Святая крыніца ў Вярхоўі

2018-2020 год — Год малой радзімы

Фото носит иллюстративный характер (из открытых источников)

На поўдзень ад Норыцы ляжыць вёска Жданы, за якой на адлегласці з паўтара кіламетра раней быў фальварак Вярхоўе. Зараз амаль ніякіх прыкмет таго, што тут ка­лісьці сяліліся людзі і віравала жыццё, не засталося. Але мясціна вабіць да сябе падарожнікаў і пілігрымаў. Тут шчыльна перапляліся духоўныя сцежкі паганства і хрысціянства, што, урэшце, стварае прастору, насычаную энергетыкай сакральнасці, таямнічасці. Верагодна, у дахрысціянскія часы ў гэтай мясцовасці знаходзіўся культавы цэнтр тутэйшых плямёнаў. Версія грунтуецца на тым, што на невялікай плошчы тут спалучаюцца адметныя прыродныя элементы, на якіх раней узрасталі ўяўленні пра сілы зямлі, яе багоў і духаў: невялікая рэчка, узгорак, дуб, крыніца. Не ўсе яны захавалі да сённяшняга дня сведчанні пра сваю сакральнасць, толькі пра жыватворную крыніцу з пакалення ў пакаленне перадаецца паданне. У наро­дзе яе так і называюць — Святая крыніца. Галоўны выхад вады знаходзіцца пад высокай вольхай, каранёвая сістэма якой утварае натуральнае кольца дыяметрам 0,7 м і глыбінёй каля 30 см. Мясцовыя жыхары лічаць ваду святой. Каля крыніцы ўстаноўлены чатырохметровы крыж. У рэлігійныя святы там праводзяцца абрады.

У ХІХ стагоддзі ў Вярхоўі быў маёнтак Гінтаўтаў, тут стаяла і сямейная капліца. Прадстаўнікі гэтага шляхецкага роду прымалі актыўны ўдзел у паўстаннях супраць расійскай акупацыі краю, за што падпадалі пад рэпрэсіі і пераслед. Некалькі гадоў таму на месцы былой капліцы ўсталявалі высокі драўляны крыж з памятнай дошкай, на якой па-польску і па-беларуску выбіты наступны тэкст: “Гэты крыж устаноўлены на месцы знахо­джання каталіцкай капліцы роду Гінтаўтаў — уладальнікаў маёнтка ў Вярхоўі, забранай пасля паўстання 1863 г., разбуранай у 1965 г. Сенатар Польскай Рэспублікі Дарыюш Гурэцкі, сын Ванды Гінтаўт”.

Штогод улетку на месцы былой капліцы збіраюцца вернікі, каб памаліцца разам і набраць з сабой святой вады з крыніцы.

Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.