Хроника происшествий

Важное Правовое поле

Хроніка здарэнняў

Укралі грошы і тэлефон

З 3 на 4 студзеня ў жыхара ву­ліцы Пралетарскай у г.п. Варапаева прапалі амаль 10 тысяч расійскіх і 50 беларускіх рублёў. Грошы знаходзіліся ў кашальку ў куртцы, якую гаспадар, вярнуўшыся дамоў, пакінуў на крэсле ў жылым пакоі. Устаноўлена, што ўкрала іх 37-гадовая непрацуючая грама­дзянка з вуліцы Ленінскай, якая зазірнула “на агеньчык”. Тыднем раней адна з жыхарак гарпасёлка згубіла на рыначнай плошчы мабільны тэлефон. Гаджэт, які ляжаў каля гандлёвага прылаўка, заўважыла 80-гадовая пенсіянерка і забрала сабе замест таго, каб паспрабаваць адшукаць уладальніка.

Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Трапіў на вудачку

У канцы снежня ў РАУС звярнуўся жыхар Пастаў з заявай аб прыцягненні да адказнасці невядомай асобы, якая завалодала яго грашовымі сродкамі. Пацярпелы збіраўся купіць аўтамабіль. Падыходзячы для сябе варыянт знайшоў на адным з інтэрнэт-сайтаў і, пагаварыўшы з прадаўцом аўто, перавёў на яго банкаўскую карту 50 рублёў у якасці задатку. Але пасля гэтага машына і яе гаспадар нібы скрозь зямлю праваліліся. Аказалася, пастаўчанін не адзіны, хто трапіў на вудачку махляра, які раней ужо быў асуджаны за злачынства супраць уласнасці. Зараз 23-гадовы жыхар г. Хо­цімска Магілёўскай вобласці знаходзіцца ў вышуку ў Ра­сійскай Федэрацыі.

Дзеля гарэлкі

Вечарам 5 студзеня 37-гадовы жыхар г.п. Варапаева зайшоў у магазін “Родны кут” па вуліцы Вакзальнай. Паколькі мужчына нідзе не працуе, грошай у яго не было, а выпіць хацелася. Нядоўга думаючы, на вачах у прадаўца “пакупнік” схапіў з прылаўка дзве бутэлькі гарэлкі і ўпакоўку зефіру і падаўся з крамы. Але як след пагуляць на волі не атрымалася. Неўзабаве да грабежніка прыйшоў участковы інспектар міліцыі і прад’­явіў абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства.

Наўмысна і неасцярожна

6 студзеня брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ў цэнтральную раённую бальніцу была дастаўлена 29-гадовая пастаўчанка. Жанчыну прывезлі з дома ў цяжкім стане з тупой траўмай жывата, падкапсульным разрывам селязёнкі, унутрыбрушным кровазліццём і ўдарам грудной клеткі і адразу змясцілі ў рэанімацыйнае ад­дзяленне. Як высветлілі пазней супрацоўнікі міліцыі, цялесныя пашкоджанні пацярпелая атрымала яшчэ 29 снежня падчас сваркі з сужыцелем. Ён нанёс не менш за тры ўдары кулаком. Зараз у адносінах да мужчыны, які ўжо мае судзімасць за хуліганства, узбуджана крымінальная справа, яго месцазнахо­джанне ўстанаўліваецца.

Давядзецца адказаць перад судом і 27-гадоваму жыхару вуліцы Меліярацыйнай у райцэнтры. У канцы верасня мінулага года, знаходзячыся ў нецвярозым стане каля кафэ “Церамок”, у ходзе сваркі ён па неасцярожнасці прычыніў цяжкае цялеснае пашкоджанне ў выглядзе адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы 33-гадоваму жыхару вуліцы Азёрнай.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.