«Моя активность держит меня на плаву». Беседа с самодеятельным композитором и певицей Людмилой Логиновой

Личности

Мелодыя яе жыцця

Гадоў дзесяць таму ў раённым Доме культуры праводзіўся кранальны вечар пад назвай «Жаночыя гісторыі», які пазнаёміў гледачоў з пяццю адметнымі пастаўчанкамі. Адной з яго гераінь была настаўніца СШ №1, самадзейны кампазітар і спявачка Людміла Логінава. З таго часу я заўсёды з задавальненнем бачу яе на сцэне, але асабістага знаёмства так і не было. Напрыканцы мінулага года стала напрошвацца на яго. «Толькі не ў снежні! У мяне столькі спраў! — адказала Людміла Леанідаўна. — Спачатку падрыхтоўка, а затым правядзенне навагодніх ранішнікаў». Сустрэліся ў сярэдзіне студзеня і вось пра што пагутарылі.

Школа

— Я вельмі актыўная, і гэта трымае мяне на плаву, — гаварыла Людміла Леанідаўна. — Нягле­дзячы на тое, што ў школе выкладаю ўжо 36-ы год, працую з натхненнем. Усё, што звязана з музыкай, праходзіць праз мае рукі: пасвячэнне ў пяці- і старша­класнікі, выпускныя ў 4-х, 9-х, 11-х класах, святы да 23 лютага і 8 Сакавіка, Дні настаўніка, маці, сям’і, «Зоркавыя дажджы», «Бітвы хароў», падрыхтоўка салістаў да розных конкурсаў і іншае.

Шмат гадоў педагог кіравала школьнай творчай майстэрняй. Вучні пісалі вершы, клалі іх на музыку і самі выконвалі свае песні. Майстэрня ўзгадавала дзясяткі юных талентаў. Зараз у СШ №1 вельмі папулярныя «Бітвы хароў» (так гучна вучні самі назвалі школьныя харавыя фестывалі). Кожны год такі фестываль мае сваю тэматыку: песні ваеннага часу, з савецкіх мультфільмаў, класічныя, беларускія народныя і кампазітарскія, сёлета будуць савецкія піянерскія.

Прывіваючы любоў да музыкі і спеваў усім вучням, настаўніца пастаянна адшуквае сярод іх асабліва адораных ад прыроды і нястомна развівае іх задаткі. Вядзе два гурткі: ігры на гітары і эстраднага вакалу. Звяртае вя­лікую ўвагу і на тых, хто не займаецца ў гуртках.

Творчасць

Творчасць Людмілы Леанідаўны не абмяжоўваецца працай з дзецьмі. Яна пастаянна жыве ў ёй самой і выліваецца ў новыя аўтарскія песні. «Я не ведаю, адкуль прыходзяць мелодыі, — гаворыць. — Напэўна, гэта даецца небам. — А я толькі запісваю ноты, прайграю на фартэпіяна або гітары. У кожным тэксце і мелодыі знаходжу штосьці асабістае, знакавае».

У Людмілы ўжо 75 уласных песень на словы мясцовых паэтаў Ігара Пракаповіча, Леаніда Трубача, Марыны Пылінскай, Аксаны Марозавай, Марыны Кавалёнак. Некаторыя вершы іншых аўтараў прыглянуліся ў розных газетах і часопісах. Іншыя шукала і прапананоўвала пакласці на музыку школьны бібліятэкар Наталля Іванаўна Лысёнак.

«Выступаючы на сцэне, заўсёды хвалююся, — прызнаецца самадзейны кампазітар і выканаўца. — Баюся забыць словы, збіцца з мелодыі». І дарэмна — спявае Людміла цудоўна, гледачы заўсёды прымаюць яе вельмі цёпла. Яшчэ больш хвалюецца, дырыжыруючы на сцэне народным хорам інтэлігенцыі, якім кіруе ўжо 14-ы год. Яго жартам некаторыя называюць хорам Логінавай (напэўна, па аналогіі з хорам Пятніцкага і хорам Турэцкага). «У мяне багаты вопыт, і я ўмею працаваць з хорам, — гаворыць. — Было б толькі з кім. Вельмі складана збіраць на рэпетыцыі пастаянна занятых настаўнікаў. Спадзяюся, што 20-годдзе нашага хору, якое будзем адзначаць гэтым летам, стане стымулам для далейшага яго развіцця».

