Настоящим украшением этой зимы стал чемпионат Европы по фигурному катанию в Минске

Спорт

Фото из группы «Чемпионат Европы по фигурному катанию 2019» в ВКонтакте

Дэбют аказаўся цудоўным

Сапраўдным упрыгажэннем гэтай зімы назвалі многія журналісты чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, які праходзіў з 21 па 27 студзеня ў Мінску.

145 лепшых спартсменаў з 34 краін Старога Свету на працягу 4 дзён спаборніцтваў дэманстравалі сваё майстэрства на лёдзе сталічнага спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» пры гарачай падтрымцы запоўненых балельшчыкамі трыбун. Пабалець за любімых фігурыстаў прыехалі і прыляцелі аматары гэтага віду спорту не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі, Латвіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі, іншых еўрапейскіх дзяржаў. А дзякуючы шырокаму асвятленню турніру, на якім працавалі больш за 400 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, трансляцыі з беларускага лёду ўбачылі гледачы ў 20 краінах свету, у тым ліку ў далёкіх Бразіліі і Японіі.

І ўбачанае нікога не пакінула раўнадушным. Дзясяткі асабістых рэкордаў, непадробныя эмоцыі фігурыстаў і гледачоў пад зводамі «Мінск-Арэны», неверагодныя ўзлёты і крыўдныя падзенні, слёзы шчасця і перажыванні за паражэнні. Лепшыя з лепшых вызначаліся ў 4 катэгорыях. У выніку ўладальніцай золата ў жаночым адзіночным катанні стала Соф’я Самадурава з Расіі. Другое месца заняла яшчэ адна ра­сіянка — Аліна Загітава. Трэцяе дасталася Вівецы Ліндфарс з Фінляндыі. У мужчын пальму першынства атрымаў іспанец Хаўер Фернандэс, які ў Мінску развітаўся са спартыўнай кар’­ерай. Серабро ў расіяніна Аляксандра Самарына, бронза ў Матэа Рыца з Італіі.

Сярод спартыўных пар перамаглі французы Ванэса Джэймс і Морган Сіпрэ. Другое месца ў расіян Яўгеніі Тарасавай і Уладзіміра Марозава, трэцяе — у іх суайчыннікаў Аляксандры Байковай і Дзмі­трыя Казлоўскага. У танцах на лёдзе першынстваваў таксама французскі дуэт у складзе Габрыэлы Пападакіс і Гіёма Сізерона. Другое месца заваявалі Аляксандра Сцяпанава і Іван Букін з Расіі, трэцяе — Шарлен Гіньяр і Марка Фабры з Італіі.

Не менш відовішчнай, чым самі спаборніцтвы, атрымалася цырымонія закрыцця чэмпіянату. Падчас паказальных выступленняў разам з прызёрамі турніру на лёд выйшлі іншыя яго ўдзельнікі, а таксама беларускія спартсмены, двое з якіх — Ганна Кублікава і Юрый Гуліцкі ў танцах і Якаў Зянько ў адзіночным катанні — змагаліся за медалі. У закрыцці форуму прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кожнаму спартсмену за падораны акіян эмоцый, суддзям — за іх нялёгкую працу ў гэтым суб’ектыўным відзе спорту, трэнерам — без чыёй работы не было б такой прыгажосці на лёдзе. Кіраўнік дзяржавы ўручыў фігурыстам салодкія падарункі — беларускі шакалад, у якім няма цукру — і адзначыў, што мінскі чэмпіянат Еўропы ў гэтыя дні засланіў сабой і Australian Open, і этап Кубка свету па біятлоне.

Еўрапейскі турнір па фігурным катанні наша краіна прымала ўпершыню. І з дэбютам справілася выдатна. Цудоўную арганізацыю спаборніцтваў, цеплыню трыбун і гасціннасць гаспадароў адзначылі не толькі спецыялісты з Міжнароднага саюза канькабежцаў, трэнеры і спартсмены з розных краін, але і шматлікія гледачы, якім пашчасціла назіраць за чэмпіянатам на «Мінск-Арэне». 

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.