Сказочный десант благотворительной акции «Наши дети» в гостях у опекунской семьи из Новосёлок

Общество

Казка з выездам на дом

У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» 28 снежня ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра падарылі веру ў казку і дабро, ахінулі ўвагай і павесялілі дзетак, якія выхоўваюцца ў апякунскай сям’і Сяргея і Ганны Шарыпкіных з Навасёлак.

У склад казачнага дэсанта ўвайшлі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце маёр Дзмітрый Дзевятоўскі, начальнік трапасфернай радыёрэлейнай станцыі яфрэйтар Алёна Дзевятоўская, повар гаспадарчага аддзялення салдат тэрміновай службы радавы Аляксандр Адамчук. Ролю Дзеда Мароза пераканаўча выканаў начальнік комплексу сродкаў аўтаматызацыі — намеснік начальніка каманднага пункта капітан Сяргей Цеплякоў, Снягуркі — планшэтыст каманднага пункта яфрэйтар Ганна Кернер.

Сяргей Леанідавіч і Ганна Казісаўна зараз выхоўваюць траіх дзетак з адной сям’і: чатырохгадовага Дзіму, шасцігадовага Ваню, дзевяцігадовую Кацю, а разам з імі і ўласнага ўнучка Вадзіма. У навагодніх шапках і парыках дзеткі ў чаканні гасцей з інтарэсам выглядвалі ў вокны. І шчыра ўзрадаваліся іх з’яўленню. Ахвотна расказвалі галоўнаму казачнаму персанажу вершы, танцавалі, адгадвалі загадкі яго ўнучкі, а потым разам карагодзілі каля ёлкі-прыгажуні. Удосталь пазабавіўшы малых, Дзед Мароз са Снягуркай уручылі ім салодкія падарункі і цацкі: дзяўчынка атрымала прыгожага мяккага ваўка, хлопчыкі — машынкі ваеннага ўзору, а ўся сям’я — трохметровы батут. З надыходам цёплых дзянькоў яго ўстановяць на прысядзібным участку, каб дзеці маглі весяліцца і развівацца фізічна.

Бачылі б вы, колькі радасці было ў іх вачах! Па ўсім было відаць, што сюрпрыз вайскоўцаў усім прыйшоўся даспадобы.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.