«Теперь только жить да радоваться». История Ксении Филипповны Вшивковой

Общество

Уразіў вось гэты фотаздымак, які ўбачыла на старонцы сябра газеты, талена­вітага фатографа Сяргея Вшыўкава ў «Аднакласніках». Цікаўлюся ў аўтара, хто на ім. «Мая мама, — адказвае Сяргей Барысавіч. — У руках яна трымае сямейную фатаграфію, на якой бацькі, брат і сястра, а сама яшчэ ў маціным улонні».

І вось я ў кватэры пастаўчанкі Ксеніі Філіпаўны Вшыўкавай. На сцяне ў рамцы такі ж самы, толькі павялічаны фотаздымак. З яго і пачынаем размову з гаспадыняй.

— Сярожа мінулым летам, у дзень майго 80-годдзя, сфатаграфаваў, — расказвае. — Мой тата ў Вялікую Айчынную змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе. Яго імя занесена ў кнігу «Людзі Нарачанскага краю». На жаль, памёр зусім маладым — у 1948-м. А яшчэ раней, калі мне споўнілася ўсяго тры гады, не стала мамы. Дзяцінства было гаротнае.

У 17 гадоў Ксенія ўладкавалася на Пастаўскі льнозавод сартыроўшчыцай на сыравінным двары. А праз пэўны час ёй даверылі вельмі адказны ўчастак — прымала і ўзважвала транспарт з трастой, афармляла дакументы. «Выхаднымі днямі мае равеснікі хадзілі на танцы, адпачывалі ў кампаніях, а я працавала, каб больш зарабіць, бо жыла са сваёй капейкі, — успамінае. — Перабралася з Мя­дзельшчыны ў Паставы і старэйшая сястра Фаіна, якая вельмі падтрымлівала мяне».

З ільнозавода Ксенія перайшла на працу ў раённае аб’яднанне грамадскага харчавання. 25 гадоў загадвала складам, потым была буфетчыцай, і вось ўжо 25 гадоў, як на пенсіі.

 — Цяпер толькі жыць ды радавацца, — гаворыць ветэран працы. — Пенсія добрая, кватэра падключана да цэнтральнага ацяплення, здароўе трымаецца. За 10 апошніх гадоў толькі аднойчы выклікала хуткую дапамогу. Урачам не дакучаю і жартую, што бальніца за гэта павінна мне прэмію даць.

Дзевяць гадоў таму Ксенія Філіпаўна аўдавела. Муж быў родам з Архангельшчыны. У Паставах праходзіў тэрміновую службу і тут закахаўся ў яе. Таму і застаўся на звыштэрміновую і да выхаду на пенсію працаваў у воінскай часці. Зараз найвялікшая радасць жанчыны — яе дзеці і ўнукі. Сыны Ігар і Сяргей закончылі ваенныя вучылішчы і сталі афіцэрамі. Служылі ў розных кропках былога СССР. З 1997 па 2008 год Сяргей з’яўляўся камандзірам воінскай часці, што дыслацыравалася ў Паставах. Для маці гэта такі гонар! Зараз абодва сыны ўжо ў запасе, але без справы не застаюцца. Ігар з сям’ёй жыве на Урале, за 50 кіламетраў ад Ніжняга Тагіла. Адзін яго сын служыць у міліцыі, другі — пракурор. Дачка Сяргея — дзіцячы ўрач-анколаг у Мінску. Яна не толькі ратуе дзетак ад страшнай хваробы, але і займаецца навуковымі распрацоўкамі, выязджае за мяжу на навуковыя канферэнцыі. Валодае англійскай мовай. Вось такі годны працяг сямейнага дрэва жыцця Вшыўкавых.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.