Старший инспектор инспекции надзора и профилактики Василий Гринько — самый опытный работник Поставского РОЧС

Общество Правовое поле

Раней тушыў пажары, цяпер прафілактуе

Старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Васілій Грынько — самы вопытны на сённяшні дзень работнік Пастаўскага РАНС. Яго працоўны стаж тут налічвае чвэрць стагоддзя.

У ваенізаваную пажарную часць №37 Васілій Пятровіч уладкаваўся ў чэрвені 1994 года пасля службы ў арміі і непрацяглага перыяду работы на будоўлі. З таго часу прайшоў амаль усе пасады і званні. Спачатку быў радавым, цяпер — капітан. Службу пачынаў на пасадзе пажарнага, затым назначылі камандзірам аддзялення, пазней — старшым інструктарам-ратаўніком, хімікам-дазіметрыстам. Паралельна вучыўся завочна ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Інжынер па папярэджан­ні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый». Закончыўшы ВНУ, некаторы час працаваў інспектарам ІНіП у Міёрскім райаддзеле, паколькі ў Паставах не было вакантнай пасады. А калі яна з’явілася, вярнуўся назад. Праз два гады, у 2011-м, стаў старшым інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі.

— Атрымалася, што 15 гадоў я тушыў пажары і амаль 10 займаюся іх прафілактыкай. І магу сказаць: патушыць пажар намнога лягчэй, чым яго папярэдзіць, бо людзям часта вельмі складана растлумачыць, што можа здарыцца бяда, — гаворыць ветэран.

Разам з іншымі інспектарамі В. П. Грынько правярае суб’екты гаспадарання раёна на прадмет пажарнай бяспекі, праводзіць іх маніторынгі, выступае ў працоўных калектывах, на вясковых сходах і бацькоўскіх у школах, ладзіць лінейкі бяспекі для вучняў. За 2018 год работнікамі аддзела, надзеленымі нагляднымі правамі — а іх усяго 5, — праведзена больш за 150 маніторынгаў, 508 выступленняў у калектывах і звыш 260 — на сельскіх сходах. І такая пастаянная работа дае вынікі. Калі ў 2009 годзе на Пастаўшчыне адбылося 68 пажараў, то ў апошнія гады рэгіструецца каля 35.

Нягледзячы на тое, што праца інспектара ІНіП нялёгкая: нярэдка бывае ў выхадныя і святочныя дні, вячэрні або начны час, суправаджаецца пастаяннымі паездкамі па раёне і вялізнай колькасцю папер, сваю работу Васілій Пятровіч любіць. Кажа, цікава разбірацца, з-за чаго адбыўся пажар, знаходзіць прычынна-следчую сувязь. Акрамя таго, частыя выступленні перад рознаўзроставай аўдыторыяй развіваюць слоўнікавы запас.

У ліпені гэтага года Васілій Грынько пойдзе на заслужаны адпачынак. Але парываць сувязь з аддзелам не збіраецца.

— Адключаць мабільны тэлефон я не буду і пастараюся заўсёды знаходзіцца ў зоне доступу, — запэўнівае ён. — Калі спатрэбіцца, ахвотна дапамагу свайму пераемніку парадай, раскажу і пакажу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.