Многочисленные гости пришли на новогодний утренник Социально-педагогического центра

Образование Общество

Падарылі радасць

Навагоднія святы — самыя любімыя і чаканыя ўсімі дзецьмі. Яны пагружаюць хлопчыкаў і дзяўчынак у казку з Дзедам Марозам і Снягуркай, падарункамі і гасцямі. Асабліва шмат іх бывае ў прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна.

Адчуванне свята ў выхаванцаў установы — а іх тут зараз 19 — з’явілася задоўга да Новага года. Яшчэ да пачатку рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая стартавала 10 снежня, у СПЦ завітаў прадстаўнік кампаніі «Джы­лі». Ён прывёз сродкі гігіены, ­адзенне, цацкі, фрукты і салодкія прысмакі. Марафон добрых спраў прадоўжылі Пастаўскі мэблевы цэнтр і ААТ «Паставымэбля», пералічыўшы на рахунак установы грошы на набыццё навагодніх упрыгажэнняў, падарункаў і неабходнай мэблі. Ваенны шпіталь арганізаваў для дзяцей паездку ў Мінск з наведваннем цырка і «Макдоналдса». Прыватны прадпрымальнік Сяргей Грыбаў запрасіў у сваю цырульню «Жамчужына», каб зрабіць прыгожыя прычоскі, а раённы Дом культуры — на навагодні спектакль «Прыгоды Бураціна». Яшчэ адно прадстаўленне для выхаванцаў прытулку падрыхтавалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН, а дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Дзіяна Пякарская ўручыла падарункі ад прафкама работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Таксама ў СПЦ пабывалі ваеннаслужачыя райваенкамата, кансультанты кампаніі «Фаберлік», гаспадыня магазіна «Дзіцячы стыль», іншыя нераўнадушныя. І ўсе не з пустымі рукамі.

Нямала гасцей прыйшло і на навагодні ранішнік, які ладзіўся 28 снежня ў Канцэртнай зале дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Сярод іх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іна Далецкая і Аляксей Філімонаў, першы сакратар РК БРСМ Вераніка Казлоўская, прадстаўнікі лясгаса, Дэпартамента аховы, Беларусбанка, шпіталя. Кожны з іх прынёс нешта пад ёлачку.

Арганізавалі ранішнік работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, якія паказалі прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, Снегавіка, свінкі Нюшы, Ката і пірата Джэка Вераб’я. Разам з казачнымі персанажамі і гасцямі дзеці вадзілі карагоды вакол ёлкі, удзельнічалі ў вясёлых конкурсах і гульнях, чыталі вершы зімоваму чараўніку. Віншуючы малых з надыхо­дзячым Новым годам, С. Р. Зямчонак пажадаў ім зда­роўя, поспехаў у вучобе і каб хутчэй адбыўся самы галоўны для іх цуд — кожны змог вярнуцца ў сваю сям’ю.

— У чаканні Новага года нашы дзеці марылі пра тое, каб ажыццявіліся іх запаветныя жаданні. Вы і іншыя, хто пабываў у прытулку, дапамаглі гэта зрабіць, — звярнулася да прысутных дырэктар СПЦ Наталля Селіванава. — Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі шмат мерапрыемстваў, акрамя падарункаў, атрымалі мноства ўражанняў і добры настрой. Наперадзе паездка на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёр­кі», новыя сустрэчы з цікавымі, добразычлівымі пастаўчанамі. Свята працягваецца!

Ад імя дзяцей і калектыву ўстановы Наталля Віктараўна падзякавала за падораную радасць, пажадаўшы ўсім дабра, цеплыні і любові ў дамах і сэрцах, а таксама запрасіла ў прытулак на пірагі. Крыху пазней з віншаваннямі туды прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кіся­лёў і начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Кашырын.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.