Летопись времени и жизни. О чём писали в районной газете «Поставский край» в 1949 году?

Важное Культура

Паглядзім (з захаваннем арфаграфіі таго часу) загалоўкі матэрыялаў аднаго з нумароў за кастрычнік. У шпігелі: “Справа чэсці ўсіх партыйных і совецкіх арганізацый — мабілі­заваць сялян на поўнае выкананне плана ільнопрадукцыі да надыхо­дзячых свят”. Перадавіца: “Вышэй тэмпы нарыхтовак трасты і ільновалакна”. Пад рубрыкай “Па нашай вобласці” падборка матэрыялаў “Пачалася асенняя пасадка садоў”, “Камсамольцы распаўсюджваюць кнігі”, “Новыя калгасы”, “Рамонт трактараў”. Пад рубрыкай “Па нашаму раёну”: “Новы калгас — “Дружба”, “Клопат аб совецкай маці і дзіцяці”, “Аванс на працадні”. Тут жа — зводка пра ход сельскагаспадарчых работ. На адвароце пад рубрыкай “Насустрач 32 гадавіне Вялікага Кастрычніка і дзесяцігоддзю ўз’яднання Беларусі” падборка матэрыялаў “На Лынтупскім лесазаводзе”, “Уздым зябліва”, “Здаюць ільнотрасту дзяржаве”, “У падарунак Радзіме”, “Разлічыліся па фінансавых плацяжах”.

У лютаўскім нумары змешчана інфармацыя, якая будзе цікавая савічанам:

  • “Днямі 42 аднаасобных гаспадаркі вёскі Савічы аб’ядналіся ў сельскагаспадарчую арцель, якую назвалі “Заветы Ільіча”. На першым сходзе выбрана праўленне і старшынёй калгаса выбран дэпутат сельсовета тав. Крэскіян Сяргей Антонавіч. У калгасе ідзе абагульванне маёмасці”.

У раёне вядзецца будаўніцтва цагельнага завода: “Самым важным прамысловым прадпрыемствам у сістэме Пастаўскага райпромкамбіната з’яўляецца цагельны завод, дырэктарам якога з’яўляецца комуніст тав. Някрасаў. Завод павінен быць здан у эксплуатацыю ў чэрвені бягучага года. На будаўніцтва завода ўкла­дзена звыш поўмільёна рублёў. Пабудаваны галоўны цэх, два галоўных фармовачных цэхі, 4 сараі для сушкі цэглы і адзін для сушкі чарапіцы, кузня і памяшканне пад кантору. Заканчваецца кладка гофманскай печы. Праектная магутнасць завода саставіць паўтара мільёна штук цаглін і 500 тысяч штук чарапіцы ў год”.

У нумары за 6 красавіка заклік: “Папаўняйце рады рабочага класа”. Пад ім чытаем:

  • “Пастаўская кантора аргнабору Міністэрства працоўных рэзерваў у бягучым годзе накіравала ў прамысловасць звыш 100 чалавек. Рабочыя пішуць сваім землякам праз Пастаўскую кантору аргнабору пісьмы, у якіх расказваюць аб сваёй рабоце і жыцці. Вось што піша з Ленінграда быўшы селянін з вёскі Навасёлкі Палескага сельсовета, цяпер брыгадзір будаўнічай брыгады Філіп Іванавіч Сцяпанаў: “Як толькі мы прыехалі ў Ленінград, нас сустрэлі прадстаўнікі прадпрыемства і даставілі на машынах да месца назначэння. Там нас размясцілі па кватэрах… Акрамя акладу мы атрымліваем прыработак, які раўняецца месячнаму акладу. Самы некваліфікаваны рабочы зарабляе ў нас па 600 руб. у месяц. Пры нашым заводзе маюцца ўсе культурна-асветныя ўстановы, праводзіцца вытворчае навучанне. Рабочы, які хоча набыць сабе спецыяльнасць, можа атрымаць яе…”
  • “Як толькі з палёў зышоў снег і глеба падсохла, садаводы соўгаса “Цешылава” прыступілі да падрыхтоўкі глебы пад пасадку новага саду. Зараз садаводы праводзяць пасадку дрэў на плошчы 30 гектараў. Асабліва добра працуюць па догляду саду садавод Ніканор Кішко і звеннявы Нікалай Дубоўскі, якія поўнасцю правялі абрэзку ломаных сучкоў і пабялілі ствалы ўсіх дрэў”.
  • “5 год таму назад у раёне было ўсяго 8 урачоў і 24 медработнікі. Зараз у горадзе і вёсках працуюць 20 урачоў і 66 медработнікаў з сярэдняй адукацыяй. За гэты перыяд пабудавана паліклініка з васьмю ўрачэбнымі кабінетамі, радзільны дом, гарадская бальніца, псіхбальніца, дзіцяча-жаночая кансультацыя, рэнтгенаўскае аддзяленне, туберкулёзны і венералагічны пункты, зубапратэзная майстэрня. На сяле працуе 8 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 3 бальніцы, 3 урачэбна-амбулаторныя ўчасткі”.
  • “Уся прамысловасць раёна была разбурана нямецка-фашысцкімі акупантамі. За 5 год совецкай улады ў раёне пабудавана і абноўлена шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку мясакамбінат, плодавінзавод, ільнозавод і шмат­лікія прадпрыемствы мясцовай прамысловасці”.
  • “Для культурнага абслугоўвання працоўных горада ў памяшканні РДК адкрыта гарадская бібліятэка, якая налічвае сотні тамоў мастацкай, палі­тычнай і сельскагаспадарчай літаратуры. У бліжэйшыя дні будзе завезена яшчэ 500 экземпляраў розных кніг”.
  • “3 жніўня на Лынтупскі пункт “Заготзярно” на чале з старшынёй сельсовета тав. Якубовічам і агентам упаўмінзага Голубевым прыбыў чырвоны абоз з Масленіцкага сельсовета. Стройнай лентай, падвода за падводай, з песнямі і гармонікам прывезлі сяляне збожжа, каб здаць яго дзяржаве. Усяго на прыёмны пункт прыехала 120 фурманак. У гэты дзень сяляне здалі 20 тон зярна”.
  • “Распаўсюджванне большэвіцкага друку — важнейшая задача партыйных, совецкіх, комсамольскіх аргані­зацый і ў першую чаргу работнікаў сувязі. Прыкладам добрай работы па распаўсюджванню большэвіцкага друку служыць Груздаўскае ад­дзяленне сувязі, начальнікам якога працуе Вера Курда. На працягу ўсяго 1949 года аддзяленне поўнасцю асвойвае даведзены яму ліміт”.
  • “Актыўна ўключыліся ў азеляненне школы настаўнікі і вучні Пятрагскай няпоўнай сярэдняй школы. На прышкольным участку ўжо высаджана больш сотні фруктовых і дэкаратыўных дрэў. Прыступілі да азелянення школьнага ўчастка таксама настаўнікі і вучні Юнькаўскай пачатковай школы”.

Пераднавагоднія нумары газеты “Совецкі шлях” за 1949 год цалкам прысвечаны 70-годдзю правадыра ўсіх народаў таварыша І. В. Сталіна.

Падшыўку гартаў Сяргей Дзеравянка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.