«Евроопт» подарил продуктовые наборы участникам народного хора ветеранов «Память»

Общество

Вас чакае шмат работы

Атрымліваць у навагоднія дні падарункі прыемна не толькі дзецям, але і дарослым. У мінулую пятніцу важкія прадуктовыя наборы ўручаны ўсім удзельнікам народнага хору ветэранаў «Памяць». Па хадайнічанні райвыканкама і раённага савета ветэранаў іх набыў «Еўраопт». А павіншаваць харыстаў прыйшлі ў клуб намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч.

«Наперадзе вас чакае шмат работы, — паабяцаў Юрый Мікалаевіч удзельнікам хору. — Вы гатовы да гэтага?» «Гатовы!» — дружна выгукнулі ветэраны, узрадаваныя, што ў іх з’явяцца большыя магчымасці выступаць з канцэртамі. Справа ў тым, што 2019-ы багаты на па­дзеі. Гэта 75-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 610-годдзе Пастаў, 30-ы юбілейны Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». І ўсюды плануецца ўдзел народнага хору.

«Вы можаце нас разбудзіць сярод ночы. Адразу ж збяромся і без перапынку выдадзім паўтарагадзінную праграму на любой сцэне», — пажартаваў кіраўнік хо­ру Павел Пятровіч Рагіня. Але ў гэтым жарце ёсць вялікая доля праўды — немаладыя артысты сапраўды вельмі лёгкія на пад’ём.

«Падсілкоўваюся ад вас станоўчай энергіяй, — прызнаўся Юрый Кісялёў. — Вы паказваеце прыклад, як актыўна і насычана можна жыць, несяце лю­дзям дабро і святло. Жадаю ўсім моцнага здароўя, невычэрпнай творчасці, радасці ў дзецях і ўнуках». «Не старэйце душой. Няхай заўсёды звонка і зладжана гучаць вашы галасы, а мары, загаданыя ў Новы год, збываюцца», — далучыла свае віншаванні Ганна Літвіновіч.

Сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай улады і грамадскага аб’яднання закончылася. І пачалася чарговая рэпетыцыя. Харысты «абкатваюць» новую праграму, якой будуць радаваць гледачоў.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged