Помогут в любой ситуации. 19 января — День спасателя

Общество Правовое поле

Андрэй Турок, Аляксей Мозалеў, Валерый Сеганкевіч, Алег Каравацкі, Яўгеній Кундро, Мікалай Са­вельеў, Сяргей Мінгіновіч, Аляксандр Хмылко і Аляксандр Хілевіч

Сёлетняе свята для работнікаў Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, як і для ўсіх ратаў­нікоў краіны, юбілейнае. У 1998 годзе спецыялізаваная ваенізаваная пажарная служба, часці якой размяшчалі­ся ў кожным куточку Беларусі, была выведзена са складу Міністэрства ўнутраных спраў і далучана да створанага чатырма гадамі раней Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А 19 студзеня 1999-га Прэзідэнт краіны зацвердзіў Палажэнне аб МНС Рэспублікі Беларусь, якім на апошняе былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэння пажарнай бяспекі.

За два дзесяцігоддзі ў аддзеле адбылося шмат станоўчых змен, перш за ўсё ў плане тэхнічнага аснашчэння. Па словах старажылаў, пачынаць работу ў новым ведамстве давялося з чыстага ліста, не маючы амаль нічога, чым рэальна можна было ратаваць людзей.

— Нашы пажарныя машыны былі ўмяшчальнасцю ўсяго 2,5 тоны вады, якую мы вылівалі за пару хвілін работы. Таму часта чулі ад людзей, што прыехалі на пажар без вады, — успамінае намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ігар Януковіч, які працуе ў аддзеле з канца 90-х. І дадае: — Зараз гэта пытанне вырашана. На ўзбраенні ў нас два 10-тонныя МАЗы, адзін 5-тонны і некалькі мадэрнізаваных ЗІЛоў у рэзерве.

Тое ж самае можна сказаць пра экіпіроўку ратаўнікоў. На змену процівагазам КІП-8, у якіх чалавек дыхаў чыстым кіслародам, што наносіла шкоду зда­роўю, прыйшлі бяспечныя для арганізма апараты на сціснутым паветры. Брэзентавыя і дэрмацінавыя касцюмы нізкага ўзроўню абароны змяніла сучаснае баявое адзенне, якое цалкам засцерагае ад уздзеяння агню і высокіх тэмператур. Звычайныя гумовыя боты — спецыяльныя тытанавыя. У іх смела можна ісці па асколках шкла і цвіках, не баючыся прабіць нагу.

З’явілася вялікая колькасць тэхнікі для выратавання лю­дзей на вышыні, пацярпелых у дарожна-транспартных здарэннях. Тады як раней былі толькі лапата, сякера і двухручная піла. Створана аддзяленне хімічнай і радыяцыйнай абароны. Маецца шмат абсталявання для збору ртуці, асобны аўтамабіль, укамплектаваны газааналізатарамі. Таксама ёсць аўтамабіль хуткага рэагавання, аснашчаны спецыяльным наборам інструментаў і лодкай, на якім ратаўнікі выязджаюць на ДТЗ.

Увогуле, аказваць дапамогу людзям даводзіцца ў самых розных сітуацыях. Зімой, у моцныя маразы і завеі, МНСаўцы дапамагаюць сагрэцца тым, чыя тэхніка вымушана спынілася на дарозе. Нярэдка выязджаюць ратаваць дамашніх жывёл, якія залезлі на дрэва і не могуць самі спусціцца на зямлю, праваліліся ў вентыляцыйныя шахты і калодзежы. На сённяшні дзень у штаце РАНС 81 чалавек, двое з якіх вольнанаёмныя і 79 — атэставаныя. Сярод іх 18 афіцэраў і 61 баец. З кожным годам тых, хто стаяў ля вытокаў станаўлення службы, усё менш і менш. На змену ім прыходзіць моладзь, фізічна развітая і спартыўная.

— Калектыў у нас з’яднаны, дружны, у ім няма выпадковых людзей, — расказваў начальнік РАНС Аляксей Кісель. — Кожны работнік, які не мае спецыяльнай адукацыі, праходзіць індывідуальнае навучанне па месцы службы, а затым на працягу трох месяцаў — ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Калі ж называць лепшых, то гэта найперш начальнікі змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Андрэй Турок і Аляксандр Хілевіч, намеснік началь­ніка часці Павел Навумчык, старшыя інструктары-ратаўнікі Валерый Сеганкевіч і Яўгеній Кундро, майстры-ратаўнікі Яўгеній Хмяль­ніцкі, Мікалай Савельеў, Аляксей Мозалеў, Алег Каравацкі, Сяргей Мінгіновіч, хімік-дазіметрыст Аляксандр Хмылко. Па выніках работы за 2018 год за мужнасць і гераізм, праяўленыя на пажарах, правамі міністра МНС Рэспублікі Беларусь яны адзначаны грашовымі прэміямі.

Добрых слоў заслугоўваюць таксама старшы механік Аляксандр Ясінскі, вадзіцелі Міхаіл Курто, Дзяніс Сарокін, дыспетчары Аляксандр Мышко і Таццяна Дарашкевіч. Актыўныя ветэраны Віктар Арсеньевіч Міхайлоўскі, Сяргей Яўгеньевіч Літ­віновіч, Пётр Альбінавіч Свірыдовіч, Мікалай Казіміравіч Пляшкун і інш. Яны прыходзяць у ад­дзел на розныя мерапрыемствы, дапамагаюць сваім былым саслужыўцам вучыць моладзь.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.