С 1 января 2019-го в Беларуси начал действовать ряд нововведений. Основные — в подборке «ПК»

Важное Общество

Базавая велічыня

Базавая велічыня з 1 студзеня вырасла на рубель і склала 25,5 рубля. Падняліся і памеры дапамог, пошлін, збораў і штрафаў, прывязаных да базавай.

«Мінімалка»

З 1 студзеня змяніўся памер месячнай мінімальнай заработнай платы. Яна склала 330 рублёў. Летась «мінімалка» раўнялася 305 беларускім рублям.

Указ аб ілжэпрадпрымальніцтве скасаваны

Вырашана цалкам адмяніць гэты ўказ з адначасовай рэалізацыяй палажэнняў у Падатковым кодэксе, накіраваных на спыненне ілжэпрадпрымальніцкай дзейнасці.

Пенсіі па ўзросце

Са студзеня дзейнічае новы пенсійны ўзрост: для мужчын — 61 год і 6 месяцаў, для жанчын — 56 гадоў і 6 месяцаў. Пенсія будзе назначацца, пачынаючы з другога паўгоддзя, для мужчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1958 года, і для жанчын, народжаных з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1963 года.

Мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання пенсіі, таксама павялічыцца: з 16,5 года да 17 гадоў.

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі

Выраслі (сумарна на 3,9 долара) тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па капітальным рамонце, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію. А вось тарыфы на тэхабслугоў­ванне жылога дома, ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі захоўваюцца на ўзроўні 2018 года.

Плата за ЖКП для не занятых у эканоміцы

Грамадзяне, уключаныя ў спісы не занятых у эканоміцы, будуць плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачае водазабеспячэнне (падагрэў вады). Калі беспрацоўны пражывае адзін, то за названыя ЖКП ён заплаціць у поўным аб’ёме. Калі жыве з членамі сям’і — то прапарцыянальна колькасці аказаных яму паслуг. У выпадку пражывання ў кватэры двух не занятых у эканоміцы грама­дзян паслугі будуць налічвацца па поўных тарыфах у дачыненні да абодвух. Аднак калi плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг з’яўляецца працуючы або пенсіянер і з ім пражываюць не занятыя ў эканоміцы, то плата будзе налічвацца па агульных правілах.

Можна выбіраць рэжым падаткаабкладання

Калі сёння адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца пэўнымі відамі дзейнасці або аказваюць асобныя віды паслуг, з’яўляецца абавязковым, то з 1 студзеня ў іх з’явілася магчымасць выбраць той падатковы рэжым, які іх задавальняе: можа быць захаваны рэжым платы адзінага падатку, а можна выбраць спрошчаную сістэму падаткаабкладання або перайсці на агульную сістэму платы падаходнага падатку.

Новыя нормы ўвозу тавараў

З 1 студзеня ў Беларусь можна ўвозіць тавары на суму не больш за 500 еўра з агульнай вагой не больш за 25 кг.

Выраслі ліміт на бяспошлінныя пасылкі…

Штомесячны ліміт на бяспошлінныя пасылкі павялічаны з 22 еўра і 10 кг да 200 еўра і 31 кг (у сукупнасці). Пры гэтым прадугледжваецца разавая норма аднаго адпраўлення ў памеры 22 еўра і 10 кг.

…і грашовае забеспячэнне салдат

Памер грашовага забеспячэння ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы павялічыўся больш чым у два разы і склаў ад 29,25 да 62,79 рубля ў месяц (у залежнасці ад пасады і класнай кваліфікацыі спецыяліста). Павышэнне грашовага забеспячэння тычыцца толькі салдат і сяржантаў.

Павялічыўся час прыёму ўрачамі

Урачы, якія абслугоўваюць дарослых і дзяцей, на першасным прыёме (урачы агульнай практыкі) будуць удзяляць пацыентам 20 хвілін сваёй увагі замест ранейшых 15. На прафілактычны прыём адводзіцца 15 хвілін. Дактарам, якія абслугоўваюць толькі дарослых, час першаснага прыёму павялічылі з 15 да 18 хвілін, а прафілактычны агляд — з 10 да 13 хвілін.

Заробак будаўнікоў

Са студзеня ў Беларусі плануюць на 30-35% павысіць заработную плату ў будаўнічай сферы. Пры гэтым розныя ўмовы ў аплаце працы для рабочых у сталіцы і рэгіёнах будуць ліквідаваны.

Беларуская мова – на сайты

Усе дзяржаўныя органы абавязаны дубліраваць асноўную інфармацыю на дзвюх дзяржаўных мовах. Пры гэтым дадзены закон распаўсюджваецца не толькі на сайты дзяржаўных органаў, але таксама на любыя інтэрнэт-парталы гаспадарчых суб’­ектаў, дзе дзяржава валодае доляй уласнасці. Аднак правіла двухмоўя не распаўсюджваецца на навіны, якія публікуе орган або арганізацыя. Таксама з 1 студзеня ўладальнікі сайтаў абавязаны зрабіць іх даступнымі для інвалідаў па зроку.

Выбарачныя праверкі замест планавых

Замест планавых праверак у краіне ўво­дзіцца новая форма кантролю — выбарачныя праверкі суб’ектаў гаспадарання. Адбор прадпрыемстваў для праверак будзе праводзіцца з дапамогай інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай дзейнасці ў Беларусі.

Фінансаванне школ

З 1 студзеня ўсе школы пачалі атрымліваць сродкі па нарматыве з разліку на аднаго вучня. Да гэтага часу ў Беларусі дзейнічала каштарыснае фінансаванне школ. Нарматыўнае фінансаванне ўво­дзіцца для таго, каб паставіць установы адукацыі і навучэнцаў у роўныя ўмовы.

Візы і падатак на бяспеку

Паняцце візы «па пакупкі» знікне. Цяпер беларусам, каб атрымаць візу ў Польшчу, давядзецца падаваць дакументы на турыстычную візу. Пры гэтым спатрэбіцца браніраваць атэль або мець дагавор арэнды жылога памяшкання. А ў Турцыі з 1 студзеня з’явіўся падатак на бяспеку, які трэба аплаціць у аэрапорце пасля прылёту.

Падрыхтавала Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.