«Постоянно снились Сергеевичи…» Светлана Косинец этой осенью вернулась в родные края

Сельское хозяйство

Вяртанне да сябе

Так склаліся жыццёвыя абставіны, што Святлана Косінец чатыры гады пражыла ў Гродне і столькі ж адпрацавала на Скідзельскай птушкафабрыцы. А гэтай восенню вярнулася ў Сяргеевічы.

— Я і не планавала назаўсёды заставацца ў Гродне, — прызналася. — Думала дапрацаваць на фабрыцы да пенсіі, але не вытрымала — вельмі карцела дадому. Калектыў на фабрыцы зладжаны, зарплата добрая, але мне пастаянна сніліся Сяргеевічы…

У гэту вёску ў 1988 годзе Святлана выйшла замуж. Тут нарадзіліся і выраслі трое яе дзяцей. Эма працуе начальнікам участка на жывёлагадоўчым комплексе ў Дунілавічах, Валя — тэхнолагам харчовай прамысловасці ў Самахвалавічах. Максіма прывабілі дарогі, і ён стаў вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Тут яна ведае ўсіх людзей і кожную лясную сцежку (з’яўляецца вялікай аматаркай збірання ягад і грыбоў). Тут да ад’езду ў Гродна чвэрць стагоддзя адпрацавала даяркай на ферме. Была ў перадавіках, яе фотаздымак заносіўся на Дошку гонару гаспадаркі.

— Мы вельмі рады, што Святлана вярнулася, — казалі начальнік сяргеевіцкага аддзялення сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Алена Кісялёва і загадчык фермы Сяргей Чукін. — Яна вельмі старанная працаўніца. На ферму якраз патрабавалася даярка на групу першацёлак. Без ваганняў даручылі яе Святлане.

Зараз у групе 44 першацёлкі. Раздойванне — справа адказная і клопатная. «У кожнай кароўкі свой нораў, — даводзіла мне даярка. — Я і за вушкам іх пачашу, і паразмаўляю з імі (жартую, што расказваю казкі). Большасць — ласкавыя, але ёсць і такія, якіх вельмі цяжка прывучыць да даільнага апарата. На ферму прыходжу ў пяць гадзін раніцы: падсуну бліжэй да кароў кармы, пасыплю апілкамі праходы, каб было суха, і прыступаю да дойкі. У гэтыя дні ад каровы надойваю ў сярэднім па 15 кілаграмаў малака. Частка яго ідзе на выпойванне маленькіх цялятак. Іх захаванасць у нас стопрацэнтная. І сама даглядаю, нібыта малых дзяцей, і загадчык фермы, які па спецыяльнасці ветурач, пільна сочыць за здароўем маладняку. Цяляткі прыгожыя, утрымліваюцца ў вельмі добрых умовах».

Я слухала Святлану Сяргееўну і думала пра тое, што не кожны з такім замілаваннем скажа пра лю­дзей, як яна пра жывёлу. І ўсё таму, што любіць сваю нялёгкую працу і выконвае яе з душой. А зарадзілася гэта любоў яшчэ ў дзяцінстве, калі яна прыбягала на кейзікаўскую ферму дапамагаць маці-даярцы.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged