Сберечь жизнь и здоровье — главная задача инженера по охране труда ООО «Производственно-мебельный центр» Петра Аниськовича

Общество

Пятра Аніськовіча не заўсёды можна застаць у кабінеце, бо яго пасада абавязвае часцей бываць на рабочых месцах іншых.

Ён — інжынер па ахове працы таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вытворча-мэблевы цэнтр». Тут займаюцца выпускам дзвярэй з сасны, вольхі, дубу, ясеню, а таксама паганажных вырабаў для камплектавання дзвярных блокаў, іншых вырабаў з драўніны, у тым ліку мэблі. Пры апрацоўцы драўніна праходзіць цэлы цыкл: ад распілоўкі да тонкай аддзелкі (афарбоўкі) гатовай прадукцыі. На прадпрыемстве працуюць 170 чалавек, і Пётр Іванавіч нясе адказнасць за іх здароўе і жыццё. Сур’ёзна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, робіць усё для таго, каб небяспечныя сітуацыі на вытворчасці не ўзнікалі.

Рабочы дзень інжынера па ахове працы пачынаецца з маніторынгу ўчасткаў. А іх шэсць: сталярны (асноўная вытворчасць), падрыхтоўчы (распілоўка драўніны), аддзелачна-вытворчы (афарбоўка), рамонтна-механічны, аўтаслужба, кацельня. Апош­няя з’яўляецца сэрцам вытворчасці, бо круглы год пастаўляе цяпло для сушкі драўніны, а зімой стварае камфортныя ўмовы для работы ў цэхах. Інжынер на ўчастках бывае па некалькі разоў у дзень. Абыдзе, праверыць рабочыя месцы, пракантралюе выкананне ўсіх норм і правілаў бяспекі кожным работнікам. Калі выяўляе недапрацоўкі, тут жа ўказвае на іх ухіленне. Пагутарыць з людзьмі, выслухае прапановы. Абстаноўку трымае пад пільным кантролем. Вялікую ўвагу надае прафілактычнай рабоце. Калі гутарка не мяняе адносін чалавека да захавання правіл бяспекі, ён караецца рублём.

— Тры разы не паўтараем, — расказваў Пётр Іванавіч. — Калі работнік не падпарадкоўваецца, развітваемся з ім. Ні дырэктар, ні я, ні іншыя спецыялісты не ў стане зберагчы чужое жыццё. Кожны чалавек сам адказны за яго. Большасць выконваюць тэхніку бяспекі, разумеюць, што стан іх здароўя залежыць у першую чаргу ад іх саміх. Людзі працуюць на сучасным абсталяванні. Яно перыядычна абнаўляецца. Вось і нядаўна прадпрыемства набыло новы чатырохбаковы станок. Стараюся ўні­каць у прынцып работы, выяўляць фактары рызыкі пры яго эксплуатацыі. Увогуле, працаваць мне не складана, бо адчуваю падтрымку з боку кіраўніцтва. Дырэктар Канстанцін Пятровіч Савіцкі праяўляе пастаянны клопат пра людзей. Нашы работнікі забяспечваюцца адпаведным спецадзеннем. Жанчынам выдаюцца не халаты, а штаны і курткі — лічым, што такая форма больш бяспечная для работы. Тым, каму прыходзіцца працаваць не ў памяшканні (слесары, электрыкі, будаўнікі, аператары кацельні), выдаецца ўцепленая вопратка, абутак. Заўсёды ў наяўнасці сродкі індывідуальнай аховы (каскі, рукавіцы, рэспіратары).

Пётр Аніськовіч закончыў Петразаводскае рачное вучылішча, затым Ліепальскае марское. Пэўны час працаваў суднамеха­нікам на Рыжскай базе транспартнага флоту. А калі перабраўся ў Паставы, уладкаваўся началь­нікам кацельні на ААТ «Паставымэбля».

— Вада і пара — мая стыхія, — усміхаецца. — Кіраваў кацельнямі на «Беліце», у ЖКГ (11 гадоў), з 2007-га — у вытворча-мэблевым цэнтры. Абавязкі на кацельні сумяшчаў з абавязкамі інжынера па ахове працы. Пяць гадоў назад, калі вытворчасць расшырылася і павялічылася колькасць працуючых, гэту пасаду ўвялі ў штатны расклад.

Анна Анiшкевіч
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.