На прошлой неделе в Поставах определились с эскизом памятника Антонию Тизенгаузу

Главное Общество

Як гаспадар Антоній стане ля палаца

У мінулы аўторак у Паставах вызначыліся з эскізам помніка Антонію Тызенгаўзу.

Конкурс эскізных праектаў рашэннем раённага выканаўчага камітэта быў аб’яўлены ў канцы кастрычніка мінулага года. Палажэнне аб парадку яго арганізацыі і правядзення размясцілі на афіцыйным сайце райвы- канкама, прыняць ­удзел прапанавалі прафесійным скульптарам і архі­тэк­та­рам. Афіцыйныя запрашэнні былі адпраўлены ў ГА “Беларускі саюз мастакоў”, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава.

Адгукнулася 8 скульптараў. Яны і прадставілі свае эскізы на суд журы, у склад якога ўвайшлі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснікі Юрый Кісялёў і Павел Станюш, скульптары, члены Беларускага саюза мастакоў Сяргей Аганаў і Вольга Нячай, прафесар, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армэн Сардараў, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама, член абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак, галоўны ўрач УАЗ “Пастаўская цэнтральная раённая бальніца” Уладзімір Чакавы, начальнікі некаторых аддзелаў райвыканкама.

З праектамі эскізаў журы знаёмілася ў выставачнай зале музея, які знаходзіцца ў палацы Тызенгаўзаў. Кожны меў магчымасць выказаць сваё меркаванне, а некаторыя падрабязна спыняліся на тых дэталях, якія, на іх думку, не зусім адпавядаюць умовам конкурсу або не будуць гарманічна ўпісвацца ў архітэктурны ансамбль палаца. Шляхам галасавання перавагу аддалі праекту, які падрыхтаваў скульптар, дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Аляксандр Фінскі. Сярод найбольш яркіх яго манументальных работ — мемарыял “Яма. Мінскае гета”, “Нулявы кіламетр” на плошчы Кастрычніцкай у сталіцы, помнік вызваліцелям Рагачова, скульптурныя кампазіцыі для Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў Мінску, помнікі Сімяону Полацкаму і Максіму Танку.

— Паслухаўшы меркаванні прафесіяналаў і спыніўшыся на эскізе Аляксандра Фінскага, думаю, што мы зрабілі пра­вільны выбар, — рэзюмаваў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Помнік будзе адпавядаць вобразу Антонія Тызенгаўза як рэфарматара, мецэната, асветніка, палітычнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і лаканічна ўпішацца ў ландшафт і архітэктурны ансамбль палаца Тызенгаўзаў. Устанавіўшы пом­нік, мы ўвекавечым памяць пра асобу, якой належыць выключная роля ў гісторыі Пастаў.

У бліжэйшыя дні работнікі раённага музея адправяць неабходныя дакументы на ўзгадненне ў аблвыканкам, а адтуль іх перашлюць у Адміністрацыю Прэзідэнта. Пасля заключэння экспертнай камісіі скульптар прыступіць да работы. Раённая ўлада заахвочвае ўсіх неабыякавых да гісторыі роднага краю ўнесці свой уклад у агульную справу — прыняць удзел у зборы сродкаў на выраб і ўстаноўку помніка Антонію Тызенгаўзу. Яго адкрыццё прымяркуюць да 610-годдзя Пастаў, якое будзе адзначацца сёлета.

Тэкст і фота Анны Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.