Эпизод из детства: Лучайская сельскохозяйственная школа

Образование Сельское хозяйство

Эпізод з дзяцінства. Мы з татам едзем на кані праз лясную вёсачку. Вясна, прыпякае сонца. На агародзе, усланым растрэсеным гноем, стаіць гаспадар. Тата яго пытае, чаму не садзіць бульбу. Той адказвае, што будзе заўтра садзіць, маўляў, чакае, каб гной падсох. Тата кажа знаёмаму: “Азот жа выветрыцца!” Мне гадоў восем, я пытаюся, што такое азот і адкуль тата пра яго ведае. Не без гонару адказвае, што вучыўся ў Лучайскай сельскагаспадарчай школе, і чытае мне ледзь не лекцыю пра пажыўныя якасці азоту, карысныя для раслін. Пра гэту школу ён узгадваў не раз, але, на жаль, мяне тады гэта мала цікавіла. Цяпер застаецца толькі шкадаваць, што нічога не запісаў. Адзначу, што разуменне паняцця зямлі як карміліцы ў таты было абсалютнае. І севазвароты па меры магчымасці, і сідэраты, і ўгнаенні, і метады апрацоўкі. У кнізе “Памяць” пра Лучайскую агранамічную школу напісана ўсяго некалькі радкоў. Адзначана, што кошт навучання ў ёй штомесяц складаў 25 злотых. Гэта значыць, што дзядуля Васіль з бабуляй Сабінай выдаткавалі на вучобу аднаго з трох сваіх сыноў нежартоўную суму — 300 злотых.

У інтэрнэце знайшоў вытрымкі з кніжкі былога вучня Лучайскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай школы, ураджэнца вёскі Мякшылы (паблізу Даўгінава) Юзафа Талкановіча, які быў у Польшчы вядомым вучоным у сферы сельскай гаспадаркі, з’яўляецца аўтарам трох падручнікаў і аднаго патэнта. Магчыма, чытачам “Пастаўскага краю” будзе цікава даведацца пра згаданую школу: усё ж такі гэта наша радзіма, наша гісторыя. Спадзяюся, што не дапусціў шмат памылак у перакла­дзе, бо польская мова, скажам так, роднасная з нашай.



Будынак школы знаходзіўся на высокім пагорку і быў архітэктурна гарманічным. Над параднымі дзвярыма быў далёка бачны надпіс “Дзяржаўная мужчынская сельскагаспадарчая школа ў Лучаі”. Школа не мела водаправода і каналізацыі. Ваду прывозілі ў бочках з возера і залівалі ў вялікі фільтр на ганку. Запаўненне фільтравальнай прылады вадой уваходзіла ў дадатковыя абавязкі вучняў. Так як і ўся акруга, школа не была электрыфікавана. Заняткі вечарамі праводзіліся пры керасінавых лямпах з круглымі кнатамі. Будынак унутры быў вельмі прасторны, з вялікім холам, дзе праводзіліся агульныя лінейкі. З правага боку — дзверы ў канцылярыю, крыху далей — дзверы ў настаўніцкія пакоі. З левага — гардэроб, умывальнікі, сталовая і кухня. На другі паверх вяла дубовая, вельмі шырокая лесвіца з парэнчамі, аздобленымі разьбой па дрэве. Тут была вялікая аўдыторыя, а збоку — спальня. Па правым баку размяшчаліся кабінеты фізікі, хіміі, механікі і вялікая бібліятэка. Са спальні можна было выйсці на вялікі балкон. У аўдыторыі маглі размясціцца 50-60 вучняў і столькі ж — у агульнай спальні. Ад школы вяла прыгожая ліпавая алея да цудоўнага парафіяльнага касцёла і будынкаў гміны і пошты, а таксама да плошчы з парай крам. На ўскраіне мястэчка, з поўначы, былі невялікія могілкі.

