Стали известны победители конкурса-смотра на лучшую иллюминацию

Важное Общество

Сяргей Чэпік уручае Падзячнае пісьмо і падарунак намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр» Ігару Бакуновічу

Адзначаны за прыгажосць

Кожны год з сярэдзіны снежня Паставы расквечваюцца тысячамі рознакаляровых агнёў падсветак, гірлянд, расцяжак, перавесаў, фігурных элементаў, якія дораць дзецям і дарослым адчуванне хуткага свята. Рыхтуюцца да Новага года не толькі гаспадары прыватных дамоў і кватэр, але і ўладальнікі магазінаў, бараў, кафэ, калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада, аздабляючы свае будынкі і прылеглую тэрыторыю навагодняй ілюмінацыяй. А для таго каб яны актыўней уключаліся ў гэты працэс, праяўлялі фантазію і творчасць, аддзелам архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама традыцыйна праводзіцца агляд-конкурс на лепшае святочнае ўпрыгажэнне. Яго вынікі аб’яўляюцца ў апошнія дні адыходзячага года.

Сёлета пераможцы вызначаліся ў пяці намінацыях. Імі сталі:

сярод прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый:

  • ААТ «Пастаўскі малочны завод» і ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр» — 1-е месца,
  • ДЛГУ «Пастаўскі лясгас» — 2-е месца,
  • ААТ «Паставымэбля» — 3-е месца;

сярод аб’ектаў сферы абслугоўвання:

  • філіял «ДЭУ-33» — 1-е месца,
  • ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» і філіял «Пастаўскае ДРБУ-132» — 2-е месца,
  • Пастаўскі раён газазабеспячэння — 3-е месца;

сярод аб’ектаў сацыяльнай сферы:

  • ДУА «СШ №4» — 1-е месца,
  • ДУА «СШ №3» — 2-е месца,
  • ДУА «БШ №5» — 3-е месца.

Усе прызёры атрымалі Па­дзячныя пісьмы старшыні райвыканкама і невялікія падарункі. Таксама спецыяльным прызам за падрыхтоўку горада да навагодніх свят адзначана УП ЖКГ. А вось сярод прыватных прадпрыемстваў, іншых арганізацый і грама­дзян прызавыя месцы не прысуджаліся. Па меркаванні членаў камісіі, яны не праявілі належнай актыўнасці ў падрыхтоўцы да Новага года. Не пастараліся як след упрыгожыць свае будынкі і некаторыя дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы, пра што было сказана на падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу.

Навагодняя ілюмінацыя бу­дзе радаваць пастаўчан і гасцей нашага горада да сярэдзіны студзеня. Таму, калі нехта яшчэ не паспеў палюбавацца ззяючымі Паставамі, у вас ёсць такая магчымасць. Абавязкова знайдзіце час прагуляцца па вячэрнім горадзе і самі ацаніце яго прыгажосць.

Алена Шапавалава
Фота аўтара



Tagged