Мілыя сэрцу куточкі…

2018-2020 год — Год малой радзімы

Родны куточак той, дзе хочацца часцей бываць, адпачыць душой і сэрцам, задумацца над сэнсам жыцця, даць волю ўспамінам. Тут кожная сцяжынка, дрэўца да цябе прамаўляе, з заплюшчанымі вачыма можна прайсці і не спатыкнуцца. Такой блізкай майму сэрцу мясцінай з’яўляецца вёсачка Буцавічы. Нічым адметным яна не выдзяляецца, але мілейшай за яе для мяне няма. Тут я нарадзілася, адсюль хадзіла за чатыры кіламетры ў школу. Тут жылі мае бацькі, дзяды і прадзеды. Калісьці ў вёсцы было больш за трыццаць хат, цяпер жыццё цепліцца ў дванаццаці. Было многа дзяцей, толькі маіх аднагодкаў — адзі­наццаць. Людзі жылі дружна, як адна сям’я, разам ладзілі вяселлі, праводзіны ў апошні шлях, іншыя важныя справы.

Другі мой родны куточак — вёска Дуброўшчына, што недалёка ад Навасёлак-2. Гэта радзіма маёй мамы, дзе я ў дзяцінстве ў бабулі і дзядулі праводзіла лета. Там уся вёсачка — радня, і прозвішча ва ўсіх аднолькавае — Шчучка. Помняцца цёплыя летнія дні, празрыстая рэчка Страча з белымі лілеямі і жоўтымі гарлачыкамі, вялікія кусты язміну, што цвілі каля хат.

Жыццё бяжыць. Няма ўжо ні бацькоў, ні дзядоў, засталіся толькі ўспаміны. Дзякаваць Богу, жывуць яшчэ ў Дуброўшчыне мая родная цётачка і яе дачка. Дай ім, Усявышні, усяго добрага і доўгіх гадоў жыцця! Хочацца, каб нашы малыя радзімы не зніклі з карты вялікай Радзімы — Беларусі.

Мой родны куточак,
Так мілы ён сэрцу!
Тут сонейка яснае нібы смяецца.
Улетку і ўзімку, у кожную пору
Хапае усім і святла, і прастору.
Жывуць тут цудоўныя, сціплыя людзі,
Хай доўжыцца век іх, і шчасце хай будзе
І кожнай хаціне, і кожнаму двору,
Хай Бог атуляе усіх без разбору!

Крысціна Мітрафанава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.