«Позвольте вам поколядовать!» Центр культуры и народного творчества района организовал в Дуниловичах «Калядныя вячоркі»

Главное Культура

З песнямі, віншаваннямі ды найлепшымі пажаданнямі прайшлі «Калядныя вячоркі», арганізаваныя Цэнтрам культуры і народнай творчасці раёна

— Добры вечар, шчодры вечар! Дазвольце вам пакалядаваць, — з гэтымі словамі калядоўшчыкі з Казой увайшлі ў хату дунілавіцкага цымбаліста Уладзіміра Мычко.

Тут іх ужо чакалі гаспадары і мясцовая моладзь у нацыянальных строях разам з дырэктарам Дунілавіцкага сельскага Дома культуры Інай Русецкай. Ролю калядоўшчыкаў выконвалі ўдзельнікі гурта Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра на чале з яго дырэктарам Тамарай Маслоўскай. У рамках акцыі «Святкуем па-беларуску» яны штогод ладзяць выязныя вячоркі ў які-небудзь населены пункт раёна, каб узгадаць абрады продкаў, песні і танцы мінулых часоў, народныя гульні. Мэта зразумелая — захаванне і перайманне спадчыны.

Госці выканалі традыцыйную калядную песню «Віфлеемская зорка», а Каза ад душы павесяліла прысутных: бадалася, па-заліхвацку скакала, ды так, што ў рэшце рэшт «скапыцілася» і ад стомы завалілася на падлогу. За старанні татэмная жывёліна атрымала кавалак сала. Дарэчы, даўней Каза лічылася адным з галоўных сімвалаў калядак, неад’емным атрыбутам багатага ўраджаю, абярэгам хатняга ачага ад злых сіл.

Надышоў час забаў. Пачалі з «Шапачнага знаёмства». З выкарыстаннем галаўнога ўбору юнакі і дзяўчаты знаёміліся (кідалі шапку па крузе, пакуль не спыніцца мелодыя, і той, у чыіх руках яна затрымалася, расказваў пра сябе), працягвалі вядомыя выразы пра гэты прадмет гардэроба, а хлопцы яшчэ і мераліся спрытам. Гульня ў «Галубку»  змянялася «Жоравам», у «Яшчура» — «Суседам». Не з меншай ахвотай і запалам моладзь танцавала падэспань, кракавяк, лысага, польку і лявоніху. Цікавай была і варажба: дзяўчаты высвятлялі, хто будзе суджаным.

Усе дзеі разгортваліся пад жывы гук. А забяспечыў яго заўзяты цымбаліст Уладзімір Мычко, на баяне яму падыгрывала Людміла Здраеўская, на бубне — Людміла Лашук. А каардынавала ход вячорак  навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Людміла Чатовіч.

Завяршыліся вячоркі чаяваннем за накрытым прысмакамі сталом.

Вераніка Філановіч
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged