Карнавальная ночь в стиле ретро захватила всех присутствующих в Юньковском сельском Доме культуры

Главное Культура

Сустрэча Новага года — цудоўны, радасны, хвалюючы час. Супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна і юнькаўскія культработнікі паклапаціліся пра тое, каб свята запомнілася не толькі моладзі, але і тым, каму за 30 і больш. Арганізаваная імі карнавальная ноч у стылі рэтра захапіла ўсіх прысутных у Юнькаўскім сельскім Доме культуры.

Прасторная глядзельная зала — паўнюткая — больш за 100 уваходных білетаў раскупілі загадзя. Кошт аднаго ўпаўне бюджэтны — 5 рублёў. Але не толькі па гэтай прычыне знайшлося так шмат ахвотных трапіць на свята. Зямля чуткамі поўніцца. А чуткі пра тое, што ў Юньках ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, разышліся па ўсім раёне. Таму не толькі артысты, але і гледачы былі тут з Пастаў, Дунілавіч, Гуты, Ярэва, Хаціл, Лукашова, Валкоў.

Але што гэта? Ці не сарвецца свята? У залу рашуча ўваходзіць старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі і, нібыта не заўважаючы, што яна запоўненая, дакарае вядучую Вольгу Нікалаеву: «Што гэта такое? Новы год на падыходзе, а нічога не гатова. Дзе ваш сцэнарый, артысты, гледачы?» А тая ані не бянтэжыцца, бо ведае, што ўсё падрыхтавана як мае быць, а выхад прадстаўніка мясцовай улады якраз адпавядае сцэнарыю. Да слова, вельмі добры прыклад для іншых кіраўнікоў розных рангаў — не толькі працаваць, але і святкаваць разам з людзьмі.

А свята атрымалася вясёлым. Гучалі папулярныя песні 80—90-х гадоў, разыгрывалася латарэя, былі прызы, ладзіліся гульні, віктарыны, карагоды, у якія ўцягваліся ўсе прысутныя. Баба Яга не магла вызначыцца, якога жаніха выбраць — Дзеда Мароза ці Санта Клаўса. Тыя ў сваю чаргу сабралі каманды, якія спаборнічалі паміж сабой у сіле, спрыце, кемлівасці і талентах. Чыя перамога, той і стане жані­хом. Але паядынак завяршыўся ўнічыю, і Баба Яга так і засталася ў нявестах. Зрэшты, можа, адшукала сабе пару на дыскатэцы, якая доўжылася да дзвюх гадзін ночы і таксама праходзіла ў стылі рэтра.

Разыходзіліся і раз’язджаліся з карнавальнай ночы юнчане і іх госці ў прыўзнятым настроі. «Калі будзе наступнае мерапрыемства? — пыталіся ў арганізатараў свята. — Абавязкова паўдзельнічаем!» «Не пазней як на 8 Сакавіка», — адказвалі тыя.

 А колькі тут засталося да жаночага свята — менш за два месяцы…


Дырэктар Юнькаўскага СДК Алена Зубко шчыра дзякуе за дапамогу ў правядзенні навагодняга свята дырэктару Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксеніі Грэська і яго супрацоўнікам, а дырэктару Юнькаўскай базавай школы-сада Аляксандру Кузняцову, дырэктару ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрыю Борысу і старшыні Юнькаўскага сельскага Савета Вячаславу Врублеўскаму — за вырашэнне арганізацыйных пытанняў.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.