Каждый имеет право на чудеса. Волонтёры исполнили желания «особенных» детей во время акции #сегодняЯволшебник

Важное Общество

Максіму Ярашэвічу дзевяць. З-за складанай хваробы ён не размаўляе, але ўмее выказваць свае моцыі. Нядаўна яго вочы загарэліся шчаслівым бляскам, а твар расквеціла шчырая ўсмешка — мара збылася! У пераднавагоднія дні невядомы «чараўнік» падарыў машынку маркі «Шкода». Якраз тую, якой не хапала ў калекцыі Максіма і якую не адзін месяц хлопчык паказаваў маме на малюнках і ў інтэрнэце. Тая толькі разводзіла рукамі. Абышла ўсе крамы, перагледзела ўсе беларускія інтэрнэт-магазіны — безвынікова.

Чараўніком аказалася жанчына з Масквы. Пра жаданне хлопчыка даведалася ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» на старонцы пастаўчанкі Рыты Шылей. Менавіта там была змешчана інфармацыя пра незвычайную акцыю пад назвай «Сёння я чараўнік». Дзякуючы ёй споўніліся жаданні 39 хворых дзетак з Пастаў і Пастаўскага раёна.

Ідэя правесці такую акцыю нарадзілася ў Рыты пару гадоў назад. Падчас адной з рэабілітацый у Варшаве, куды яна перыядычна адпраўляецца з хворай дачкой Соняй, пазнаёмілася з маладой жанчынай Янай. Тая аказалася вядомым блогерам і валанцёрам, заснаваль­ніцай уласнага фонду дапамогі хворым на анкалогію дзеткам (такую страшную хваробу мае і яе маленькая дачка). Аднойчы Яна папрасіла падпісчыкаў (а іх толькі ў «Інстаграм» налічваецца каля 80 тысяч) дапамагчы здзейсніць мару аднаго хлопчыка — купіць вельмі дарагія навушнікі. Аказалася, што побач так шмат лю­дзей, гатовых дапамагаць!


Рыта прызнаецца: у паспяховасці сваёй ідэі вельмі сумнявалася.


У наступны раз падарункі (агучаныя загадзя) атрымалі тры сотні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, сёлета ўжо тысяча. У спісе атрымальнікаў жаданых падарункаў была і Соня Шылей. Ёй кур’ер даставіў доўгачаканую ляльку-русалку.

— Для нас, дарослых, гэта ўсяго толькі лялька, — гаварыла Рыта. — І калі вакол столькі расходаў, ты сто разоў падумаеш, купляць яе ці не. Хутчэй за ўсё, адкладзеш «да лепшых часоў». А дзіця, магчыма, з яе вобразам засынае і прачынаецца. Тады як ніколі адчула, якую вялікую сілу мае звычайная чалавечая дабрыня. Яна патрэбна ўсім, а сем’ям з цяжкахворымі дзецьмі — асабліва. На жаль, не многія могуць знайсці ў сабе сілы выйсці з замкнёнай прасторы і прызнацца грамадству ў сваёй трагедыі. Ужо не кажучы пра тое, каб папрасіць дапамогі. Тым больш у невялікім горадзе. Мне хацелася неяк падтрымаць такія сем’і, у першую чаргу маральна, паказаўшы што вакол многа неабыякавых да чужой бяды людзей.

Рыта прызнаецца: у паспяховасці сваёй ідэі вельмі сумнявалася. Найперш таму, што на ўсё задуманае катастрафічна не хапала часу. Аднак хутка знайшліся аднадумцы. Правесці вялікую арганізацыйную работу дапамаглі ў пастаўскім Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (асаблівыя словы ўдзячнасці яго дырэктару Іне Краўчук). На дапамогу прыйшлі і валанцёры — пастаўчанка Анастасія Макаед і Яўгенія Дайлі­дзёнак з Глыбокага. Колькі бяссонных начэй правялі ўсе разам! І кожнаму за ўсё вялікае дзякуй.

Сутнасць акцыі простая: на старонцы Рыты Шылей быў змешчаны спіс дзяцей, насупраць кожнага — жаданы падарунак. Гатовыя дапамагчы адпісваліся ў каментарыях, і ім высылалі неабходныя кантактныя даныя.

Выніковы пост Рыта выставіла апоўначы і ад хвалявання не магла заплюшчыць вачэй. Дарэмна. Першы «чараўнік» знайшоўся праз 5 хвілін, апошні — праз тры дні. Дабрачынцамі ў асноўным сталі жыхары райцэнтра, хаця адгукнуліся і мінчане, палачане, браслаўчане… Грашовы перавод на пакупку аднаго з самых дарагіх падарункаў зрабіў нават мужчына з Канады (туды пераехаў з Пастаў). Дарэчы, неаднойчы ён дапамагаў і ў зборы сродкаў на лячэнне Сафіі Шылей.

Што ж было ў спісе дзіцячых жаданняў? Святочная сукенка, набор дзіцячага посуду, мікрафон для караоке, лялечны тэатр, машынкі з пультамі кіравання, канструктары, гульні… Для кагосьці больш важнымі рэчамі аказаліся шапка, цёплыя сві­тар, штаны ці зімовыя боты. Усе падарункі былі дастаўлены па пошце ці асабіста ў Паставы, Камаі, Варапаева, Навасёлкі, іншыя вёскі.

Першыя водзывы не прымусілі сябе доўга чакаць.

— Неяк раніцай Іна Іванаўна Краўчук даслала мне на тэлефон фота дзяўчынкі, якая прыйшла на заняткі ў карэкцыйны цэнтр у новай сукенцы, — расказваючы пра гэта, Рыта ледзьве стрымлівае слёзы. — Яна падышла ідэальна. Дзяўчынка выглядала так кранальна, так прыгожа! І аказалася, што замест адной сукенкі «чараўнік» паклаў дзве. Ведаю, што і іншыя не абмяжоўваліся напісаным, дакладвалі цукеркі, свае падарункі. Наогул падчас акцыі многія людзі адкрыліся мне з новага боку. Некаторыя адпраўляльнікі падарункаў самі знаходзяцца ў найскладанейшых жыццёвых сітуацыях, ім давялося перажыць вялікія асабістыя трагедыі, але яны знайшлі сілы і магчымасці дапамагчы іншым.


Ёсць вялікае жаданне вяртаць людзям дабро. І агромніс­тае шчасце адчуваць, што ты не ­адзінокі ў сваіх памкненнях.


Хвалявалася не толькі Рыта, хваляваліся і мамы дзетак. Анастасія Ярашэвіч, мама згаданага вышэй Максіма, прызнавалася, што пастаянна заходзіла ў інтэрнэт, каб пачытаць каментарыі да навіны пра акцыю. Перажывала, што іх нумар «падвіс». Яго забралі адным з апошніх — выканаць просьбу яе сына было няпроста.

— У нашай калекцыі ўжо пяць дзясяткаў розных мадэляў аўтамабіляў, — расказвала маладая жанчына. — Нягледзячы на складаную хваробу (аўтызм) Максім умее карыстацца інтэрнэтам, добра разбіраецца ў марках машын. З новай цацкі літаральна пылінкі здзімае, нават з празрыстай каробкі не вымае, так любуецца. І я не нарадуюся, гледзячы на задаволенага сына. Адкрываецца другое дыханне, калі цябе падтрымліваюць, нават у дробязях. І калі ты ўжо не ведаеш, што рабіць, калі апускаюцца рукі, на тваім шляху з’яўляюцца такія выдатныя людзі. За кароткі час новых знаёмстваў у мяне з’явілася многа карыснай інфармацыі. Нават спецыялістаў патрэбных падказалі. І  ўжо з іншым настроем пачынаеш новы дзень.

Яшчэ адна мара Рыты Шылей — аб’яднаць бацькоў асаблівых дзяцей, каб разам змагацца не толькі са складанымі дыягназамі, але і з разгубленасцю, адчаем, болем, з якімі штодня жывуць гэтыя мамы і таты.

— Усё гэта я расказала не для таго, каб неяк сябе прапіярыць ці заявіць, што я малайчына, — рэзюмавала Рыта. — Ні ў якім разе. Проста хачу, каб людзі ведалі, што такая акцыя была, што такая акцыя будзе, і што кожны з нас можа падарыць камусьці радасныя ўсмешкі. Для нашай сям’і ўжо на працягу шасці гадоў робіцца вельмі шмат. Для мяне сапраўдны цуд, калі людзі ахвяруюць грошы на лячэнне Сафіі, моляцца за яе, перадаюць падарункі.

Іна Мікус
Фота Рыты Шылей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.