Подсчитаем птиц вместе — присоединяйся к птичьей “переписи”!

Общество

Улік вадаплаўных птушак праводзіцца на працягу ўсяго студзеня. Арганізатары акцыі — грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Зімовы ўлік праводзіцца для таго, каб ацаніць, колькі птушак і якіх відаў зімуюць у Беларусі. Гэта дазваляе лепш планаваць дзеянні па іх захаванні. Найлепш рабіць «перапіс» у марозныя дні, бо птушкі будуць гуртавацца на адкрытых участках вадаёмаў. Усе як на далоні! Самымі ж актыўнымі днямі акцыі вызначаны 18, 19 і 20 студзеня.

Каб далучыцца да акцыі, трэба прыйсці на любы вадаём і падлічыць птушак. Улік пажадана пачынаць праз 3-4 гадзіны пасля світання і імкнуцца завяршыць да 15 гадзін, паколькі раніцай і бліжэй да вечара птушкі часцей пералятаюць з месца на месца, што ўскладняе іх падлік. Як правільна выбраць месца і час для «перапісу», запоўніць анкету і іншая карысная інфармацыя знаходзіцца на сайце АПБ http://ptushki.org

Не можаце самастойна вызначыць від птушкі — карыстайцеся вызначальнікам на guide.florafauna.by. Калі і з яго дапамогай апазнаць від не атрымаецца, варта сфатаграфаваць птушку і выслаць здымак на info@ptushki.org або закачаць на florafauna.by — спецыялісты дапамогуць у «апазнанні».

Для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета. Напрыклад, калі вы ў адзін дзень будзеце падлічваць птушак на рацэ і возеры, а праз некаторы час паўторыце ўлік на тым жа возеры, то трэба будзе падаць тры анкеты. Паўторны ўлік на адным і тым жа вадаёме варта праводзіць не часцей чым раз у дэкаду.

Анкеты ўліку дасылайце у Сакратарыят АПБ не пазней за 9 лютага 2019 года: у электронным выглядзе — на адрас: info@ptushki.org; у папяровым —на адрас: ГА «Ахова птушак Баць­каўшчыны», вул. Парніковая, д. 11, пам. 4, 220114, г. Мінск.

Усе ўдзельнікі «птушынага перапісу» атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.

Падрыхтавала Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.