Мечислав Данилович Муха является примером мужества и стойкости для всех, кто его знает

Важное Личности Общество

Людміла Касцюкова ўручае падарунак юбіляру

Прыклад мужнасці

«Як здароўе?» — «Дзякаваць Богу, добра». Такі адказ цяпер не часта пачуеш нават ад маладых. А з вуснаў 90-гадовага Мечыслава Данілавіча Мухі, інваліда з дзяцінства па наступствах Вялікай Айчыннай вайны, ён гучыць асабліва важка.

З гэтым мужным чалавекам я пазнаёмілася ў пачатку студзеня, калі ён адзначаў свой юбілей. Павіншаваць імянінніка прыехалі з падарункамі старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства Людміла Касцюкова (у далёкім мінулым М. Д. Муха працаваў вартаўніком магазіна ў Варапаеве). Але адным днём святкаванне не завяршылася. У выхадныя да юбіляра сабраліся ўнукі. Толькі адзін з іх, Аляксандр, жыве ў Паставах. Астатнія дабіраліся хто адкуль: святар Георгій — з Ліды, маёр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталій — з Мінска, уладальнікі ўласных фірм Вікторыя і Аляксандр — з Кіева. Пераадолелі немалыя адлегласці, каб хоць некалькі гадзін правесці разам з дзядулем, раздзяліць яго ўрачыстасць. Хіба гэта не сведчанне таго, як моцна яны любяць і паважаюць яго? І ёсць за што, бо Мечыслаў Данілавіч з’яўляецца прыкладам мужнасці і стойкасці не толькі для іх, але і для ўсіх, хто яго ведае.

Ён нарадзіўся ў маёнтку графа Пшэздзецкага ў Варапаеве. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей. Бацька служыў фурманам у графа. Той большую частку года жыў з сям’ёй у Вільні, а ў маёнтак прыязджаў летам на адпачынак. Мечыслаў Данілавіч добра памятае сваё дзяцінства. «Маёнтак размяшчаўся ў прыгожым месцы ля ракі, там, дзе цяперашні парк у Варапаеве. Непадалёк палаца быў узведзены двухпавярховы дом для прыслугі, дзе мы і жылі, — расказвае. — Граф меў маторную лодку, 2 машыны, коней. Жыў прыгожа і заможна, але і простых людзей не крыўдзіў».

Уладаранне панскай Поль­шчы, прыход Саветаў, нямецка-фашысцкая акупацыя, вяртанне да мірнага жыцця, мацаванне СССР і яго распад, станаўленне суверэннай Беларусі — усе гэтыя гістарычныя вехі прайшлі праз яго жыццё, як і жыццё ўсіх заходніх беларусаў. Самую балючую метку ў асабістым лёсе пакінула Вялікая Айчынная. Летам 1944-га, адступаючы пад націскам савецкіх войск, фашысты нашпігавалі графскі парк у Варапаеве ўзрыванебяспечнымі прадметамі. А яны магнітам прыцягвалі да сябе цікаўных дзяцей і падлеткаў. Двое мясцовых юнакоў загінулі ад выбуху гранаты, 15-гадоваму Мечыславу адарвала абедзве рукі амаль да локця.

— Калі б не савецкія воіны, памёр бы і я, — узгадвае ён тое жудаснае здарэнне. — Мяне тэрмінова адвезлі ў шпіталь у Дунілавічы і прааперыравалі. Затым цэлы год правёў у шпіталях і бальніцы ў Невелі. Бацькі доўгі час не ведалі, дзе я і ці жывы. А калі гэта стала ім вядома, маці прыехала ў бальніцу. Было мора слёз у яе і ў мяне. Прывезла мне шмат хатніх прадуктаў. А невельцы тады галадавалі. Папрасіў маці аддаць хлеб, сала і іншае санітарачцы, якая мяне выходж­вала. Як жа яна радавалася гэтаму!

Пра тое, як Мечыслаў вяртаўся да паўнацэннага жыцця, можна пісаць аповесць. Колькі фізічных і душэўных пакут перанёс! Як цяжка было пераадолець адчай, навучыцца без рук элементарным бытавым навыкам! І гэта ў пубертатным перыядзе, калі псіхіка падлетка і без таго вельмі ранімая. Выстаяў, не зламаўся. Дапамаглі медыкі, бацькі і ўсе родныя, сябры, якія стараліся, каб ён адчуваў сябе з імі на роўных. Нягледзячы на інваліднасць, з часам ён нічым не адрозніваўся і не адрозніваецца зараз ад фізічна не пакалечаных людзей, а многіх перавышае. «Я паставіў сабе за мэту стаць сапраўдным гаспадаром і стаў ім», — канстатуе.

Юбіляр з дачкой Марыяй

Дачка Марыя расказвае, што яе маці жыла за бацькам як за каменнай сцяной: «Ён заўсёды быў здабытчыкам у сям’і, у якой падрасталі мы з братам. Тата мог зрабіць тое, што не кожнаму з рукамі ўдавалася. Ён быў паляўнічым і рыбаловам, ездзіў на веласіпедзе, збіраў грыбы і ягады, умее пісаць. А які адмысловы парадак у доме і агаро­дзе! Летам прыязджаю, каб прапалоць градкі, а тата ўжо прайшоў усе з матычкай — пазбіваў траву, узрыхліў глебу, паліў. І ўвогуле дома ўсё робіць сам. Вялікі працаўнік».

Пасля таго, як аўдавеў, Мечыслаў Данілавіч шостую зіму праводзіць у дачкі ў Паставах. «Жыву тут, як у санаторыі, на ўсім гатовым, — гаворыць. — Чытаю кнігі, гляджу тэлевізар, хаджу з сабакам на прагулкі. — Але ўсё роўна час цягнецца вельмі марудна. Хутчэй бы дачакацца вясны — і ў сваё Варапаева! Я прывык пастаянна займацца справамі, а там іх у мяне хапае».

Ну што ж, да вясны не так і далёка. Не губляйце форму, Мечыслаў Данілавіч. І няхай у вашым жыцці будзе яшчэ шмат і зім, і вёснаў.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.