Четверть века на охране здоровья: 1-й военный госпиталь органов пограничной службы РБ отметил юбилей

Важное Здравоохранение

Намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Новікаў уручае нагрудны знак органаў пагранічнай службы “За адзнаку” начальніку санітарна-эпідэміялагічнага атрада шпіталя Андрэю Бязмену

У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя на ўездзе ў Паставы распачалося ўзвядзенне ваеннай медыцынскай установы. Займаліся гэтым салдаты тэрміновай службы з воінскай часці, якая дыслацыравалася ў 5 гарадку. Будаўніцтва расцягнулася амаль на 10 гадоў. А з 14 студзеня 1994 года, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №667 і загадам камандуючага пагранічнымі войскамі Рэспублікі Беларусь №075, тут прыступіў да ажыццяўлення сваёй службовай дзейнасці 1-ы ваенны шпіталь пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь.

У мінулую пятніцу ўстанова з размахам адзначыла чвэрць стагоддзя свайго існавання. На ўрачыстасць з гэтай нагоды прыехалі высокія госці. Сярод іх намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Новік, начальнік ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржпагранкамітэта палкоўнік медыцынскай службы Алег Чабатароў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік, прадстаўнікі іншых структур і ведамстваў. На свята былі запрошаны тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння і развіцця медустановы. Вялікі ўклад у яе станаўленне ўнеслі былыя начальнікі Мі­хаіл Забенька, Аляксей Стрэл­кін, а таксама ветэраны Віктар Несцярэнка, Аляксандр Драчэна, Юрый Шынкевіч, Валерый Аляксандраў, Уладзімір Нікіфараў, Валянціна Міхайлава, Наталля Кухальская і іншыя.  Шчыра віталі прысутныя Аляксея Стрэлкіна (узначальваў шпіталь з 2004 па 2011 год).

Рады сустрэчы з былым начальнікам шпіталя Аляксеем Стрэлкіным (першы справа), намеснікам начальніка — начальнікам медыцынскай часткі Міхаілам Рабізам (у цэнтры) ветэраны Вадзім Сокал, Аляксандр Драчэна, Міхаіл Міхно

— Шпіталь пагранічных войск быў рэарганізаваны са шпіталя ракетнай дывізіі, — успамінаў Аляксей Віктаравіч. — Першым начальнікам быў Міхаіл Забенька. У 2003-м пачалася маштабная рэканструкцыя ўстановы, у якой удзельнічалі 12 субпадрадчыкаў. Тады ўдалося набыць сучаснае медабсталяванне для хірургічнага, стаматалагічнага, афтальмалагічнага, фізіятэрапеўтычнага і іншых аддзяленняў. Дзякуючы гэтаму сталі магчымымі складанае аперацыйнае ўмяшанне, лячэнне і рэабілітацыя пацыентаў. Пастаянна сачу за поспехамі шпіталя, ганаруся ім. Рады сённяшняй сустрэчы.

Цяпер асноўныя намаганні асабовага складу 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Беларусі накіраваны на аказанне планавай пярвічнай і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў стацыянарных амбулаторных умовах і па-за ўстановай, а таксама на аказанне экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі. У стацыянары штогод праходзяць лячэнне больш за 3500 чалавек, на амбулаторна-клінічным прыёме бывае каля 25 тысяч, праводзіцца больш за 190 тысяч дыягнастычных даследаванняў. Для гэтага ёсць неабходнае сучаснае абсталяванне, перасоўныя стаматалагічны кабінет і два рэнтгена-флюараграфічныя камп’ютарныя “Пульмаэкспрэсы”, створаны няштатныя групы медыцынскага ўзмацнення на 3 адзінках тэхнікі для аказання меддапамогі непасрэдна на граніцы, укамплектаваны рэанімабіль для аказання кругласутачнай кансультатыўнай і анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі, правядзення метадаў рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі пры транспарціроўцы пацыентаў, якія знахо­дзяцца ў крытычным стане.