Цяжкасцей у народнага хору, як і ў кожнай грамадскай справе, хапае, але для гледачоў яны нябачныя. Калі на сцэну выхо­дзяць прыгожыя і адухоўленыя настаўнікі, гледачы з заміраннем слухаюць у іх выкананні ўзвышаную «Запаліце мне зорку», патрыятычную «Баладу пра салдата», трапятлівую «Нас не пакіне спадзяванне», кранальную «Ясны месяц» і іншыя песні, і пасля апошніх акордаў кожнай зала нязменна ўзрываецца апладысментамі. Хіба гэта не хвіліны шчасця для кіраўніка і ўсіх харыстаў?

Шмат такіх хвілін зведала Людміла Леанідаўна і ў той час, калі кіравала хорам газавікоў, які неаднаразова займаў прызавыя месцы ў раённых і абласных аглядах-конкурсах. Старэйшае пакаленне памятае выступленні ў гарадскім парку на штогодніх святах Працы раённага зводнага тысячнага хору. Дык вось, ім таксама кіравала Людміла Логінава. Уяўляеце, якую каласальную працу праводзіла?

Маша і Кіра

15 гадоў таму Людміла страціла любага мужа — Віктарава жыццё раптоўна абарвалася на 42-м годзе. Застаўся яго працяг — дочкі Маша і Кіра. Выхоўваючыся ў творчай сям’і (іх тата таксама быў таленавітым, хораша спяваў), дзяўчынкі не маглі не звязаць сваё жыццё з музыкай. Марыя закончыла Наваполацкае музычнае вучылішча і Інстытут культуры. Выкладала ў Пастаўскай школе мастацтваў і спявала ў народнай эстраднай групе «25 плюс-мінус». Выйшла замуж за расіяніна, нара­дзіла дачушку. Зараз жыве з ­сям’ёй у Падмаскоўным Сонечнагорску, працуе там завучам у музычнай школе. Актыўная ўдзельніца фальклорнага ансамбля. Піша вершы і музыку. Рыхтуе да выдання ўласны музычны альбом. Завочна вучыцца ў магістратуры. Напрыканцы мінулага года прыязджала на святкаванне 25-годдзя народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» і паланіла залу сваім магутным і чароўным голасам.

Кіра закончыла педуніверсітэт імя Танка. Некалькі гадоў спявала ва ўніверсітэцкім хоры і аб’ездзіла з ім многія краіны. Атрымаўшы дыплом, выкладала ў адной з мінскіх школ музыку і спевы і займалася на курсах англійскай мовы. Затым працягнула навучанне ў Лінгвістычным універсітэце і зараз выкладае англійскую мову ў Беларускай акадэміі навук, займаецца ў аспірантуры. Не страціла і любоў да музыкі.

Дом

Людміла Леанідаўна жыве ў прасторным цагляным доме адна. Прысядзібны ўчастак — 20 сотак, і ўсе работы — на яе жаночых плячах. Працавітым рукам падуладныя не толькі лапата, граблі ды матычка, але і газонакасілка, трымер, ручная каса. «Стараюся ўсё ўтрымліваць у парадку. Паспяваю толькі таму, што летам маю доўгі настаўніцкі водпуск», — прызналася. Яна паспявае не толькі ў садзе-агародзе, але і на кухні, за швейнай ці вязальнай машынкай або з пруткамі ў руках. «Адмысловая гаспадыня, — расказвалі мне калегі Людмілы. — Якія смачныя тарты выпякае! Колькі варэнняў-саленняў ставіць кожныя лета і восень! Да кожнага чарговага свайго дня нараджэння выпякала торт, гатавала нейкую новую страву і… пісала новую песню». «Як на ўсё хапае часу?» — пытаюся і чую ў адказ: «Не разумею, як можна яго марнаваць, бяздзейна лежачы на канапе ці седзячы ў крэсле, не адрываючыся ад экрана тэлевізара? У мяне заўсёды знахо­дзіцца справа».

І гэта ніколькі не перашкаджае таму, каб у галаве нараджаліся новыя мелодыі. Зрэшты, яны могуць «загучаць» і сярод ночы, адганяючы сон. Якой стане чарговая песня Людмілы Логінавай, пакуль невядома нават ёй самой. Але яна абавязкова наро­дзіцца і ўпляцецца новай ноткай у мелодыю яе жыцця.

Пасляслоў’е

Напярэдадні Новага года Людміла Леанідаўна атрымала зусім нечаканае паведамленне на вайбер. Хормайстар Сонечнагорскай музычнай школы пісала наступнае: «У снежні я пабывала з маладзёжным ансамблем у Санкт-Пецярбургу на трэцім міжнародным конкурсе харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Выконвалі вашу «Главную Песнь Земли» і сталі лаўрэатамі другой ступені. Шчыра дзякую вам за цудоўны твор і адпраўляю відэа ў нашым выкананні».

Вось вам і чарговае прызнанне таленту Людмілы Логінавай.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.