Как в Поставах прошло дежурство в Новый год для представителей экстренных служб?

Важное Общество

Пад бой курантаў на рабоце

Новы год — свята сямейнае. Але не ўсім выпадае сустракаць яго разам з роднымі і сябрамі. Існуе шэраг службаў, прадстаўнікі якіх працуюць нават у навагоднюю ноч. Якой яна выдалася для тых, хто сёлета знаходзіўся не дома за накрытым сталом, а на рабочым месцы?

МЕДЫКІ. Бадай, самай неспакойнай першая ноч 2019 года была для работнікаў аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі ЦРБ. Па словах старшага фельчара Юрыя Габца, з вечара 31 снежня да раніцы 1 студзеня службовы тэлефон амаль не змаўкаў. Таму дзяжурныя брыгады ў складзе вадзіцеляў і фельчараў Надзеі Хоміч, Ганны Бондаравай і Дзяніса Чарняка ледзь паспявалі выязджаць на выклікі. Кагосьці з пастаўчан і жыхароў раёна непакоіла высокая тэмпература, кагосьці — ціск, боль у сэрцы, іншыя хранічныя захворванні. Быў і адзін адметны выклік. У Гуце пры выбуху петарды пацярпеў 42-гадовы мужчына. З апёкамі першай і другой ступеняў перадплечча і кісці рукі яго даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу, адкуль ужо 2 студзеня выпісалі дамоў.

А ўсяго ў прыёмны пакой ЦРБ у навагоднюю ноч паступілі 12 грамадзян, 6 з іх шпіталізаваны, столькі ж знаходзяцца на амбулаторным лячэнні. У ліку шпіталізаваных жанчына з непранікальным нажавым раненнем грудной клеткі, якое нанёс сужыцель у ходзе сямейнага канфлікту. Самы ж цяжкі пацыент паступіў у бальніцу пад вечар 1 студзеня. Гэта 17-гадовы падлетак, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. Ён змешчаны ў аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.

МІЛІЦЫЯНЕРЫ. Для супрацоўнікаў РАУС сёлетняя навагодняя ноч нічым не адрознівалася ад звычайных выхадных і прайшла адносна спакойна. Значная частка асабовага складу райаддзела міліцыі была задзейнічана на масавых мерапрыемствах, забяспечваючы ахову грамадскага парадку і грамадскай бяспекі. У перыяд з 10 гадзін вечара 31 снежня да 9-ці раніцы 1 студзеня ў дзяжурную часць паступіла ўсяго 11 паведамленняў, большасць з якіх тычылася сямейных канфліктаў. А вось дзень 1 студзеня паднёс супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі невялікі сюрпрыз. На дарозе Браслаў—Паставы—Мядзел, каля вёскі Манькавічы, з’ехаў у кювет і перакуліўся аўтамабіль «Опель-Астра», за рулём якога знаходзілася жыхарка Мінска. На шчасце, яна не пацярпела.

РАТАЎНІКІ, ЭЛЕКТРЫКІ, КАМУНАЛЬШЧЫКІ. Работнікам дзяжурных змен раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раёна электрычных сетак і УП ЖКГ пашанцавала найбольш. Першую ноч новага года яны працавалі ў звычайным рэжыме — без пажараў, аварый і адключэнняў.

Алена ШАПАВАЛАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.