Прысутным прадэманстравалі фільм пра дзейнасць ваеннай медустановы. Адна з яго гераінь — ваеннаслужачая, якая амаль год назад у крытычным стане была шпіталі­завана — расказала пра сваё вяртанне да жыцця. Яно стала магчымым дзякуючы прафесіяналізму ўрачоў, якія адразу паставілі дакладны дыягназ, кваліфікавана аказалі першую медыцынскую дапамогу і на рэанімабілі даставілі пацыентку ў адну з мінскіх клінік. Сталічныя медыкі паспяхова зрабілі складаную аперацыю. Рэабілітацыя была працяглай. Цяпер маладая жанчына рыхтуецца да выхаду на службу.  

Для ажыццяўлення пастаяннага маніторынгу эпідэміялагічнай сітуацыі ў часцях і падраз­дзяленнях граніцы функцыянуе спецыяльны аўтамабіль-лабараторыя, штогод практыкуюцца выязныя скрынінгі захворвання лёгкіх, а непасрэдна ў шпіталі — даследаванне страўнікава-кішачнага тракта відэаэндаскопам фірмы “Пентокс” з відэакамерай высокай якасці. З дапамогай лапараскапічнай стойкі ажыццяўляюцца малатраўматычныя аперацыйныя ўмяшанні, мадэрнізаваны цыстарэзэктаскоп.

У шпіталі працуюць больш за 200 чалавек. З нагоды юбілею многія адзначаны рознымі ўзнагародамі. Калектыў узнагаро­джаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. Яе начальніку шпіталя ўручыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ад сябе асабіста і ўсяго насельніцтва раёна Сяргей Васільевіч падзякаваў ваенным медыкам за высокую якасць медыцынскага абслугоўвання, пажадаў далейшага ўдасканалення і ўпэўненага руху наперад. Дарэчы, кожны з гасцей прывёз з сабой каштоўныя падарункі, граматы, падзякі.

У прывітанні Старшыні Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь Анатолія Лапо гаворыцца: “На працягу 25 гадоў асабовы склад 1-га ваеннага шпіталя мэтанакіравана выконвае пастаўленыя перад ім задачы, павышае і ўдасканальвае прафесійнае майстэрства, уно­сіць значны ўклад у захаванне і ўмацаванне здароўя ваеннаслужачых”. За добрасумленную службу, чулыя адносіны да пацыентаў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці Па­дзяка Старшыні Дзяржпагранкамітэта аб’яўлена начальніку шпіталя палкоўніку медыцынскай службы Сяргею Півеню, а таксама яго намесніку, начальніку аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Яўгенію Герасімаву, начальнікам неўралагічнага аддзялення — падпалкоўніку медыцынскай службы Ягору Палхоўскаму, хірургічнага — Антону Гулікаву, шэф-повару Ганне Собаль, сястры-гаспадыні Алене Соўка, фельчару Жанне Шалюта. Нагруднага знака органаў пагранічнай службы “За адзнаку” ўдастоены начальнік санітарна-эпідэміялагічнага атрада Андрэй Бязмен, а нагруднага знака “Выдатнік пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь” I ступені — памочнік начальніка шпіталя, начальнік аддзела рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння падпалкоўнік Сяргей Розынка, II ступені — старшы тэхнік старшы прапаршчык Віталій Вярбіцкі, нагруднага знака “За дапамогу органам пагранічнай службы” — старшыня прафсаюзнай арганізацыі Дзмітрый Чырвоны. Граматай Дзяржпагранкамітэта ўзнагароджаны начальнік санітарна-эпідэміялагічнага аддзялення маёр Аляксей Храпавіцкі, каштоўнымі падарункамі — начальнік аперацыйнага блока хірург Сяргей Дзедуноў, санітарка Валянціна Кушэль, урач санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Наталія Мінаева.

Шмат добрых слоў у адрас калектыву шпіталя прагучала з вуснаў старшыні рэспубліканскага Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргея Халявы, старшыні рэспубліканскага савета ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь” Ігара Рэута, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Веранікі Казлоўскай, калег з цэнтральнай раённай бальніцы, АДРАЦ “Ветразь”, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Канцэртную праграму склалі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні супрацоўнікаў шпіталя Яўгенія Герасімава, Сяргея Півеня, Жанны Дзехцяронак, Аляксандра Карповіча, а таксама заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.

Тэкст і фота Анны Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.