По итогам прошлогодней жатвы механизатор ОАО «Новоселки-Лучай» Александр Курдо признан лучшим в районе

Сельское хозяйство

Лідарства без сакрэтаў

Па выніках работы на мінулагоднім жніве механізатару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аляксандру Курдо прысуджана першае месца ў раёне.

На камбайне Аляксандр першы раз праехаў яшчэ падлеткам. На КСК-100 некаторы час працаваў бацька, які быў механікам, загадчыкам майстэрняў у былым калгасе «Гігант». Ён і прывіў сынам любоў да тэхнікі. Таму пасля заканчэння школы Аляксандр над выбарам прафесіі доўга не думаў — пайшоў у Пастаўскае прафтэхвучылі­шча. А закончыўшы яго, вярнуўся на бацькоўскую зямлю — у Лучай. З гадамі развіваліся навыкі, рос прафесіяналізм. Любая тэхніка стала яму падуладная. Вопытнаму меха­нізатару ў свой час кіраўніцтва даверыла камбайн нямецкай вытворчасці «Джон Дзір». Больш за 15 сезонаў убірае на ім збажыну.

— Жніво — самы адказны перыяд у хлебаробскай справе, — лічыць Аляксандр. — Трэба ўбраць усё тое, у што ўкладзена праца дзясяткаў хлебаробаў, спецыялістаў на працягу года.

Механізатар рупіцца і з года ў год дабіваецца высокіх намалотаў. Па выніках мінулагодняга жніва на яго рахунку больш за 2000 тон збожжа. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у раёне. На ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якая ладзілася ў раённым Доме культуры ў лістападзе мінулага года, ён атрымаў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта.

— Што паспрыяла стаць лідарам? — цікаўлюся.

— Кіраўніцтва нашай гаспадаркі робіць усё для таго, каб радзіла ніва: не эканоміць на ўгнаеннях, хімікатах, набывае элітнае насенне. Гэта і садзей­- нічае высокай ураджайнасці. Тэхніка загадзя рыхтуецца да выезду ў поле. І сам стараюся.

— Часлававіч тэхніку беражэ, — сцвярджаюць калегі і кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай». —   На якой бы ні працаваў, яна заўсёды ў ідэальным стане. Не лянуецца лішні раз агледзець, штосьці падкруціць.

— Мінуламу жніву спрыяла надвор’е, — успамінаў камбайнер. — У мяне за плячыма 20 сезонаў. Здаралася рознае. Задажджыць — нервы «гніюць».  Калі ж бункер камбайна хутка запаўняецца «золатам», а потым яго высыпаеш у кузаў аўтамашыны — гэта такое задавальненне! Парадавала летась кукуруза. Бункер за 15-20 хвілін намалочваў. Былі дні, што больш чым па 100 тон набіраў.

Памочнікам падчас уборкі ў Аляксандра звычайна бывае сын Андрэй. Ён у Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы набывае прафесію механіка.

Адпачываюць пад тоўстай снежнай коўдрай палі, у зімовым сне азімыя культуры. А Аляксандр Курдо ў гэтыя дні працуе на лучайскай ферме — забяспечвае кармамі жывёлу.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.