«Привозят все, чего душе угодно». Автомагазины очень важны для жителей сельской местности

Общество

Магазін прыехаў!

Ад Куртаў да Пастаў не больш за 10 кіламетраў, яшчэ бліжэй — да Хаціл. Але гэтым жанчынам, якіх вы бачыце на здымку, нават аўтобусам туды цяжка дабрацца. За выключэннем маладзейшай, Тэрэсы Плюта, усе трое з аднолькавым прозвішчам Кірплюк — Юзэфа Іосіфаўна, Ядвіга Іванаўна і Галіна Мікалаеўна, хо­дзяць з дапамогай лясачак. Кожную сераду і суботу ў іх і іншых жыхароў вёскі адна і тая ж кропка збору — павільён на аўтобусным прыпынку, да якога ў вызначаны час пад’язджае аўтамагазін райспажыўтаварыства.

— Прывозяць усё, што душа жадае, — гавораць вяскоўкі. — Былі б толькі грошы. І абслугоў­ваюць культурна. Мы вельмі задаволеныя.

Пакуль гутарылі з вадзіцелем аўтамагазіна Чаславам Нагановічам (на здымку) і прадаўцом Ганнай Сычанковай, іх ужо чакалі ў другім канцы вёскі, дзе жыве жанчына, хадзіць якой яшчэ цяжэй — толькі на мыліцах.

 — Такіх населеных пунктаў, у якіх мы спыняемся не ў адным, а ў некалькіх месцах, шмат, — расказваў Часлаў Зянонавіч. — Людзі ў вёсках пераважна старыя, ім цяжка прайсці лішнія метры, а тым больш данесці дадому пакупкі. Вось і пад’яз­джаем.

Агульны вадзіцельскі стаж Ч. З. Нагановіча — 46 гадоў. Як пачаў руліць на армейскім ЗІЛе падчас праходжання тэрміновай ваеннай службы, так і не расстаецца з баранкай. У рай­спажыўтаварыстве працуе не адзін дзясятак гадоў, і ўвесь час — вадзіцелем аўтамагазіна. Шмат гадоў прадаўцом была жонка Ванда Адамаўна. Кіраў­ніцтва райспажыўтаварыства цаніла сямейны экіпаж, ставіла яго ў прыклад іншым. Зараз Ванда Адамаўна на пенсіі. Да апошніх дзён дагледзела старэнькіх бацьку і маці, займаецца хатняй гаспадаркай і ўнукамі.

Часлаў Зянонавіч працягвае калясіць па дарогах раёна. Па аўторках і суботах аўтамагазін пераадольвае да 200 кіламетраў, пачынаючы ад Вялікай Вольсі, Дукоў, Літвінак і завяршаючы маршрут у Сергах і Калітах. Па серадах і пятніцах шлях некалькі карацейшы. Якімі б ні былі дарогі, абавязкова даяз­джаюць да пунктаў назначэння. Здараецца, што і забуксуюць, калі дарожнікі не паспелі расчысціць снег. Выцягваюць амкадорам.

Калі Часлаў Нагановіч — ветэран райспажыўтаварыства, то прадавец магазіна на колах Ганна Сычанкова ў гэтай ролі толькі другі год. Час пакажа: затрымаецца надоўга ці не, бо праца нялёгкая, але свае абавязкі выконвае добрасумленна.

А тое, што аўтамагазіны маюць вялікую сацыяльную значнасць у сельскай мясцовасці, бясспрэчна.


Ганна Сянько, першы намеснік старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства:
9 аўтамагазінаў райспажыўтаварыства абслугоўваюць 252 населеныя пункты раёна, у якіх пражывае ўсяго 4090 чалавек. У некаторых вёсках — толькі па тры-пяць, а то і па адным. Іх работа эканамічна неэфектыўная, але мы не можам пакінуць без гандлёвага абслугоўвання людзей, якія ўсё жыццё адпрацавалі на зямлі, а зараз састарэлі і не маюць ні сіл, ні здароўя. Набываюць тавар у аўтамагазінах і цяперашнія працаўнікі сельскай гаспадаркі. Дзякуем усім, хто спадзяецца на спажыўкааперацыю, і будзем старацца абслугоўваць людзей якасна.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.