Школьная зямля знаходзілася па два бакі дарогі, што вяла з Ду­нілавіч у Паставы. Агульная плошча надзелу складала каля 60 га. Галоўнае месца займалі сад і агарод, з усіх бакоў абмежаваныя “жывым” плотам і ліпамі. Для практычных заняткаў трымалі 30 кароў чырвонай польскай пароды, 3 пары коней, каля 30 свіней і столькі ж авечак. У школу прымалі хлопцаў пасля заканчэння сямікласнай агульнай школы ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў і нават крыху старэйшых. На 13-м курсе ў 1938 годзе нас, вучняў, было 45. Моладзь — у асноўным з вёсак, пасля заканчэння школы заставалася працаваць ва ўласнай гаспадарцы. Але не заўсёды. Некаторыя шукалі працу ў большых за нашу гаспадарках, ва ўстановах гмінных і павятовых. Многа выпускнікоў працавала ў млячарнях, прыватных маёнтках або ў якасці сельскагаспадарчых інструктараў. Моладзь паходзіла пераважна з польскіх сямей, хоць часам трапляліся і беларусы і нават стараверы-расіяне. Аб’ядноўвала нас шчырая дружба. Хлопцы прыязджалі сюды ў асноўным з Пастаўскага, Вілейскага і Дзісненскага паветаў. Вучэбны працэс доўжыўся круглы год (было два семестры: зімовы і летні). Урачыстае заканчэнне школьнага года адзначалася ў пачатку лістапада. Затым — абавязковая гадавая практыка ў найбольшай гаспадарцы, для самых здольных — на месцы, у Лучаі. Дысцыпліна ў школе была суровая. На ранішнюю лінейку дзяжурны вырываў нас са сну а палове шостай, групу жывёлаводаў — на гадзіну раней. Трэба было хуценька апрануцца, бегчы ўніз, памыцца халоднай вадой з кранаў. У 7 гадзін мы снедалі і пасля перапынку займаліся да 12 гадзін. А 13-й быў абед. Пасля кароткага перапынку ішлі на практычныя заняткі па земляробстве, агародніцтве, жывёлагадоўлі або ў групах у майстэрні ці гаспадарчай, задачай апошняй быў падвоз вады і паліва да будынка. Праца па кірунках і групах доўжылася па два тыдні, пасля чаго групы чаргаваліся. Наглядалі за імі выпускнікі-практыканты нашай школы. Фізічная праца доўжылася да 17 гадзін. Выключэнне складалі святочныя дні, калі працавалі толькі дзве групы: жывёлагадоўчая і гаспадарчая. Пасля яе заканчэння мы вячэралі, а потым займаліся яшчэ да 20 гадзін. Затым была самападрыхтоўка, паўтор лекцый, засваенне матэрыялаў. У 22 гадзіны дзяжурны склікаў вячэрнюю лінейку са спевам “Усе нашы дзённыя справы”, і гасілася святло. Кожную суботу мы хадзілі ў рымскую лазню, пабудаваную каля возера. Летам даволі часта купаліся ў возеры. Вада была такая чыстая, што, стоячы ў ёй па шыю, можна было бачыць свае ступні. Возера было вельмі глыбокае, здараліся няшчасныя выпадкі. Для бяспекі, калі мы карысталіся байдаркамі, на возера адначасова выплывалі дзве лодкі з ратаўнічым рыштункам. Кожную нядзелю мы маршыравалі парамі ў касцёл, а ў дзяржаўныя святы (3 мая, 11 лістапада) — са школьным сцягам. Як абавязковы прадмет выкладалася вайсковая справа, яе вёў старшы сяржант з бліжэйшай пагранічнай вайсковай часці. Паблізу школы, над возерам, знаходзілася вялікае стрэльбішча. Моладзь ахвотна ўдзельнічала ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах: па плаванні, футболе і г.д. Выхоўвалі нас у духу высокага патрыятызму. Дзяржаўную мужчынскую сельскагаспадарчую школу ў Лучаі з моманту яе заснавання (1924 год) закончылі каля 500 вучняў. Школьная гаспадарка вялася высокаадукаванымі спецыялістамі, прафесарамі, якія карысталіся павагай і аўтарытэтам. Таму і атрымліваліся вельмі высокія рэзультаты. Тут праходзілі практыку студэнты Віленскага ўніверсітэта, навакольныя сяляне набывалі найлепшыя гатункі раслін і саджанцы.

Вайна ў 1939 годзе перапыніла дзейнасць школы і мой жыццёвы старт. З болем у сэрцы назіраў, як руйнаваўся школьны набытак. Нягледзячы на гэта, навучальны год закончыўся нармальна, 3 лістапада. Выдадзеныя атэстаты былі не на арыгінальных бланках. Былі зменены некаторыя прадметы.



P.S. Так сталася, што верагодным аднакурснікам аўтара вышэйпрыведзеных радкоў быў мой тата, а я, перакладаючы іх, нібыта падарожнічаў у часе, нанова адкрываючы з дзяцінства знаёмыя мясціны і малазнаёмую іх гісторыю.

Іван Сіманёнак, г. Паставы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.