«Наши приоритеты – неизменны». Беседа с начальником финансового отдела райисполкома Людмилой Шецко

Экономика

6 студзеня — прафесійнае свята фінансістаў. Сёлета яно асаблівае: спаўняецца 100 гадоў з дня стварэння Міністэрства фінансаў і фінансавай сістэмы. Напярэдадні даты карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Людмілай Шэцка.

— Людміла Мар’янаўна, можа, не будзем глыбока ўнікаць у гісторыю, бо ёй кожны можа пацікавіцца і ў інтэрнэце, а больш падрабязна пагаворым пра дзень сённяшні?

— Згодная. Скажу толькі, што 7 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі ўрад сваёй пастановай зацвердзіў Камісарыят фінансаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, які ў лютым таго ж года рашэннем 1-га з’езда Саветаў быў рэарганізаваны ў Народны камісарыят фінансаў БССР. За доўгія гады сваёй гісторыі ў функцыі, кампетэнцыі і структуры фінансавай сістэмы адбылося не адно змяненне, і ў залежнасці ад сітуацыі яна мела розныя назвы. Зараз гэта Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і яго структурныя падраздзяленні — мясцовыя фінансавыя аддзелы. Ролю фінансавых органаў на ўсіх гістарычных этапах станаўлення і развіцця нашай дзяржавы цяжка пераацаніць. Прычым ва ўсе часы прыярытэты для фінансістаў застаюцца нязменнымі: правядзенне бюджэтнай і падатковай палітыкі і размеркаванне фінансавых рэсурсаў з максімальнай эфектыўнасцю.

— Гэтым і займаецеся?

— Так. Плануем даходы па ўсіх крыніцах іх паступлення, лічым, як планы выконваюцца, размяркоўваем фінансы галінам эканомікі і арганізацыям бюджэтнай сферы, кантралюем іх выкарыстанне, адшукваем дадатковыя крыніцы паступлення даходаў і шляхі эканоміі фінансавых сродкаў.

— Ці шматлікі калектыў фінансістаў?

 — Не. Акрамя мяне, у ім яшчэ 6 чалавек. Гэта мой намеснік Ірына Астапковіч, галоўны бухгалтар групы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Людміла Турла, загадчык сектара планавання і выканання бюджэту Галіна Лапушынская, галоўныя спецыялісты гэтага сектара Святлана Цяляк і Марына Жыткая і вядучы бухгалтар групы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Таццяна Курыловіч. Таццяна прыйшла ў калектыў усяго тры месяцы назад, але ўжо выдатна зарэкамендавала сябе. Усе астатнія спецыялісты маюць немалы вопыт работы, кампетэнтныя і вельмі адказныя. Паўтара года назад у аддзеле прайшла аптымізацыя — скарочаны тры чалавекі, што яшчэ больш ускладніла нашу працу, бо функцыі аддзела засталіся ранейшымі, а штат на 30% зменшыўся. Складана, але спраўляемся. Прыемна, што напярэдадні 100-гадовага юбілею фінансавых органаў Падзякай старшыні райвыканкама адзначаны Ганна Ермакова, Святлана Цяляк, Ганаровай граматай райвыканкама — Ірына Астапковіч.

— Задам пытанне, якое тычыцца асабіста вас. Любіце сваю працу?

 — Вельмі, хоць цяжкасцей заўсёды хапае. Але такі ў мяне характар — чым складанейшыя задачы, тым цікавей працаваць. Спакойна — значыць сумна. А ў нашым аддзеле сумна ніколі не бывае. Прыйшла я сюды ў 1990 годзе пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі на радавую пасаду — спецыялістам. Праз два гады была назначана намеснікам начальніка, і вось ужо дзясяты год узначальваю аддзел.

 — Упэўнена, што і вашы папярэднікі былі сапраўднымі прафесіяналамі.

— Канешне! У іх мы і вучыліся. З удзячнасцю назаву былых начальнікаў аддзела: Іосіфа Сцяпанавіча Цыунеля і Ганну Ула­дзіміраўну Ермакову, супрацоўнікаў А. І. Саковіч, К. Б. Вырвіч, Т. В. Варанкоўскую, Н. П. Аліхвер, Л. Г. Рагіню, С. Д. Несцяровіч, Г. М. Жыдкую.

— Размаўляючы з галоўным фінансістам раёна, немагчыма не звярнуцца да лічбаў. Як завяршаеце год?

 — На жаль, не настолькі паспяхова, як хацелася б. Па чакаемай ацэнцы, за 2018 год у бюджэт раёна паступіць каля 24,9 млн руб. уласных даходаў, што скла­дзе 91% гадавога плана, тэмп росту да 2017-га — 110%. Асноўная прычына невыканання плана — зніжэнне паступленняў падатку на прыбытак ад асноўнага бюджэтаўтваральнага прадпрыемства — ААТ “Пастаўскі малочны завод”. У сувязі з ростам сабекошту рэалізаванай прадукцыі і спісаннем запазычанасці некалькіх сельгасарганізацый раёна, якія абанкруціліся, прыбытковасць завода знізілася больш чым на 2 млн руб. Па стане на 1 снежня высокай заставалася запазычанасць плацельшчыкаў па падатковых плацяжах — 1465,8 тыс. руб.

 — Распараджацца фінансавымі сродкамі прыхо­дзіцца вельмі ашчадна?

 — Безумоўна. Але найперш скажу, што ў раёне праводзілася вялікая работа па адшукванні дадатковых рэсурсаў для кампенсацыі “выпадаючых” даходаў. За студзень-лістапад дадаткова прыцягнута 3,5 мільёна рублёў, што складае 16,4% паступленняў уласных даходаў. Расходы бюджэту за студзень-лістапад склалі 40,2 мільёна рублёў і прафінансаваны на 96,8% да ўдакладненага гадавога плана. На фінансаванне дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў накіравана 83% ад агульнага аб’ёму бюджэту. Захавана яго сацыяльная накіраванасць. На фі­нансаванне сацыяльнай сферы накіравана 70,8% , або 28,4 млн. руб. Як бы складана ні прыходзі­лася, клапоцімся не толькі пра забеспячэнне бягучай дзейнасці ўстаноў бюджэтнай сферы, але і пра ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. На гэту мэту накіравана 1417,6 тыс. руб., на добраўпарадкаванне раёна — 934,3 тыс. руб.

 — А што ў планах на 2019 год?

 — Даходы па бюджэце раёна на год з улікам бязвыплатных паступленняў павінны скласці 48,5 млн руб. Аб’ём кансалідаванага бюджэту па расходах запланаваны ў суме 44,1 млн руб. Бюджэтная палітыка ў галіне расходаў будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці і ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы, своечасовае і поў­нае выкананне даўгавых абавязацельстваў, павышэнне эфектыўнасці бюджэтнага планавання, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.

— Вашы святочныя пажаданні?

 — Яшчэ раз шчыра дзякую ўсім ветэранам і цяперашнім работнікам фінансавай галіны за іх сумленную і настойлівую працу. Сардэчна віншую з наступіўшым Новым годам, прафесійным святам і 100-гадовым юбілеем фінансавай сістэмы краіны! Жадаю зда­роўя, дабра, шчасця. А ўсім жыхарам раёна — не мець фінансавых цяжкасцей.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.