«Не нравится сидеть в четырех стенах, хочется постоянно двигаться». Одна мечта на двоих у Олега и Анжелики Мешкело

Общество

І яна самая звычайная для маладой сям’і — мець уласны дом, каб разам яго абжываць, кожную вясну, лета, восень і зіму добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол, а галоўнае — каб яго пакоі поў­ніліся дзіцячым смехам. Пажадана, дзвюх дачушак.

Знайсці карані іх жаданняў нескладана: абое выраслі ў сем’ях, дзе гадавалі­ся двое дзетак, жылі ў вёсцы, з маленства дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Добра ведаюць, што такое садзіць і палоць агарод, збіраць ураджай, нарыхтоўваць сена і дровы, карміць хатнюю жыўнасць. Напэўна, гэта і ёсць той выпадак, калі бацькі сфарміравалі светапогляд дзяцей правільным выхаваннем, уласным прыкладам.

Пазнаёміліся будучыя муж і жонка дзесяць гадоў таму на дні нараджэння агульнай сяброўкі і адразу адно аднаму прыглянуліся. Тады Алег разам з бацькамі жыў у Палессі, Анжаліка — у Шудаўцах. Доўга перапісваліся па інтэрнэце, потым сталі часцей бачыцца, а затым і сустракацца. Вяселле згулялі два гады назад. Зараз жывуць у райцэнтры на здымнай кватэры. Пры першым зручным выпадку імкнуцца наведаць бацькоў, аблегчыць іх вясковую працу, хоць тыя яшчэ і самі, як кажуць, хоць куды.

— Нядаўна мае бацькі набылі хату ў Лынтупах, мы з татам перарабілі яе на свой густ: перасцялілі падлогу, зрабілі новыя перагародкі. З нуля пабудавалі лазню і гараж, — расказваў Алег. — А праз некаторы час бацькі маёй жонкі атрымалі ў спадчыну хату праз адну ад нашай. І наноў пачалася тая ж песня: будоўля дзень і ноч. І хоць ужо даўно ўсё спарадкавана, а мы ўсё адно частыя госці ў бацькоў — не падабаецца сядзець у чатырох сценах кватэры, хочацца пастаянна рухацца.

Жыццё Алега і Анжэлы не зводзіцца толькі да наведвання бацькоў — маладая пара часта сустракаецца з сябрамі, ездзіць на матацыкле ў лес у грыбы і на рыбалку, любіць адпачываць на прыродзе. Летась і ўвогуле выбралася ў Егіпет. Разам дзеляць і хатнія абавязкі. Праўда, прызнаюцца, што вядучую ролю тут усё ж адыгрывае жонка, але муж ёй ва ўсім дапамагае. Анжэла працуе бухгалтарам ва УП ЖКГ, у вольны час захапляецца вязаннем. Алег — старшы інспектар па рабоце з мясцовым насельніцтвам на пагранічным пасту «Палессе». «Гэта нешта накшталт участковага, — тлумачыць. — У любы дом заходжу, як у свой, бо ведаю людзей з дзяцінства». Дарэчы, на выбар прафесіі таксама паўплываў бацька Алега, які за бездакорную службу мае дзве ўзнагароды ад Прэзідэнта Беларусі.

— Мяне больш прываблівае вірлівае грамадскае жыццё, — кажа суразмоўца. — Летась выбралі дэпутатам Лынтупскага сельскага Савета дэпутатаў. Так што працую з насельніцтвам Палесся яшчэ і як народны выбраннік. Лю­дзей хвалююць пытанні вулічнага асвятлення, расчысткі двароў ад снегу, іншыя. Іх сумесна са старшынёй Лынтупскага сельскага Савета Аляксандрам Макаранкам імкнёмся аператыўна вырашаць. У жніўні ажыццявіў яшчэ адно сваё даўняе жаданне — уступіў у шэрагі БРСМ і, нарэшце, сам далучыўся да дабрачыннасці, актыўнага адпачынку, конкурсаў.

Вераніка Філановіч
Фота з сямейнага архіва сям’і Мяшкела



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.