100-летие социальной службы Беларуси отметили в Поставах

Главное Общество

Іх міласэрнасць цяплей за сонца

У мінулую сераду ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылося мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю сацыяльнай службы Беларусі.

 З гісторыі       

Пастановай Часовага рабоча-сялянскага ўрада 5 студзеня 1919 года быў створаны Народны камісарыят сацыяльнага забеспячэння. З таго часу пачалі ўводзіцца дапамогі па беспрацоўі і беднасці, прынялі першы закон аб сацыяльным страхаванні, пенсіі прывязалі да зарплат. Паступова прыярытэтным кірункам работы сацзабеспячэння стала ахова дзяцінства і мацярынства.

У нашым раёне першае аддзяленне дапамогі састарэлым стварылі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Яго загадчыцай назначылі Надзею Гарбунову. Затым яе змяніла Нэлі Кліменка. Доўгі час кіравала аддзяленнем Любоў Морнева.

Сярод першых сацыяльных работнікаў — Ала Макрота: «Які няпросты быў час! — успамінала Ала Пятроўна. — Гады дэфіцыту.  Прадукты для падапечных, згодна з рашэннем раённай улады, нам адпускалі ў магазіне ад мясакамбіната. Транспартам сацыяльныя работнікі не забяспечваліся. Да кожнага састарэлага (а гэта людзі, якім было больш за 80 гадоў) з цяжкімі сумкамі даходзілі пешшу. Дапамагаў муж. Бывала, нацеплім лазню і на сваёй машыне па чарзе возім бабулек мыцца. 18 гадоў даглядала старых. Гэты час многае перамяніў у характары, навучыў быць цярплівай».

У 2001 годзе ў раёне створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яго станаўленне вялікі ўклад унесла першы дырэктар Вольга Каменка.

Пра стварэнне і развіццё сацыяльнай службы ў раёне падчас мерапрыемства ўспаміналі былыя старшыня раённага выканаўчага камітэта Эдуард Казура і яго намеснік Ала Кейзік, якая доўгі час курыравала сацыяльную сферу.

Шматфункцыянальная сфера

Сёння сацыяльная служба раёна складаецца з 4-х падраздзяленняў: упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і ТЦСАН. Усе аказваюць шырокі спектр паслуг.

Вітаючы прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто адзначыў, што кожнае падраздзяленне з адказнасцю і прафесіяналізмам выконвае пастаўленыя перад ім задачы. А важнай падзеяй пачатку года стала ўручэнне Прэ­зідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам нашаму тэрытарыяльнаму цэнтру спецыяльнай прэміі.

— Лічу, што такая высокая ўзнагарода атрымана не толькі за работу ў мінулым годзе. Усё, чым можа пахваліцца цэнтр, напра­цоў­валася дзесяцігоддзямі. Дзякуй ветэранам, якія заклалі трывалы фундамент сацыяльнай службы, за іх мудрасць, багаты жыццёвы вопыт, за тое, што перадалі маладым уменне спагадаць, быць чулымі і гатовымі ў любы час прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская падзякавала раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў за падтрымку, а ўсім работнікам цэнтра — за добрасумленную працу. Бо такую высокую ацэнку  Прэзідэнта магчыма было заслужыць толькі агульнымі стараннямі.

Сацыяльная работа патрабуе ад супрацоўнікаў не толькі спецыяльных ведаў, але і  высокіх душэўных якасцей, умення суперажываць, быць добрымі. Толькі чулыя і спагадныя людзі затрымліваюцца ў дадзенай сферы. Шмат шчырых слоў віншаванняў, заслужаных узнагарод атрымалі ў гэты святочны дзень тыя, чыя міласэрнасць цяплей за сонца. Фотаздымкі дзясяткаў работнікаў будуць занесены на Дошку гонару ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ТЦСАН.

Сярод ганаровых гасцей свята былі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, раённых грамадскіх аб’яднанняў, спонсары, з боку якіх сацыяльная служба адчувае падтрымку.

Сацыяльная служба рэалізуе шмат гуманітарных праектаў. Актыўны ўдзел у гэтым прымаюць валанцёры з ліку навучэнцаў СШ №4. Іх крэатыўнае віншаванне сваіх сацыяльных партнёраў, як і музычныя падарункі ад Ганны Антух, Пятра Караля, цыркавой студыі «Каскад» і віцебскай музычнай групы «Рэгіён-2», гледачы сустракалі гучнымі апладысментамі.

Завяршылася свята, і многія сацыяльныя работнікі заспяшаліся не дадому, а да сваіх падапечных. І нават не па той прычыне, што трэба было штосьці занесці, зрабіць, а таму, што адзінокія з нецярпеннем чакаюць іх як самых родных людзей.

Анна Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.