«Получаю кайф от своей работы». История поставчанки Татьяны Омельчак

Общество Экономика

Калі работа ў кайф

Памятаеце вядомую спрэчку паміж прадстаўнікамі дакладных і гуманітарных навук — так званымі фізікамі і лірыкамі — наконт таго, хто з іх важнейшы? Гэта пытанне да сённяшняга часу застаецца без адказу. Але пастаўчанка Таццяна Амяльчак для сябе зрабіла адназначны выбар — на карысць фізікаў.

Справа ў тым, што па першай адукацыі Таццяна Уладзіміраўна — выкладчык музыкі і спеваў і сацыяльны педагог, закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Але, атрымаўшы дыплом і ўладкаваўшыся ў гімназію, хутка зразумела: набытая спецыяльнасць не даспадобы, трэба мяняць прафесію, прычым кардынальна. У пошуках новага месца работы абышла некалькі ўстаноў і арганізацый горада, пакінуўшы там свае даныя. І праз некаторы час раздаўся тэлефонны званок з аддзялення Белаграпрамбанка ў Паставах з прапановай замяніць на час дэкрэтнага водпуску спецыяліста па кіраванні чалавечымі рэсурсамі, прасцей кажучы, кадравіка.

— Так у 2009 годзе пачалася мая кар’ера ў банку, — гаворыць сёння намеснік начальніка Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у г. Паставы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Таццяна Амяльчак. — Разам з тым я вызначылася, у якую ВНУ падаваць дакументы, каб атрымаць другую вышэйшую адукацыю. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Фінансы і крэдыт».

Праз год з аддзела кадраў будучы эканаміст перайшла ў аддзел кліенцкага менедж­менту на пасаду спецыяліста па арганізацыі грашовага абароту. Стала займацца заключэннем дэпазітных дагавораў і дагавораў на зар­платнае абслугоўванне з юрыдычнымі асобамі, весці справаздачнасць і работу з каштоўнымі паперамі. Затым давялося папрацаваць у аддзелах разлікаў, рознічных паслуг, актыўных банкаўскіх аперацый і такім чынам вывучыць практычна ўсю дзейнасць банка. Пакуль у маі 2018 года не назначылі намеснікам начальніка ЦБП.

Цяпер у абавязкі Таццяны Уладзіміраўны ўваходзіць арганізацыя работы аддзела карпаратыўнага бізнесу. Гэтаму напрамку ў апошні час надаецца вялікая ўвага, што звязана са стратэгіяй развіцця Белаграпрамбанка на 2018—2020 гады і ў цэлым з палітыкай дзяржавы. Установа дапамагае развіваць свой бізнес індывідуальным прадпрымальнікам і прыватным прадпрыемствам — аказвае ім фінансавую падтрымку ў выглядзе крэдытаў, прыцягвае на разлікова-касавае абслугоўванне.

— Курыраваць карпаблок няпроста, — прызнаецца Т. У. Амяльчак. — Гэта вялізны ўчастак, які ўключае ў сябе ўсё, што мы можам прапанаваць юрыдычным асобам. І я павінна яго дасканала ведаць. Таму пастаянна на рабоце і дома вывучаю лакальныя нарматыўныя акты, якіх незлічоная колькасць, да таго ж яны часта мяняюцца. Увогуле, работы вельмі шмат, асабліва ў канцы года. У снежні амаль штодзень затрымлівалася ў банку да 8-9 вечара, часам прыходзіла і ў суботу. Але любоў да абранай справы такая вялікая, а сама работа настолькі цікавая і разнастайная, што кайф, які атрымліваю ад яе, перакрывае ўсю складанасць і стомленасць ад напружанага рабочага дня.

Акрамя сваіх прамых абавязкаў, Таццяна Уладзіміраўна займаецца грамадска-культурнай дзейнасцю — узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ўстановы. А яшчэ яна — мнага­­­д­зет­ная мама, разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей. Сын ходзіць у 10 клас, старэйшая дачка — у 8-мы, а малодшая пакуль наведвае дзіцячы садок. Гледзячы на гэту маладую, прыгожую жанчыну, можна толькі пазайздросціць яе мэтанакіраванасці і працавітасці, уменню на ўсё знаходзіць час.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.