«Приключения Буратино» по-поставски. Перед Новым годом районный Дом культуры порадовал зрителей новой постановкой

Культура

У чарговы раз раённы Дом культуры парадаваў маленькіх і дарослых гледачоў навагодняй пастаноўкай. Сёлета новае гучанне набыла старая добрая казка «Прыгоды Бураціна». Абодва прадстаўленні, якія адбыліся 25 і 26 снежня, прайшлі з аншлагам.

Спектакль падарыў гледачам мноства станоўчых эмоцый, яркіх уражанняў, цікавых сюжэтных паваротаў, дух прыгодніцкага авантурызму, прыгожыя касцюмы і дэкарацыі. Ну і, вядома, навучыў дабру, веры ў цуды, моцнай дружбе і справядлівасці. А паклапаціліся пра гэта даверлівы Бураціна (Жэня Васілевіч, навучэнец СШ №1), добрая Чарапаха Тарціла (Таццяна Кухальская, РДК), майстравіты Папа Карла (Канстанцін Юхновіч, шпіталь), Дурымар (Аляксандр Бандарэнка, СШ №1), Карчмарка (Вераніка Сіланава, раён газазабеспячэння), Снягурка (Ганна Антух, ДШМ імя А. Тызенгаўза) і іншыя персанажы. Адразу ў трох ролях — Паштальёна Печкіна, памочніка майстра і Дзеда Мароза — паўстаў Аляксандр Баглікаў (шпіталь). Так і веяла харызмай ад хітрых злодзеяў Лісы Алісы (Алена Слядзеўская, РДК. Яна ж з’яўляецца рэжысёрам пастаноўкі), Ката Базіліа (Яўгеній Гатоўчык, СШ №2) і Карабаса Барабаса (Адзіл Валіеў, лясгас).

Ствараць на сцэне казачную атмасферу галоўным героям дапамагалі ўдзельнікі дзіцячых калектываў РДК: узорнай вакальнай студыі «Юніта», танцавальнага калектыву «Карамелькі», арт-студыі «Экспромт», тэатральнага калектыву «Дзіцячы квартал», узорнай цыркавой студыі «Каскад», а таксама ансамбль барабаншчыц і танцавальны калектыў ДШМ імя А. Тызенгаўза. Усяго ў пастаноўцы было за­дзейнічана каля 170 чалавек. І гэта толькі артысты!

Падрыхтоўку да спектакля калектыў РДК пачынае яшчэ восенню: збіраецца разам, абмяркоў­вае персанажаў, касцюмы, дэкарацыі, асвятленне і іншае. І заўсёды імкнецца паднесці тую ці іншую гісторыю ва ўласнай інтэрпрэтацыі. Для гэтага ў пастаноўку ўключаюцца, вобразна кажучы, героі нашага часу. Так, сёлета непадробнае захапленне ў малечы выклікалі лялькі Лол, а няхітрыя рухі з кліпа на песню «Скібідзі» гурта «Літл Біг» паўтарала амаль уся глядзельная зала. 

А каб разнастаіць казачную дзею, ужо трэці год запар раённы Дом культуры запрашае прыняць у ёй удзел гасцей з Мінска. На гэты раз дрэсіраванымі поні, конікам і шоу мыльных пузыроў гледачоў здзіўляў цырк «Антрэ».

Гатовая казка — вынік карпатлівай калектыўнай працы прыблізна трохсот чалавек. Цудоўны вынік!

Вераніка Філановіч
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged