчас віктарыны, прысвечанай гісторыі адукацыі ў Беларусі. У гэтым пытанні самай эрудыраванай аказалася студэнтка БНТУ Анастасія Вырвіч (вёска Гута).

Прагучала назіранне, што Дзень Таццяны спрадвеку звязваюць з сонцам. Лічылася, што ў гэты дзень хоць на імгненне, але абавязкова выглядвае сонейка і азарае ўсё наўкол сваім святлом. Вось і на зімовым балі, каб сагрэць усіх цяплом, а таксама пазнаёміцца, сонейка «пракацілі» паміж камандамі-ўдзельніцамі. А гэта хлопцы і дзяўчаты з Варапаева, Юнек, суполкі Гута-Парыж, Дунілавічы-Ваўкі, Камаі-Ярэва, Кураполле-Андроны, Лынтупы-Палессе і Навасёлкі-Лукашова. А яшчэ ў гэты дзень студэнты ставяць свечкі і просяць сваю апякунку Таццяну дапамагчы ў засваенні навукі. Каб не парушаць традыцый, на балі запаліў свечкі «гаспадар салона» — старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі, адкрыўшы тым самым танцавальнае ад­дзяленне.

Пачалося яно з паланэза — высакароднага польскага тан­ца. На змену яму прыйшлі грацыёзны падэграс, імклівы вальс, жыццярадасная кадрыля, хуткая полька, вясёлы галоп. Захапілі дам і кавалераў па-дэ-труа, бельгійскі танец, берлінская полька, лодачкі, верабей. Кожны выхад пар суправаджаўся кароткай гісторыяй узнікнення танца. Затым — грацыёзныя рухі ўдзельнікаў балю, хвалюючыя душу мелодыі, рамантычнасць, апладысменты гледачоў. Паказальны нумар — запальнае танга — выканалі вядучыя мерапрыемства. Бальныя тан­цы змяняліся гульнёвымі. Моладзь з захапленнем гуляла ў «Капялюш» і «Ручаёк». Запраўляў балем танцмайстар. Як і ў мінулыя гады, ім выступіла мастацкі кіраўнік Варапаеўскага ГПДК Ірына Кузьміч.   

Пранікнёна і шчымліва гучалі песні і рамансы, якія краналі сваёй спавядальнасцю і мілагучнасцю і так пасавалі рамантычнай атмасферы. Выканалі іх салісткі Навасёлкаўскага СКЦ і Лынтупскага ГПДК Дар’я Мацкевіч і Ангеліна Кухальская, прадстаўніца Дунілавіцкага СДК Анжаліка Русецкая, удзельніцы вакальнай студыі «Славія» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Розман, Лада Аляксеева і Вольга Нікалаева.

Цікавым атрымаўся і выбар «Каралевы балю». Самую-самую вызначала журы ў складзе старшынь Юнькаўскага і Варапаеўскага сельскіх Саветаў Вячаслава Врублеўскага і Іны Касарэўскай, дырэктара ЦкіНТ раёна Ксеніі Грэська, дырэктара і настаўніцы Юнькаўскай школы Аляксандра Кузняцова і Раісы Сарока. Каб спадабацца суддзям, дзяўчатам неабходна было падрыхтаваць міні-прэзентацыю, адказаць на вясёлыя экзаменацыйныя пытанні, уразіць дэфіле і выкананнем вальса. Віцэ-міс прызнана Кацярына Галяш з Гуты. Высакародны тытул каралевы атрымала навучэнка 3 курса Наваполацкага дзяржаўнага музычнага кале­джа Ірына Іршонак. Дзяўчына атрымлівае спецыяльнасць «Дырыжыраванне, народны хор», з’яўляецца лаўрэатам больш чым 40 рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яе прафесійны артыстызм і абаянне ­не пакінулі шанцаў ні адной з ­удзельніц.

А якая каралева без караля? Яго па алімпійскай сістэме вызначала вядучы спецыяліст ЦкіНТ раёна Святлана Марозава падчас бліц-турніру па шашках. Перамог у ім Андрэй Франуза, які і закружыў каралеву ў сярэднявечным турдзіёне. «Манархі» атрымалі медалі і сувеніры, дарэчы, абодва — варапаеўцы.

Напрыканцы балю песня «Студэнт» групы «Пары» аб’яднала дам і кавалераў у дружны карагод. Кропку ў імпрэзе паставіў абмен дамашняй выпечкай паміж яе ўдзельнікамі. Аўтар і рэжысёр трохгадзіннага мерапрыемства для моладзі — супрацоўнік ЦкіНТ раёна Людміла Чатовіч.

Вераніка Філановіч
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.